Інтэрв’ю публіцыста і перакладчыка Ігара Жалткова, кіраўніка аб’яднання “Вобла” пры выдавецтве “Галіяфы” журналісту Францу Чарнышэвічу.
Франц Чэрнушэвіч: Якія ў цябе ўражанні ад кіравання літаратурным аб’яднаннем?
Ігар Жалткоў: Ведаеш, калісьці ў адным артыкуле я параўнаў літаратурныя варштаты з клубам ананімных алкаголікаў. З часам пераканаўся: хаця параўнанне не да канца дакладнае, аднак усё-ткі трапнае, прынамсі, фармальна. Вядзецца тут зусім не пра залежнасць ад алкаголю. Калі наведваеш літаратурныя сустрэчы, паседжанні новаствораных, але амбітных літаб’яднанняў, паэтычныя фестывалі і слэмы, усведамляеш: літаратар- гэта хвароба. Нават звонку выглядае як сходы клюбу ананімных алкаголікаў, якіх любяць паказваць у галівудскіх фільмах. Памятаеш, у напаўпустой залі на модных крэсліцах з IKEA, пад надпісам “ААА” сядзяць барадатыя дзядзькі ў клятчастых кашулях і маладзіцы з блукаючым позіркам, якія ўстаюць па чарзе і прамаўляюць як на споведзі: я, той і той, алкаголік, стаж – дзесяць гадоу, першы раз я напіўся…бла-бла-бла і г.д. Пачынаецца аповед пра гісторыю хваробы. Усе астатнія павінны праслухаць успаміны пра першы кілішак, пра зруйнаванае сямейнае шчасце і пра шчаслівую цвярозую будучыню.
Ф.Ч.: А пра што кажуць літаратары? Пра “творчыя ломкі”?
І.Ж.: Амаль трапіў. Партос казаў: “Я дзяруся, таму што дзяруся”, а літаратары пішуць, таму што пішуць, бо як не напішуць, сапраўды, могуць пачацца ломкі як у таго алкаголіка. Вось таму яны ставаюць перад публікай і кажуць “Так, я паэт, я хварэю на слова, вобраз і рыфму, у маёй крыві падвышаны ўзровень паэтычнага рэчыва”. Схема літаратурных “тусовак” такая самая як для АА – аповед пра першыя вершаваня радкі, пра сімптомы літаратурнай хваробы, эманацыя паэтычных ферамонаў у паветра з надзеяй выклікаць рэакцыю ў атачэнні і, такім чынам, даведацца пра сваю літаратурную будучыню
Ф.Ч.: Ці сапраўды творцы замнога п’юць?Увогуле, ці п’янства стымулюе творчасць?
І.Ж.: П’юць, але ж не болей за звычайных рабацяг з якога МТЗ ці ЖЭСу, гэтых людзей са сталёвай воляй і такой самай сталёвай пячонкай. На шчасце – ня ведаю, праўда на чыё – большасць нават не спрабуе пісаць у нецвярозым стане, а нават калі напіша, то потым некалькі разоў перарабляе. То бок зносіць пакуты творчасці свядома і на цвярозую галаву, а значыць у стане адэкватна ацаніць сваю працу. Гэта добры спосаб каб не скаціцца да графаманства. Мае паралелі з ААА, канешне, умоуныя, бо маем фармальнае падабенства, але розныя сутнасці. Клубы ствараюцца для рэабілітацыі алкаголікаў, іх вяртання да супольнасці актыўных чальцоу грамадства: цвярозых, працавітых і богабаязных. Літаратурныя сустрэчы і фестывалі толькі ўзмацняюць і паглыбляюць хваробу стварэння літаратурных тэкстаў і адначасова дапамаюць аддзяліць сапраўдных хворых ад уяўных, то бок, сапраўднага творцу ад графамана. Тыя, хто ўвайшоу ў браму і не трапіў да чысцяца не маюць адваротнага шляху. Натуральны адбор.
Ф.Ч.: А я думаў выбірае чытач, калі купляе кніжку.Так бы мовіць, галасуе гаманцом…
І.Ж.: Кніжку, перад усім, трэба выдаць, да таго ж ведаць каго выдаваць. Літаратура спее ў грамадскіх нэтрах часцяком незаўважна ані для публікі ані для выдаўца. Сотні маладых аўтараў патаемна і нясмела, амаль з ліхтарыкам пад коудрай, ствараюць тэксты, спадзяючыся калі-небудзь адкрыцца шырокай публічнасці, а многія нават пішуць без усялякай надзеі на публікацыю, пішуць толькі таму, што нічога для сябе не знаходзяць у друкаваных і шанаваных чытачамі тэкстах сваіх сучаснікаў. Як быць? Аўтарам трэба знайсці свайго чытача, выдаўцам і чытачам – аўтара. Дзе ж гэта зрабіць, як не падчас вось такіх літаратурных акцый, на якіх стае зразумела што патрабуе чытач і што ў стане яму запрапанаваць аўтар?
