Мастакі з Польшчы, Ізраіля, Германіі і Беларусі прэзентуюць яскравыя прыклады кніжных ілюстрацыяў для дзяцей – ад малюнка пяром да калажа – на выставе “Жылі-былі”, што адкрылася ў музеі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў 10 лютага.
Мастакі шукаюць шлях да дзяцей праз шматгранны спектр тэхнік і падыходаў: ад шаўкаграфіі да пастэлі, ад эксперыментальных лічбавых формаў да выразкі на пергаменце.
Тэматыка кніжнай індустрыі з дапамогай малюнка віруе ад таямнічай містычнасці да лёгкай іроніі і касмічнасці.
Адкрываў выставу прарэктар Беларускай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна:
– У Беларусі кніжнае мастацтва – гэта нацыянальнае багацце, якое вядзе сваю гісторыю яшчэ з часоў Францыска Скарыны. Мы даўно марылі зладзіць такую выставу, бо поспехі мастакоў Беларусі ў сярэдзіне васьмідзесятых гадоў былі каласальнымі нават па маштабах еўрапейскай культуры. Мы даўно марылі стварыць супольны праект. Праекты такога кшталту грунтуюцца на даверы, працы, якія тут сабраныя, аб’яднаныя душэўнай цеплынёй і прафесіяналізмам.
На выставе прадстаўленыя кніжная графіка і малюнак, сярод якіх працы Ірэны Абольскі, Марты Агонэк, Надзі Будэ, Аляксандра Твардокэнса, Караліны Корнэк, Юрыя Алісевіча, Валерыя Славука, Паўла Татарнікава, Веры Ягоўдзік ды інш.
Выстава будзе працаваць да 7 сакавіка ў Мінску, а потым зладзіць вандроўку па гарадах Беларусі. Афішу і месцы дыслакацыі выставы можна глядзець тут.
Праект зладзілі агульнымі намаганнямі Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, Ізраільскі культурны цэнтр пры пасольстве дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь, Інстытут імя Гётэ ў Мінску, Польскі інстытут у Мінску.
На фота – Міхаіл Баразна і прадстаўнік Інстытута імя Гётэ Францыска Бэнгер