Стогадовы юбілей – дата, да якой дажыве не кожнае імя. У тым ліку не кожнага пісьменніка. Вечарына пад назовам “Моваю сэрца” з нагоды стогадовага юбілею Максіма Лужаніна адбылася ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры 12 лістапада. У пачатку лістапада ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук і ў Літаратурным музеі імя Якуба Коласа адкрыліся выставы, якія таксама прымеркаваныя да стагоддзя пісьменніка.
Максім Лужанін – перакладчык, публіцыст, паэт і празаік, былы сакратар Якуба Коласа і аўтар кнігі “Колас расказвае пра сябе”, якую на вечарыне назвалі адной з найлепшых, прысвечаных Коласу. За яе ж Лужанін атрымаў Літаратурную прэмію БССР імя Якуба Коласа. Ён з’яўляецца аўтарам шэрагу зборнікаў паэзіі, прозы і публіцыстыкі. Памёр у кастрычніку 2001 году. Сапраўднае імя – Аляксандр Амвросевіч Каратай.
У самым пачатку вечарыны была паказаная прэзентацыя з рознымі здымкамі М. Лужаніна: літаратурнае аб’яднанне “Узвышша”, Лужанін з сябрамі, таварышамі, малады і сталы. На вечарыну апроч гледачоў прыйшлі госці, якія калісьці мелі асабістыя стасункі з юбілярам: Анатоль Вярцінскі, Міхась Скобла, Анатоль Бутэвіч, Анатоль Сідарэвіч, Віктар Шніп, Валерый Стралко і Мая Кляшторная. Яны апавядалі пра выпадкі ў сваім жыцці, звязаныя з паэтам, пра тое, якім ён быў.
Мая Кляшторная
“Усе са мной раней размаўлялі на рускай. Бо беларускае мовы я не ведала. Аднойчы я спытала ў Лужаніна: “Чаму?” Ён адказаў: “Гэта знак павагі да вас”. Ён пачаў размаўляць са мной на беларускай толькі калі мова з’явілася ў маім сэрцы,” – Мая Кляшторная, навуковы кіраўнік мемарыяльнай зоны “Курапаты”.
Анатоль Вярцінскі
“Адметнасць паэзіі Лужаніна ў тым, што гэта сплаў думкі і душы. Сімвалічна тое, што настаўнікам Максіма Лужаніна быў Юрка Лістапад, тое, што сам Лужанін жыў, калі жылі Якуб Колас і Язэп Лёсік”, – Анатоль Вярцінскі, пісьменнік.
Анатоль Бутэвіч
“Ён адчуваў наперад. У сваёй творчасці ён прадбачыў тое, што павінна было адбыцца з краінай, з людзьмі, тыя зрухі, якія будуць спрыяць чалавеку станавіцца чалавекам”, – Анатоль Бутэвіч, пісьменнік.
Міхась Скобла
“Усіх, хто сёння піша пра Максіма Лужаніна, трэба прыводзіць да прысягі”, – Міхась Скобла, пісьменнік.
Апошняя фраза выбіваецца з агульнага шэрагу. Прычынай яе ўзнікнення стаў матэрыял у “Нашай Ніве”, надрукаваны напярэдадні. У ім Лужаніна назвалі адным з самых знакамітых савецкіх агентаў, прыстаўленых да беларускай інтэлігенцыі (матэрыял “Прыстаўлены да Коласа” Сяргея Мікулевіча). Падчас вечарыны гэты матэрыял бурна абмяркоўвалі, а даследчык Анатоль Сідарэвіч вялікую частку свайго выступу прысвяціў абвяржэнню напісанага там.
Калі паглядзець на гісторыю, то складаецца ўражанне, што для таго каб чалавека лічылі талентам і ведалі пра яго, яго маральнасць не ёсць абавязковай умовай. Можа быць, урэшце апынецца, што Лужанін быў савецкім шпіёнам і ледзьве не тэрарыстам. Але вершы яго не зменяцца. І ў дадатак, каб давесці, што Максім Лужанін сапраўды “прыстаўлены” і што ад гэтага зніжаецца вартасць яго вершаў, патрэбныя час і аргументы больш як аднаго чалавека.