У Мінску на сядзібе ТБМ імя Ф.Скарыны адбылася прэзентацыя другога дапоўненага выдання кнігі «Беларускае слова ад спеву”, якая выйшла ў чэрвені ў выдавецтве “Кнігазбор”. Кніга прысвечана 25-годдзю сцэнічнай дзейнасці Змітра Вайцюшкевіча і музычнай плыні пачатку ХХI стагоддзя, у якой развівалася творчая дзейнасць артыста. Імпрэзу адкрыла старшыня арганізацыі, дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Алена Анісім:
-Для нас вялікі гонар прымаць на сваёй сядзібе знакамітага музыку Змітра Вайцюшкевіча, які вядомы не толькі на Беларусі, але і за яе межамі. Мы маем намер працягнуць сустрэчы з выбітнымі дзеячамі культуры на нашай сядзібе.
На вечарыне выступіў адзін за аўтараў рэцэнзій на альбомы спевака, журналіст, прадзюсар, вядоўца партала “Тузін гітоў” Сяргей Будкін: “Больш пятнаццаці гадоў я раблю агляд беларускай музыкі. На жаль, многія тэксты пра падзеі ў музычным жыцці з часам знікаюць з сеціва. Кніга – гэта сведчанне таго, что лепшыя выступленні артыста застануцца навечна.”
Укладальнік кнігі Эла Дзвінская распавяла пра ўнёсак у сумесную працу свайго калегі вядомага музычнага крытыка Анатоля Мяльгуя: “Спадар Анатоль быў адным з самых вядомых сучасных беларускіх музычных крытыкаў i аўтарам вялікай колькасці публікацый, якія ён друкаваў у “ Музычнай газеце”, “ Звяздзе”, “ Нашай Ніве”, “ Свабоде” і ў газеце “Беларус”, на інтэрнет-партале “ Тузін гітоў”. Яго рэцэнзіям быў уласцівы глыбокі прафесійны падыход, шанаванне беларускай культурнай адметнасці і шляхетны еўрапейскі погляд на з’явы ў айчыннай музыцы. Вельмі прыемна, што менавіта яго сын Станіслаў адгукнуўся і падтрымаў выпуск гэтага выдання, калі яго бацька ўжо адышоў.
Другое выданне кнігі дапаўняе перыяд з 2011 па 2018 год, – адзначыла Э. Дзвінская.- За гэты час герой здзейсніў два аўтапрабегі пра краінах Еўропы, выступаў у Празе-Брацiславе, Кракаве, Амстэрдаме, Вене,Берлiне, дзе яго прымалi ў мэрыях,студыяхi кавярнях. Артыст выступіў у Іркуцку для беларусаў Сібіры, пабываў у Ізраілі, Швецыі, наведаў Злучаныя Штаты Амерыкі і Канаду. Узмацнілась яго сувязь з беларусамі замежжа. Але на Радзіме спявак не меў магчымасці выходзіць да шырокай аўдыторыі і цягам трох з паловай гадоў і збіраў сваіх слухачоу Вільні.
На наша шасце, наш герой пераадолеў цяжкія часы і выпрабаванні, і крочыць далей упэўнена, смела, зноў збірае поўныя залі слухачоў, праводзіць літаратурныя фестывалі Салаўё і Купалле на аграсядзібе Вайцюшкі.У 2013 годзе спявак атрымаў прэмію За Свабоду думкі. За гэты час ён выпусціў новыя дыскі: “Чара”, “Ваячак”, “Варанок”, “Камета”, Наша песня і хутка выйдзе яго новы альбом на вершы Ул. Някляева.”
У кнігу ўвайшлі інтэрв’ю са спеваком Вітаўта Мартыненкі, Анатоля Мяльгуя, Элы Дзвінскай, Міхася Скоблы, рэцэнзіі Змітра Падбярэзскага, Сяргея Будкіна і ншых аўтараў. Сярод 120 фотаздымкаў у выданні змешчаны 93 унікальных фота выступленняў Змітра Вайцюшкевіча на Беларусі і ў замежжы, сабраны афішы розных гадоў.
Сам спявак быў узрушаны падзеяй і сказаў: “Мне хацелася, каб гэта была цэлыя серыя кніжак пра маіх сяброў: Лявона Вольскага, Міхала Анемпадыстава, Алеся Камоцкага, таму што кожны з іх варты таго, каб пра яго напісалі. Для мяне важна, што ў кнізе зафіксавана ўсё тое, што зроблена мною, “ WZ-Orkiestra” і маімі суаўтарамі. Без маіх суаўтараў: Рыгора Іванавіча Барадуліна, Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна, Уладзіміра Караткевіча і прысутнага тут Алеся Камоцкага, я бы не адбыўся як артыст, бо яны падкарэктавалі мой лёс у беларускі бок. Я мог бы вучыцца ў Санкт-Пецярбурзе і ў Варшаве, але сілы наверсе вырашылі, каб я займаўся беларускай песняй і беларускімі справамі. Дзякуй маім слухачам за давер!”
Пасля імпрэзы на сядзібе ТБМ артыст накіраваўся ў кафэ “Грай” на “Спеўны сход” , дзе яго таксама чакалі гарачыя прыхільнікі яго творчасці.
Елізавета Паўловіч,
Фота Б. Гарэцкага