Таму літаратурныя суполкі і фестывалі сучаснай паэзіі – як сеткі, якія расстаўляюць выдаўцы каб завабіць туды таленавітых стваральнікаў тэкстаў. Выдаўцам трэба выдаваць кнігі, але перад гэтым трэба зрабіць персаніфікаваны выбар па выніках сваеасаблівага “кастынгу”, таму яны расстаўляюць нераты і распачынаюць сезон палявання на літаратурных рыбін. Гэтак, напрыклад, узнікла “Вобла” – літаратурнае аб’яднанне маладых аўтараў пры выдавецтве “Галіяфы”. Не першае і не апошняе – пасля нядаўняга “Даху-9” цалкам верагодна з’яўленне яшчэ некалькіх. Калі ёсць, што сказаць, знойдзецца месца і час на гэта, а таксама і той, хто пачуе цябе. Галоўнае, як казаў Лаа Дзы – не перашкаджаць.
Ф.Ч.: Ці мае тая маладая літаратура шанец з улікам тых невялікіх накладаў і абмежаванага кола чытачоў?
І.Ж.: Мае будучыню, бо існуе ў нашай прасторы і беларускім часе. У беларускай мове ёсць два словы – “будучыня” і “прышласць”. Будучыня выцякае наўпрост з нас, яна персаніфікаваная – “буду”, да таго ж залежыць ад нашых учынкаў тут і зараз – “чын”. Я не надта люблю гэтае слова, бо памылкі, якія ты робіш сёння таксама вызначаюць тваю будучыню. Ад іх не пазбавіцца. Прышласць пазбаўлена гэтага дэтэрмінізму, то бок, тыя самыя памылкі могуць нічога не значыць для цябе праз пэўны час. Літаратура мае будучыню, і яна мабыць не самая лепшая, аднак прышласць заўсёды дае надзею. Гэта можа гучыць банальна, усе, здаецца, пра гэта ведаюць, аднак не зашкодзіць паўтарыць, бо часам мы забываемся на банальныя рэчы.
Ф.Ч.: Чаму так песімістычна пра будучыню?
І.Ж.: Бо час такі. Цягам апошніх гадоу стала ясна, што пакаленне “бэбі-буму” саспела і фізічна і духоўна, а таму шукае сваіх аўтараў і чытачоу. Яму абрыдлі постсавецкія лахманы, яно хоча ствараць сваю новую літаратурную прастору. Гэтыя людзі нарадзіліся ў адным грамадстве, спазнавалі свет у другім, а пачалі актыўнае дарослае жыццё ў трэццім, яны валодаюць унікальным досведам, сучаснымі ведамі і маюць у дупе каўтуны з васількамі. Не таму, што яны не патрыёты і не любяць сваю культуру і мову, не шануюць каштоўнасці нацыі. Проста яны ужо ёсць нацыя, а нацыю не трэба пераконваць у тым, што яна вартая сябе, як гэта гэта рабілі нашыя продкі з дапамогаю ўсё тых жа “цвяткоу радзімых васілька”. Чытаць і пісаць па-беларуску – для тых, хто гэтак робіць – гэта не грамадзянскі подзвіг а натуральны спосаб існавання. Таму цалкам слушна піша Марыйка Мартысевіч, што “у сакавіку 2006 года на прыступках ДК Прафсаюзаў прылюдна канала літаратура 1990-х і спакваля кшталтавалася літаратура 2000-х”. Тая новая літаратура зараз знаходзіца ў пошуках пэўных арыентыраў, хаця б новых ўзораў для пераймання, стылістыкі. Таму і памылак будзе шмат, і будучыня будзе няпростая. А вось прышласць можа ўсё выправіць да лепшага.
Ф.Ч.: Ты ўзгадаў пра мову. Будучыня таксама залежыць ад мовы?
І.Ж.: У Беларусі ад таго на якой мове пішаша залежыць амаль усё. Хочаш пісаць па-расейску – пішы, другая дзяржўная ўсё-ткі. Аднак шмат з тых, хто прыходзіць да нас на “Воблу”, нават калі пачыналі пісаць расейскай з цягам часу пераходзілі на беларускую. Хаця, вядома, у жыцці паслугуюцца пераважана”велікім і могучім”. Тут вядзецца хутчэй не пра моду альбо не пра сацыяльную адказнасць альбо контркультурны аспэкт. Я думаю, што сітуацыя крыху падобная на тую, якая калісці склалася ў расейскай літаратуры на пачатку 19 стагоддзя, калі большасць расейскіх літаратараў актыўна карысталася ў жыцці французскай. Пра гэта пішуць ва ўсіх крытыках і манаграфіях. Расейскую засвойвалі праз бабуляў, няняў, “чэлядзь”, спевы сялянак на прыступках радавых фальваркаў. Калі б яны зараз адпавядалі на пытанні пра мову, якую засвоілі з дзяцінства, адказ быў бы відавочны – французская. Аднак тэксты яны складалі расейскай, ды яшчэ якой! Тое самае з нашымі. Я цалкам падзяляю думку Адама Глобуса, што беларуская мова гэта мова якой” беларус гаворыць з Богам”. Дадам – не толькі з Ім, але і з тым, што Гасподзь стварыў. Гаворым беларускай, калі хочам распавесці пра чорных бесаў, якія корпаюцца і гадзяць унутры альбо пра анёлаў, якія пояць цябе як котку з рук, пра надыходзячую смерць маці альбо пра тое, што ты застаўся жывым ды шмат пра што яшчэ. Беларуская мова для беларуса гэта мова сакральнага, расейская – мова цела каб задаволіць яго патрэбы. Так сталася.
