Вечарына памяці ветэрана беларускай культуры, літаратара, перакладчыка і журналіста Валянціна Тараса сабрала разам родных, сяброў і знаёмых славутага беларуса ў Дзяржаўным музеі гісторыі літаратуры 17 лютага.
Паэт і празаік, уважлівы бацька і клапатлівы дзядуля, надзейны сябра й шчыры патрыёт, самы малады ўдзельнік вайны з беларускіх пісьменнікаў — у сваім жыцці Валянцін Тарас злучыў шмат відаў творчасці, любоў да сям’і і краіны.
Сын Валянціна Тараса Віталь Тарас:
— Некаторыя кажуць, што некалькі жыццяў пражыў мой бацька, і я з гэтым згодны, бо ён быў вельмі розны, але ў кожнай сваёй іпастасі – вельмі натуральны.
Падлеткам Валянцін Тарас уступіў у шэрагі партызанскага руху. Пасля вайны скончыў універсітэт і пачаў працаваць журналістам. У якасці літаратара дэбютаваў у альманаху “Советская Отчизна” ў 1949 годзе. Яго пяру належаць кнігі “Пазіцыя” , “Колеры”, “Прощальные костры”, кніга мемуараў “На выспе ўспамінаў” ды інш. Пераклаў на рускую мову шэраг замежных твораў, у суаўтарстве з Карласам Шэрманам “Восень патрыярха”, на беларускую – п’есу Я.Шварца “Дракон”.
Генадзь Бураўкін:
— Для нашай пісьменніцкай сям’і ён быў Валянцінам, быў Валькам, быў Валюшам, ён быў слаўны, мілы і ў нечым нават дзіцячы.
Узгадаць розум і талент Валянціна Тараса, апавесці пра агульныя прыгоды і падзеі завіталі сёлета Сямён Букчын, Жанна Літвіна, Міхась Тычына, Зміцер Колас ды інш.
Песні ў гонар Валянціна спяваў Зміцер Бартосік:
— Мы тут сабраліся не на памінкі. Сёння светлы дзень, і мы прыйшлі, каб згадаць вельмі жывога чалавека, які працягвае жыць у сваіх творах.
Зямны шлях Валянціна Тараса перапыніўся на 79-м годзе жыцця, а 13 лютага – год, як не стала літаратара і публіцыста, які пакінуў частку сябе між радкоў сваіх твораў.
Пры канцы вечарыны журналіст, публіцыст і эсэіст Віталь Тарас прэзентаваў кнігу “Хроніка бягучых падзей”, прысвечаную памяці ягонага бацькі.
Фота аўтара