Нататкі пісьменніка Васіля Якавенкі, падказаныя акцыяй 2009 года ў абарону беларускай мовы.
Недзе ў набліжэнні вясны 2009 года ў сеціве, якое ў нас большасць называе інтэрнетам, кінулася ў вока трывожнае паведамленне пра беларускую мову. Не ведаю, як на каго, а на мяне яно падзейнічала, быццам выбух перуна з нябеснае высі — калі ўсё неба запнутае шэрымі хмарамі і яго не відно з-за суцэльнага заімглёнага покрыва.
З інфармацыйнага паведамлення ў свядомасць грукнула: родная для цябе і таго асяродку, скуль ты родам, мова трапіла на грань, за якою адно — скат у прорву знябытага!