Кнігі ў малюнках і нататніках, у эскізах творчага пошуку і арт-аб’ектах сучаснага мастацтва, кніжная справа ад класікі да відэа-арта, ад перфомансаў да інсталяцыі прэзентуецца на выставе “SketchBook”, якая стартавала ў галерэі “Ў” 23 лістапада.
“SketchBook” – мастацкі праект, які прысвечаны кнізе ва ўсіх яе праявах. Ад мастацкага вобразу да прыгожай вокладкі, ад жыццёвага дзённіка да стылізаванага нататніка, бо сучасны мастак звяртаецца да вобразу кнігі ў розных аспектах творчасці.
Куратар праекту, мастацтвазнаўца Хрысціна Сташкевіч:
– Гэты праект прысвечаны кнігам. Кнігам у класічным разуменні і кнігам, якія намаляваны мастакамі,самастойным арт-аб’ектам, а таксама запісным кніжкам, якія звычайна ляжаць у стале, а цяпер прадстаўленыя ў мастацкай галерэі. Такім чынам мы хацелі задацца пытаннем: могуць гэтыя эскізы стацца самастойнымі мастацкімі творамі ці іх месца ў сакральным свеце мастака?
Кожны мастак спрабуе пераўтварыць свой нататнік у мастацкі твор, кнігу, на якой адбіваюцца творчыя пошукі, перажыванні і жыццё аўтара.
Скечбук – гэта складанка эскізаў, арыгіналы твораў мастака ў іх першапачатковым выглядзе. Асобную экспазіцыю выставы ўтварае прэзентацыя скечбукаў з розных краінаў свету.
Хрысціна Сташкевіч:
– Такія праекты шырока распаўсюджаныя ў свеце, таму ідэя стварэння гэтай выставы з’явілася досыць даўно. Раней у Беларусі праходзілі выставы больш шырокага плану, але сумяшчэння разам і арт-аб’ектаў, і скечбукаў дагэтуль не было. У выставе ўдзельнічае шэраг маладых мастакоў, працы якіх раней не выстаўляліся.
Кнігі ў запалкавых скрынях і зацэментаванае дзяцінства ў кнізе на зялёным газоне, ліст з мінулага ў будучыню, які хавае чорная скрыня часу для нашчадкаў, – паўнавартасныя арт-аб’екты, бачанне кнігі вачыма мастака. Падарожжы па старонках жыцця ў трэвэлбуках і нататніках, кавалкі ілюстраваных гісторыяў грамадства і нават самаробны плэйбой стварылі антураж экспазіцыі.
Удзельнік выставы мастак Міця Післяк:
– Для мяне гэтая выстава – магчымасць адкрыцця ўнутранага свету кожнага з мастакоў. Заўжды цікава глядзець нататкі мастакоў, дзе ёсць аповеды пра іх жыццё. Цяпер я гартаю нататнік майго сябра і ўзгадваю, як мы разам прыдумлялі нейкія канцэпцыі, гэта цікавыя моманты з жыцця чалавека.
Удзел у выставе бралі і мастацкі вобраз кнігі ў сваіх працах стваралі, сярод іншых, Юра Шуст і Ілля Доўнар, Зоя Луцэвіч і Юрась Барысевіч, Вольга Сазыкіна і Сяргей Бабарэка ды інш.
Выстава працягнецца да 29 лістапада і будзе поўніцца музычнымі выступамі і лекцыямі, семінарамі аб самвыдаце і паліграфіі, а кожны вечар будуць ладзіцца экскурсіі.