Паэты з Польшы, Літвы, Украіны і Беларусі сабраліся разам, каб адрадзіць прасторы Вялікага Княства Літоўскага ў творчасці ды аднавіць магутны вобраз дзяржавы ў вершах, на міжнародным фестывалі “Вялікае княства паэзіі”, які ладзіўся ў мінскай Акадэміі мастацтваў 23 кастрычніка.
На фестывалі разам выступалі прадстаўнікі 4-х краінаў, якіх аб’ядноўвае агульная гістарычная спадчына часоў сярэднявечча.
Андрэй Хадановіч:
–.Сёння мы выступаем у складзе чатырох моў і чатырох дзяржаў.
Чатыры гады таму адбылася першая спроба аднавіць творчую веліч часоў Вялікага княства з дапамогай паэтаў і музыкаў з краін, што раней складалі тэрытарыяльны абшар былога ВКЛ. З таго часу творцы з краінаў былой агульнай дзяржавы сустракаюцца то ў Польшчы, то ў Літве, то ва Украіне з мэтай яднання ў паэзіі і ўспаміна пра агульную гісторыю.
Адна з удзельнікаў міжнароднага фестывалю, вядоўца імпрэзы Марыйка Мартысевіч:
— Вялікае княства паэзіі — віртуальная тэрыторыя, што адсылае нас да часоў ВКЛ. Гэта агромністая тэрыторыя, якая зараз падзелена на сучасныя дзяржавы, з сучаснымі традыцыямі, якія мы паспрабуем аб’яднаць у рамках нашага фестываля. Фестываль вандроўны. Раней ён праходзіў у Меснку, Вільні, Кракаве, Кіеве, Харкаве. Ён зноўку адбываецца ў Меснку і мы спрабуем зрабіць яго больш публічным.
Вядоўцамі імпрэзы паўсталі Андрэй Хадановіч і Марыйка Мартысевіч. Вядоўцы абвяшчалі апошнія навіны з жыцця паэтаў, распавядалі кавалкі з біяграфіі ды перакладалі вершы. Так Вера Бурлак звязала новую шапку, а Уладзімір Арлоў выдаў новую кнігу, Данатас Пятрошус вядзе амаль здаровы вобраз жыцця і піша артыкулы пра культуру, шаленствы і штодзенныя глупствы.
Беларуская паэзія межавалася з літоўскай, польская з украінскай. Агульны вобраз княства ствараўся шматмоўны і рознажанравы. Тэрытарыяльныя межы знішчалі ямбам, культурныя адрозненні — харэям, а моўныя асаблівасці — верлібрам і перакладам.
Часам гучалі жарты.
Віктар Жыбуль:
— Бабарэка — не паэт, гэта крытык празаік і філосаф.
Ствараліся новыя жанры вялікакняскае літаратуры — смскі з тэлефона Вітаса Дэкшніса, якія пераклаў Андрэй Хадановіч.
Вітас Дэкшніс:
— Узяў малаток і ўбіў у дошку слова кахаю, а яно вылезла і цячэ з іншага боку.
Асобныя землі княства ў паэзіі прадстаўлялі: з беларускага боку Уладзімер Арлоў і Вера Бурлак, Віктар Жыбуль і Марыя Мартысевіч, Сяргей Прылуцкі і Андрэй Хадановіч, з літоўскага — Уладас Бразюнас, Вітас Дэкшніс, Антанас А. Ёнінас, Данатас Пятрошус і Альвідас Шляпікас, з польскага — Яцэк Гутараў, Богдан Задура, Лешак Энгелькінг, з украінскага — Дмытро Лазуткін, Мар’яна Саўка, Астап Слівінскі.
Ствараў музычнае аздабленне, падыгрываў паэтам на раялі беларускі музыкант Сяргей Пукст.
Дзве гадзіны існавання віртуальна-паэтычнага Вялікага княства скончыліся для князёў-паэтаў і амаль поўнай залі слухачоў рэпам ад Андрэя Хадановіча пад імправізацыю ад Сяргея Пукста.
Арганізатары фестываля: Польскі Інстытут у Мінску, пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь і Беларускі ПЭН-Цэнтр.