Прэзентацыя новай кнігі Рыгора Барадуліна, спалучаная з працамі амерыканскага фатографа Джона Кунстадтэра, адбудзецца 15 студзеня ў Мінску.
Адкрыццё выставы і прэзентацыя кнігі пройдуць а 18-й гадзіне ў Купалаўскім музеі па адрасе: вул. Янкі Купалы, 4, другі паверх.
Разам з кнігай будзе прэзентаваная і фотавыстава амерыканскага “аматара справы беларушчыны”, які даўно ўжо ў захапленні ад Беларусі. Калі хто не паспеў пабачыць фотаздымкі Джона Кунстадтэра, то раю зайсці па адрасе http://radzimaphoto.com
Два класіка ў адной залі, у адной кнізе, на адной хвалі. Можа, дзіўна, але факт: геній той, хто становіцца класікам пры жыцці. А вось калі два геніі спалучаюць разам свае працы – гэта шчасце для ўсяго чалавецтва. Як мінімум гэта шчасце для ўсіх беларусаў.
Ніна Шыдлоўская: “Кніга выйшла дзякуючы намаганням вядомага беларускага барда Алеся Камоцкага і кіраўніка дабрачыннага фонду “Этнічны голас Амерыкі” Ірэны Каляды-Смірновай. Гэта зборнік “вершасказаў, выказаных Рыгорам Барадуліным, спарадкаваных Алесем Камоцкім, у атачэнні фотаздымкаў Джона Кунстадтэра”.
Алесь Камоцкі: “Аўтары будуць прысутнічаць у поўным складзе, нягледзячы на тое, што адзін з іх малавата, на мой погляд, апошнім часам бывае на людзях, а другі ўвогуле жыве ў ЗША”.
Арганізацыйную дапамогу ў выданні кнігі аказала Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”.