Другая сустрэча з дыскусійнага праекту “Жаночы досвед у грамадcтве і літаратуры” пройдзе 19 мая 2010 года ў галерэі “Ў” (г. Мінск, пр. Незалежнасці, 37А). Дыскусія пачнецца ў 19.00.
Дзяліць літаратуру на мужчынскую і жаночую, а не на добрую і благую, смешна. І зусім не смешна, што дасюль знаходзіцца шмат ахвотнікаў гэта рабіць.
Хто гэта піша і хто гэта чытае? ці ёсць нешта адметнае у жаночым спосабе пісьма і бачання свету? Чаму можа навучыць сваіх і чужых дзяцей жанчына, якая стварае літаратуру?
Тры сустрэчы дыскусійнага праекта “Жаночы досвед у грамадстве і літаратуры” будуюцца вакол зборнікаў жаночай прозы «Жанчыны выходзяць з-пад кантролю» (Кнігарня Наша ніва, 2007) і «Пакахай мяне, калі ласка» (Кнігарня пісьменніка, 2009).
У час гэтых сустрэч аўтаркі зборнікаў, чытачы і запрошаныя эксперты высвятляюць, ці ёсць нешта адметнае ў жаночым спосабе пісьма і бачанні свету.
Размаўляем пра тое, чым ёсць сучасная беларуская жаночая проза – далучыцца можа кожны.
Джоан Роўлінг багацее, а мы бульбу лупім!
Аўтаркі зборнікаў жаночай прозы «Жанчыны выходзяць з‑пад кантролю» (Кнігарня Наша ніва, 2007) і «Пакахай мяне, калі ласка» (Кнігарня пісьменніка, 2009) і далёкія ад літаратуры людзі нарэшце застануцца сам-насам ва ўтульных сценах галерэі “Ў”. Інтыму будуць перыядычна замінаць цвярозыя эксперты. Сачыць за тым, каб віраванне жарсцяў не выплеснулася з рондалю ўзаемапавагі, а каша чытацкай цікаўнасці не падгарэла, будуць мадэратары.
Арганізатарамі праекту выступаюць : Творчая прастора BYBOOKS; МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына»; ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў»; Выдавецкая серыя «Кнігарня «Наша Ніва».
Мадэратары:
Анатоль Івашчанка – аўтар кнігі паэзіі “Вершniсk”, літаратуразнаўчай манаграфіі “Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй”;
Маргарыта Аляшкевіч – журналіст, літаратар, літаратурны крытык.