Пад знакам Агню і апякунствам Юпітэра нарадзіўся 118 гадоў таму Максім Багдановіч. Сёлетнімі падарункамі класіку беларускай паэзіі сталі кветкі і прамовы, вершы і шчырыя словы на вечарыне “Згукі бацькаўшчыны”, што ладзілася ў мінскім музеі паэта 9 снежня.
Угодкі дня народзінаў класіка беларускай паэзіі пачыналіся з пухнатага снегу і кветак, а скончыліся выступамі і вершамі ў сімвалічным доме паэта – музеі Максіма Багдановіча.
Пісьменнік Анатоль Бутэвіч:
– Сённяшні дзень праходзіць у нашай краіне пад знакам Максіма Багдановіча. І пачаўся ён, нягледзячы на снег, з прыходу да помніка Багдановічу і ўскладання кветак. І гэтым разам, насуперак усім катаклізмам надвор’я, прыйшло шмат людзей і з сувораўскай вучэльні, і з мінскіх школаў.
У пачатку вечарыны ў музеі цяжка было прасоўвацца праз людзей, якія прыйшлі ўшанаваць славутага паэта. Усіх ахвотных супрацоўнікі музея частавалі печывам ды віном.
Паэтка Аксана Спрынчан:
– Я пачула такое меркаванне, што вельмі мала людзей прыйшло сюды ад душы. Многія прыйшлі таму, што іх запрасілі, многія таму, што праца абавязвае. Але не ўсе тыя, хто верыць, ходзяць у царкву альбо касцёл. Мне падаецца, што Максім Багдановіч – гэта вера, а не касцёл ці царква.
Вечарына крочыла па лёсе паэта праз паэзію і песні, праз аповеды пра лёс Максіма Багдановіча, праз яго апантаную родным творчасць і шматлікія цяжкасці жыцця.
Пісьменніца, крытык Людміла Рублеўская:
– Максім Багдановіч заўсёды будзе збіраць вакол сябе людзей. Усе хочуць мець такую ж славу, як у Багдановіча, але ніхто не хоча мець такі лёс.
У сваёй творчасці Багдановіч змагаўся за мову і беларускую паэзію, а ў жыцці супрацьстаяў цяжкаму захворванню на сухоты. За сваё кароткае жыццё Максім Багдановіч узняў беларускую паэзію на новы ўзровень.
Паэтка Юлія Новік:
– Менавіта Багдановіч даказаў, што беларуская мова можа перадаць тонкія пачуцці, і менавіта дзякуючы яму французскія вершы загучалі па-беларуску.
Паэзія Максіма Багдановіча перакладзеная на многія мовы свету, пераклады яго твораў занялі паліцы ў бібліятэках і архівах Канады і Латвіі, Аўстрыі і Украіны. Яго творчасць прасякнутая любоўю, а яго радкамі прызнаюцца ў каханні і да сёння.
Паэт Віктар Шніп:
– Яго творы нас натхняюць, шмат у кожнага ў жыцці звязана з каханнем, а асабліва ў Максіма Багдановіча. З яго паэзіяй мы заўжды будзем маладымі душой сэрцам.
Постаць Максіма Багдановіча цягам імпрэзы ўзгадалі ў вершах і прамовах Віка Трэнас і Людміла Хейдарава, Ганна Чумакова і Сяргей Панізнік, Валерыя Кустава і Віктар Шніп, Юлія Новік і Людміла Рублеўская, паэтычны тэатр “Жывое слова” ды інш.
Музыка Ганна Чумакова:
– Паэзія Багдановіча – гэта вяртанне да міфалогіі, гісторыі і культуры. У яго вершах шмат вобразаў вяртання.
Максім Багдановіч большую частку жыцця пражыў далёка ад радзімы. Ніжні Ноўгарад, Яраслаўль, Крым сталі часовым прытулкам для паэта, яго Беларусь жыла з ім у вершах, а душа – далёка ў зорах.
“Хто мы такія?
Толькі падарожныя, – папутнікі сярод нябёс.
Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
Да зор?”
М. Багдановіч
Вечарына ладзілася пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!”