– Якая кніжка ў Вас у дзяцінстве была самай любімай?
– У розныя перыяды было многа розных. Мама мне часта чытала кніжку “Цёма і Жучка” з “Дзяцінства Цёмы” Гарына-Міхайлоўскага і казку П. Бажова “Срэбнае капытца”. Я іх любіла. Ведала на памяць дзіцячае выданне паэмы П. Броўкі “Над ракой Бярозай” і ўводзіла дзіцячую паліклініку ў транс, чытаючы гэтую кнігу ўголас (праўда, дагары нагамі). З дзіцячага садка запомніўся “Карлсан”. Асабліва смешным чамусьці падаўся эпізод, дзе дзядзечка Юліюс намачыў пальцы ў каве. Яшчэ вельмі тады спадабаліся “Навасёлы” Паўла Місько. Пазней, у пачатковай школе, была эра мумі-троляў Туве Янсан і “Дзяніскіных апавяданняў” Драгунскага. Кэрал быў сярод любімых недзе ў класе сёмым.