Перазімаваць між радкоў вершаў і загарнуцца ў цёплыя акорды, зазямліцца рыфмаваным словам, заразіцца энергетыкай песні прапанавалі дойліды праекту “Вежа міру” на вечарыне “…пры-ЗІМ-ненне…” ў музеі Багдановіча 27 студзеня.
Новы сезон гэтага году дойліды вырашылі распачаць шматграннай паэзіяй і песеннымі практыкаваннямі, ударыць верлібрам па маразах, растапіць актавай снег. Маладыя паэткі ды паэты захаплялі слухачоў іроніяй, сацыяльнай лірыкай і летуценнай рамантыкай.
Арганізатар вечарыны Міхаіл Бараноўскі:
– Зіма. Халодна. І гэта вельмі надакучыла. Зараз мы “прызімняемся”, каб гэтыя маразы праз паэзію ўспрымаліся крышачку лягчэй. Трэба пачынаць сезон, і пачынаць хочацца менавіта з вершаў.
Па словах арганізатара, маладыя літаратары мусяць падзяліцца досведам.
Міхаіл Бараноўскі
Міхаіл Бараноўскі:
– Сённяшнія выступоўцы ўсе маладыя, бо наш праект – моладзевы. Сярод іх ёсць тыя, у каго ўжо выходзілі кнігі, і тыя, хто толькі пачынае свой творчы шлях. Адзін аднаго павінен падштурхоўваць, каб у пачаткоўцаў з’явілася жаданне крышачку расці.
Раскручваць кола паэзіі ды гуляць у рыфмы першаму давялося герою слэмаў, паэту Віталю Рыжкову. Сацыяльны трэш і іронія, паэтычны маніфест і анталогія стасункаў адной жаночай асобы ў драме надалі вечарыне драйвовага рытму.
Віталь Рыжкоў
Віталь Рыжкоў:
– Я пастараюся выправіць сітуацыю. Я пастараюся не перапыняцца на кожным, хто заходзіць у дзверы. Сёння ў нас праца над памылкамі.
Выступоўцы чаргаваліся па прынцыпе “хлопчык-дзяўчынка”, а эстафета паэтычных практыкаванняў перайшла да Марысі Сушы са свежымі вершамі пра каханне і перажыванні.
Марыся Суша
Кактэйль з рокавай энергетыкай і заспакойлівай лірыкай ад Рамана Абрамчука разбавіў паэтычны фармат вечарыны.
Раман Абрамчук
Жаноцкасць у вершах пра восень, зіму, каханне і радзіму працягнула Крыля Удобрышлях. Філосаф і крыху панк Аляксей Несцераў з госця ператварыўся ў выступоўцу ды зладзіў смехатэрапію ў сур’ёзных вершах.
Аляксей Несцераў
Аляксей Несцераў:
– Я – мастак і ўсім сваім выглядам гэта выражаю.
Спірытычны сеанс блізкаўсходняй паэзіі спраўдзіла пад музыку Кацярына Ваданосава ў перакладзе персаў ды арабаў пад віяланчэль ад Андрэя Тамкевіча.
Кацярына Ваданосава:
– Наступны верш перанясе нас у далёкія мясціны, на радзіму Лоркі.
Кацярына Ваданосава і Андрэй Тамкевіч
Неўзабаве вечарына перапынілася гарбатнай цырымоніяй. Пасля яе эмацыйнай хваляй настрою праз вершаваныя словы ды ручныя поціскі дзялілася паэтка Юлія Новік.
Юлія Новік
Эстафету захаваў Міхаіл Бараноўскі, пад гітарны акорд нясмела захапляла шчырасцю Надзея Скрыпская.
Надзея Скрыпская
Нягледзячы на люты мароз, ахвотныя “прызімніцца” занялі ўсе крэслы музея.
Наведвальнікі
У трохгадзінным паэтычна-музычным сугрэве ў разгар зімы дрыготкія галасы пачынальнікаў публічных чытанняў межаваліся з упэўненымі галасамі ветэранаў паэтычнага фронту. Перакладамі ды ўласнымі вершамі паставіў кропку ў выступах Віталь Рыжкоў.