Ф.Ч.: Аднак ці не азначае, што творы па-беларуску будуць зразумелыя толькі у межах Беларусі ?
І.Ж.: Межы існавалі і будуць існаваць заўжды. Гэта вынікае з нашай людзкай натуры. Я тут вось падумаў пра тое, што магчыма пафарбаваныя слупы на дзяржаўнай мяжы адлітыя з маленькіх слупкоў, якія ўсталёўваюць людзі, калі хочуць абазначыць сваю прыватную прастору. Чалавеку гэта неабходна – дбаць пра стваю прастору, свой мікракосм, бо інакш ён будзе пазбаўлены магчымасці самаразвіцця, не зможа засяродзіцца на сабе каб жыць далей і будаваць адносіны з такімі самымі “абмежаванымі”. Якая-ніякая рэкрэацыя мае быць. Межы знаходзяцца ўнутры нас, толькі потым яны ўвасабляюцца ў працяжнікі і кропачкі на мапах. Тут галоўнае не засяроджвацца на абароне свайго Вестэрплатэ, але арганізаваць добрую працу пунктаў пераходу граніцы для астатніх. Мова тут не перашкодзіць, толькі ўпарадкуе рух.
Ф.Ч.: Толькі беларуская упарадкуе? А як быць з расейскамоўнымі аўтарамі?
І.Ж.: Я перакананы, што расейскамоўныя творы нашых землякоў адначасова належаць і не належаць да расейскай літаратуры. Вунь Міцкевіч пісаў па-польску і ён польскі паэт, хаця прызнаваўся ў любві да беларускай зямлі, да Літвы, нашае “праматкі. Ён быў свой і не свой: з аднаго боку польская мова стварала адзіны культурны код для ўсіх жыхароў Рэчы Паспалітай, з другога боку яго творы поўніліся іншымі канатацыямі, адрозных ад уласна польскіх, такая сабе urocza kresowość. І тыя, хто піша расейскай у Беларусі далучаныя да расейскага літаратурнага дыскурсу праз моўны код. Аднак тутака і крыецца д’ябал. Расейская літаратура самадастаковая, яна часткова належыць да еўрапейскага культурнага поля, яна мае шчыльна кантактаваць з іншымі літаратурамі калі ёй цікава, а можа і не кантактаваць, маўляў, і без вас пражыву. І пражыве, бо нясе ў сабе адначасова месіянскі дух і прагу прыходу месіі – рысы ўласцівыя расейскаму менталітэту, калі верыць Бердзяеву. Яна – літаратура імперскай велічы і мае такую самую імперскую прыгажосць.
Беларуская літаратура існавала дый дагэтуль існуе ў межах сярэднееўрапейскай культуры, культуры невялікіх ўсходнееўрапейскіх нацыяў. Мы не імкнемся змяніць свет, бо не можам. Мы проста імкнемся выжыць у ім і застацца сабою. А расейская традыцыя – змяняць свет праз змены ў сябе, хіба што Чэхаў з Даўлатавым выразна вылучаліся на гэтым фоне. Таму калі нават пішаш па-расейску ты ўсё роўна чужы для расейскага чытача альбо правінцыял, бо не можаш пераймаць традыцыі. У Міцкевіча з польскай літаратурай такой праблемы не было. А расейскамоўныя грамадзяне Беларусі ў такой сітуацыі вымушаны падпарадкоўвацца правілам, ўсталяваным ў расейскай літаратуры, то бок, тваё меркаванне з кім і як кантактаваць будзе праігнаравана. Беларуская мова дазваляе ўсяго гэтага пазбегнуць і стаць свабодным. Гэта важна, асабліва для “маладога растушчага арганізму”
Ф.Ч.: Ну і трохі пафасу на развітанне. У якасці эпілогу, так бы мовіць.
І.Ж.: Таксама не нашая традыцыя, але паспрабую. Я ўпэўнены, што жывое цеплае як кроў, нефарматнае і непакорлівае мастацкае слова пульсуе ў венах новага пакалення і шукае выйсця. Гэта добрая порцыя кіслароду, які так неабходны беларускай літаратуры на пачатку XXI стагоддзя. Таму і паўстаюць новыя варштаты і суполкі, ладзяцца літаратурныя фестывалі, колькасць якіх імкліва павялічваецца цягам апошніх гадоу. Літаратурныя прэзентацыі і чытанні з удзелам маладых аўтараў сталі часткай вялікіхі амбітных мастацкіх праектаў. Гэта ўсё маркеры літаратурнага працэсу, чым больш іх становіцца, тым больш інтэнсіўна працякае той працэс. Трэба толькі быць пільным і не прагледзець нараджэнне новай хвалі.