Беларуская дыскатэка з разбэшчанымі танцамі, экзатычным шоў і беларускамоўным стрыптызам выбухнула бескампрамісным трэшам ад іранічнага сцёбу да энергетычнага драйву ў мінскім “клубе 6_А” 19-ага лютага.
Дыскатэка набірала абароты праз танцы пад “Краму”, “Песняроў”, “Партызанскую школу” ды “Ляпісаў”. Невялікае кола штурмавала танцпол, астатнія сумавалі па кутках. Сапраўдны экшан пачаўся са з’яўленнем на сцэне штрафанутых вядоўцаў, якія надалі вечару экзотыкі і авангарду. Сяргей Андросенка ў ролі Марыі Андросенка з Палесся разаграваў патэнцыйных танцораў брутальнымі жартамі.
Сяргей Андросенка:
— Паважанае спадарства, зараз на сцэну выходзіць заслужаная артыстка Беларускай Сацыялістычнай Рэспублікі Марына Андросенка. На дыскатэку звычайна прыходзяць чапляць дзяўчат ці шукаць відовішча, відовішча мы вам зараз забяспечым.
Беларускамоўная дыскатэка — рэдкая праява на беларускай абшары. Па словах арганізатара вечарыны, Сяргея Прада, аб такой дыскатэцы ён марыў ужо некалькі год
Сяргей Прад:
— З 2007 году я ўваходжу ў суполку ў кантакце “Беларускамоўная дыскатэка”. Мне было цікава, калі ж яе нарэшце зробяць. Зараз ужо 2010, а дыскатэкі ўсё не было. Я падумаў, што трэба рабіць самому. Беларуская мова — мова нашага народу. Дыскатэкі праходзяць кожныя выходныя ў клубах Беларусі, але там нельга пачуць ніводнай беларускай песні. Таму мы вырашылі зрабіць дыскатэку па-беларуску.
Выступы вядоўцаў і конкурс на паяданне бананаў пад соусам канчаткова раскаўбасілі прысутных. Танчыць пад знаёмыя беларускія мелодыі пачала амаль ўся нешматлікая публіка.
Падчас шоў была ўрачыста абвешчана ганаровая андэрграўнд-прэмія “Музычная дупа”, якую вядоўцы прысудзілі гурту “Рахіс”. З-за адсутнасці музычнага гурта прэміяльны торцік разышоўся паміж наведвальнікамі.
Бліжэй да фіналу вечар падагрэлі эстэтыкай прыгажосці і жаноцкасці ў выглядзе доўгачаканага мужчынскай паловай, жаночага стрыптызу. Па словах выканаўцы Анжэлікі, танчыць яна згадзілася за ідэю. Распранацца дзяўчыне давялося пад НРМаў
Анжэліка:
— Варта падтрымліваць беларускія культурніцкія імпрэзы, варта паказваць, што беларуская культура жыве.
Вечар працягнуўся ў павольных танцах пад “Краму”, скоках пад “Разбітае сэрца пацана” і “Рахіс”.
Дыскатэка ладзілася для ўсіх носьбітаў беларускай мовы й культуры. Ініцыятыву яе правядзення ўзяла на сябе суполка “ГейБеларусь”. Апошняе давалася ў знакі, бадай, што толькі ў строі вядоўца імпрэзы.
Мартын Ветра