Ці стварылі беларускія пісьменнікі раман, які б прэтэндаваў на тую ролю ў нацыянальнай літаратуры, які адыгрывае “Вайна і мір” Льва Талстога ў гісторыі расійскага прыгожага пісьменства? Гэтае пытанне не так даўно задаў сваім падначаленым пісьменнікам Прэзідэнт краіны. Але адказ на яго павіс у паветры…
Затое незалежная літаратурная супольнасць з захапленнем прыняла грандыёзную паводле ахопу падзей і глабальную паводле ўзнятых маральна-этычных праблемаў існавання беларускага народа трылогію “Пакутны век” вядомага беларускага пісьменніка і публіцыста Васіля Якавенкі. Прэзентацыя гэтага твора сёлета адбывалася ў многіх беларускіх гарадах і мястэчках дзякуючы арганізацыйнай дапамозе кампаніі “Будзьма беларусамі!” І вось чаканая сустрэча з аўтарам “Пакутнага веку” адбылася ў рамках прэзентацыі трылогіі, якая прайшла ў актавай залі сталічнага Палаца мастацтваў.
Вядучы імпрэзы кандыдат філалагічных навук Анатоль Верабей адзначыў, што выхад трылогіі В. Якавенкі з’яўляецца значнай падзеяй у нацыянальнай культуры і што цяпер прэзентуецца яго пашыраны і дапрацаваны варыянт. Трылогія “Пакутны век”, якая складаецца з раманаў “Кабала”, “Надлом” і “Гульня на згубу”, уяўляе сабой арыгінальны для айчыннай літаратуры сінтэз сацыяльна-псіхалагічнага рамана з элементамі публіцыстыкі, гістарычнага, дакументальнага і эпісталярнага жанраў. Галоўнае, што ў творы робіцца спроба пераасэнсавання лёсу беларускага народа за апошняе стагоддзе ў кантэксе сусветных падзей.
Васіль Якавенка і Анатоль Верабей
Кандыдат філалагічных навук, прафесар Аляксей Рагуля як прафесіянал і літаратурны аналітык высока ацаніў трылогію “Пакутны век”, адзначыўшы, што ў ёй аўтар, узброены ўласным, нябачным для іншых светласкопам, паказаў маштабную панараму гістарычнага быцця мястэчка Моталь і прылеглых да яго ваколіц пачынаючы з ХVI стагоддзя. Трылогію, аднак, нельга трактаваць як хроніку: логіка яе структуры вызначаная задачай мабілізацыі духоўных рэсурсаў беларускай нацыі, яе самасцверджання ў чалавечым свеце сёння. Не зважаючы на модныя патрабаванні дэканструкцыі і разбурэння логацэнтрызму, аўтар выразна акрэсліў арганізавальны матыў трылогіі. Яго можна ахарактарызаваць словамі заснавальніка беларускай філасофскай прозы Кузьмы Чорнага, які таксама ставіў перад сабой задачу стварыць панарамную карціну гістарычнага быцця нацыі: пошукі будучыні.
Свой погляд на твор, на бачанне будучыні нашага народа В. Якавенкам выказалі многія іншыя беларускія аўтары і крытыкі, сярод якіх былі літаратуразнаўца і перакладчык М. Кенька, паэт Я. Гучок, музычны крытык В. Мартыненка. Музычную частку імпрэзы, як заўсёды, аздабляў сваімі песнямі на вершы беларускіх паэтаў рок-бард Андрэй Плясанаў. Да таго ж, Андрэй таксама прымаў віншаванні і добрыя словы ў свой адрас: дзень прэзентацыі кнігі “Пакутны век” супаў з яго днём народзінаў.