Гэтай восенню дзякуючы «пэўным звесткам з пэўных крыніц» мне стала вядома, што напрыканцы 2009-га — у пачатку 2010 года адначасова пабачаць свет дзве публікацыі, якія без перабольшання можна назваць канкурэнтнымі.
Гаворка пра беларускія пераклады другой часткі сусветна вядомай «Алісіяны» — аповесці Льюіса Кэрала «Through the Looking-Glass, and What Alice Found There», напісанай у 1871 годзе. Лішне казаць, на колькі моваў свету і па колькі разоў гэты твор, поруч са знакамітай першай часткай, перакладаўся, колькі ілюстрацый было намалявана, колькі пастаўлена п’есаў, знята фільмаў і мультфільмаў.
І вось — беспрэцэдэнтная хваля абеларушчвання! У часопісе «ARCHE» мае выйсці аповесць «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса» ў перакладзе Веры Бурлак. У той жа час выдавецтва «Логвінаў» рыхтуе да друку дзіцячае выданне Льюіса Кэрала, дзе да перакладу Макса Шчура першай кнігі «Алесіны прыгоды ў Дзівоснай краіне» далучыцца ягоны ж пераклад другой кнігі — «На тым баку люстэрка, і што там напаткала Алесю». Тэкст цалкам.