Беларуская прастора ў вачах маладых літаратараў, мяжа адліку ў творчасці выпускнікоў Беларускага Калегіюма ўвасобілася ў 8-м нумары філасофска-літаратурнага часопіса “Паміж”, які прэзентавалі ў музеі Максіма Багдановіча 12 лістапада.
Часопіс “Паміж” – адлюстраванне творчых здабыткаў студэнтаў няўрадавай адукацыйнай установы, пляцоўкі для творчага дыялогу і навуковага дыскурсу – Беларускага Калегіюма. Часопіс уяўляе сабою своеасаблівы творчы, дыпломны праект студэнтаў-выпускнікоў філасофска-літаратурнага аддзялення Калегіюма.
Алесь Анціпенка ў ролі дырэктара пра выпускнікоў Калегіюма:
– Вы далучыліся да вялікай культурніцкай прасторы, сярод вас ёсць асобы, якія стануць вядомыя ў нашай беларускай культуры за кароткі прамежак часу.
Упершыню часопіс “Паміж” выйшаў улетку 2001 году. Кожны нумар мае сваю тэматыку, а сёлетні, ужо восьмы па ліку “Паміж”, прысвечаны дзяцінству.
Завуч Валянцін Акудовіч пра вучняў:
– Яны будуць вольныя ад нас, але не вольныя ад беларускай культуры. Вось ужо 13 гадоў існуе Беларускі Калегіюм. Адзін з самых бліскучых курсаў – гэта ваш. Мы вас рыхтавалі, каб нас стала больш. Ёсць прапановы перайменаваць нашае аддзяленне ў шлюбнае бюро для маладых інтэлектуалаў, бо колькі ўжо пабралося паміж сабой шлюбам!
Тэма дзяцінства пакінула адбітак і на прэзентацыі часопіса. Строгая настаўніца Аня Міхальчук па чарзе выклікала да дошкі дзяўчынак і хлопчыкаў з-за парты школы, што завецца беларуская культура.
Марыйка Мартысевіч:
– Мой курс скончыў Калегіюм у 2005 годзе.Сёння мне б хацелася ўзгадаць апошнія заняткі на другім курсе, калі мы вывучалі сервільныя вершы на лекцыях Пятра Васючэнкі.
Восьмы “Паміж” – ужо не першы праект сёлетніх выпускнікоў Калегіюма. Раней быў прэзентаваны інтэрнэт-часопіс перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет”, які паспяхова існуе на абшарах байнэту. Значная роля ў яго стварэнні належыць Перакладніцкай майстэрні, якая існуе пры Беларускім Калегіюме.
Кіраўнік Перакладніцкай майстэрні Андрэй Хадановіч:
– Я, грэшны, таксама спрычыніўся да сённяшняй паэзіі.
Павел Анціпаў
Кірыл Дубоўскі
Урок філасофіі, вершаў ды прозы сёлета адказвалі былыя і сённяшнія выпускнікі Калегіюма. Сервільныя вершы пра Акудовіча чытала Марыйка Мартычевіч, выступілі Вера і Віктар Жыбуль, Сяржук Мядзведзеў і Ігар Кулікоў, Кірыла Дубоўскі і Андрэй Пакроўскі, Ганка Шэпт ды інш.
Ганка Шэпт
Ігар Кулікоў
Міхаіл Бараноўскі
У часопіс увайшлі творы Паўла Анціпава і Насты Манцэвіч, Міхаіла Бараноўскага і Кірылы Анохіна ды іншых выпускнікоў і навучэнцаў. Паміж вершамі, прозай ды філасофіяй у часопісе змешчаны пераклад “Дзіцячага пакоя” Рэя Брэдберы і інтэрв’ю з беларускімі перакладчыкамі дзіцячай літаратуры: Дзмітрыем Плаксам, Уладзімірам Сіўчыкавым, Максам Шчуром ды інш.
Восьмы “Паміж” – падручнік па маладой беларускай літаратуры, практыкум ад Міністэрства Акудацыі Беларускага Калегіюма.
Фота Мікалая Цімафеева.
Глядзі таксама: