Учора ў менскім літаратурным музеі імя Максіма Багдановіча адбылася чарговая імпрэза ў рамах праекту “Вежа Міру” пад назовам “Восень на восем”. На гэты раз праект сабраў аматараў як чытанай, так і спяванай паэзіі.
Свае творы невялікай, але па-сапраўднаму зацікаўленай аўдыторыі прадставілі Ірына Чарняўская, Марыся Суша, Віктар Сямашка, Міхал Бараноўскі, Віталь Рыжкоў, рок-гурт “Отель” і інш. Праект “Вежа міру”, які існуе на базе дзяржаўнага літаратурнага музею імя Максіма Багдановіча, згуртоўвае ў сабе розныя праявы творчасці, такія як паэзія, музыка, выяўленчае мастацтва і г.д.
– Мы праводзім творчыя сустрэчы з маладымі аўтарамі, з маладымі творцамі. У гэтым праекце ёсць пэўныя свабоды, якіх не назіраецца ў іншых суполках. Так, напрыклад, у нас з лёгкасцю дазваляецца чытаць на розных мовах, і гэта на мой погляд пашырае аўдыторыю, пашырае круг людзей, якія могуць абменьвацца творчым пошукам, разам яго рабіць, не зважаючы, на якой мове той ці іншы чалавек размаўляе. Адна з найвялікшых праблем мінскай культурнай супольнасці тое, што зараз народ разбіты на групоўкі, якія адна з адной амаль не кантактуе. На мой погляд трэба рабіць невялікую ратацыю, каб людзі з адной суполкі знаёміліся з творцамі з іншай, – кажа стваральнік і ідэйны лідэр праекту “Вежа міру” Міхал Бараноўскі.
Усе імпрэзы ў рамах праекту “Вежа Міру”, якія праходзяць у музеі прыкладна два разы на месяц, адбываюцца ў адкрытым рэжыме як для слухачоў, так і для выступоўцаў. Акрамя таго, арганізатары гатовыя адгукнуцца на рознага кшталту творчыя прапановы, падтрымаць творчыя ініцыятывы і дапамагчы ў іх рэалізацыі.