“Карціны “Глыбокая плынь” і “Вам заданне” можна прадаць, паставіўшы цэтлік – “самае кепскае кіно ў свеце”. Яны б карысталіся папулярнасцю менавіта пад такім брэндам”. Пра беларускае кіно ў інтэрв’ю Еўрарадыё расказвае культуролаг і кінакрытык Андрэй Расінскі
Што цікавага ў беларускім кіно адбывалася ў 2009 годзе? Увогуле, кіно ў Беларусі неяк не навідавоку, і часам складваецца такое ўражанне, што там увогуле нічога не адбываецца…
Расінскі: У 2009-м годзе ў беларускім кіно ішлі даволі цікавыя працэсы. З аднаго боку заставалася інерцыя аўтарытарнага неасталінскага кіно, але ў той самы час пачаліся працэсы аднаўлення.
За апошнія 10 гадоў выпрацаваўся такі жанр – ваенна-прыгоннага кіно, калі бясконца абсмоктваецца ваенная тэма, нягледзячы на супраціў гледачоў і мастацкія якасці гэтай карціны. Такой чарговай стужкай стаў “Дняпроўскі рубеж”, дзе абсалютна адсутнічаў сцэнарый, які дарэчы складаў Дудараў, дзе адсутнічала і акторская ігра. Карціна вельмі кепская, яе глядзець проста немагчыма.
З іншага боку, гэты сталінскі мілітарны імпэт пачаў сцішвацца, раскладацца сам па сабе. Напрыклад, з’явілася карціна “Кадэт” Дудзіна, у якой дзеянне адбываецца ў пасляваенны час. Карціна не вельмі ўдалая, але там ёсць цікавыя тэндэнцыі – там адным са станоўчых персанажаў з’яўляецца вайсковец, які пасля вайны партызаніць супраць Сталіна. Гэта ўжо вельмі паказальна, і само па сабе даволі цікава.
З’явілася карціна “Інсайт” Рэнаты Грыцковай – сённяшняя сучасная драма, для фестывалю “Лістапад” – самае тое, ва ўсялякім разе, выстаўляць яе там не сорамна. Гэта меладрама з даволі жорсткімі сюжэтнымі паваротамі, вельмі жорсткімі. Але на жаль сцэнарыстка і рэжысёрка вырашылі зрабіць аўтарскае кіно, хаця можна было б абмежавацца вельмі добрай якаснай меладрамай…
Але самае важнае, што адбылося ў беларускім кіно ў 2009 годзе – гэта запрашэнне апальных рэжысёраў на кінастудыю. Гэта Колбышаў, які зняў антытаталітарную карціну “Ваўкі”, гэта Канановіч, які завяршыў фільм “Грашовае дрэва”, ну і гэта канешне Андрэй Кудзіненка з “Масакрай”.
І вось на фоне гэтага аднаўлення застаецца абсалютна старая яшчэ з савецкіх часоў нерэфармаваная інфраструктура. Кінастудыя застаецца бюракратычнай арганізацыяй. Інстытута продажу карцін няма, няма рэкламы карцін, чыста прадзюсерскіх інстытутаў – нічога гэтага няма. Стварэнне новага кіно адбываецца ў абсалютна старой фармацыі.
У “Беларусьфільма” ёсць такая мянушка “Партызанфільм”. Але, магчыма, гэта і не кепска, што мы здымаем фільмы пра вайну? Трэба проста зняць добры фільм пра вайну!
Тое, што мы называем “Партызанфільм” – насамрэч міф. У савецкія часы з усіх фільмаў, зробленых на кінастудыі, і траціны не было пра вайну. Гэта была сапраўды невялічкая колькасць карцінаў.
Але ж міф такі склаўся…
Так, таму што такія фільмы былі самыя паказальныя. І самыя яскравыя. А вось за часамі Лукашэнкі – гэта сапраўды выключна ваенныя тэмы і выключна партызанскае кіно.
У кожнай тэмы ёсць свае часы, калі яна пасуе. Калі тэма сваё аджыла, а яе працягваюць абсмоктваць – гэта ўжо мёртвае кіно. Кудзіненка сваёй “Містэрыяй” закрыў партызанскую тэму. Яна ўжо вычарпалася. Ну вось скажыце, хто зараз пойдзе на ваенны фільм?
На Таранціна ж – ідуць
Ну дык то – Таранціна, вы паглядзіце як ён зняў фільм, ён жа абсмейвае ўсю гэту ваенную тэму. У нас маглі б зняць хорар на гэтую тэму – “Партызанская разня двухручнай пілой”, штосьці такое…
А гэтыя карціны “Глыбокая плынь”, “Вам заданне”… Іх можна смела прадаваць як увогуле самыя кепскія карціны, зробленыя ва ўсім свеце. Яны б карысталіся папулярнасцю менавіта пад такім брэндам, ну разбавіць хіба што некаторымі эратычнымі сцэнкамі, хаця, я думаю, іх ужо і разбаўляць не трэба, там усё ёсць.
Ну а якія тэмы акрамя ваенных маглі б быць цікавымі для беларускага гледача. Якія тэмы могуць быць блізкімі беларускаму кінематографу?
Гістарычныя тэмы. Вось зараз Кудзіненка закончыў здымкі фільма “Масакра” па сюжэце “Локіса”(навэла Праспэра Мэрымэ, – аўт.). Там сюжэт вельмі моцна перапрацаваны, дзеянне перанесена ў 19 стагодзе ў Беларусь, дзе граф ператвараецца ў мядзведзя, дзе чарговыя расійскія акупанты збіраюцца дзяліць спадчыну гэтага графа, і ім там на арэхі дастаецца, іх гэты мядзведзь на шматкі параздзіраў.
У нас жа аграмадная колькасць непаднятых гісторый, якія так і просяцца на экран, па якіх можна зрабіць выдатныя серыялы, напрыклад пра Саламею Русецкую – “Авантуры майго жыцця”, меладрамныя прыгоды… Пра Барбару Радзівіл, слухайце, які серыял можна запусціць!
А якія могуць быць тэмы акрамя гістарычных?
Акрамя гісторыі – сучасныя драмы, меладрамы, сучасныя камедыі. Яны малабюджэтныя, не патрабуюць вялікага бюджэту, таму што гэта сучаснасць, але яны павінны быць добра прапісаны, павінна быць добрая драматургія.
Дарэчы, як у нас справы са сцэнарыстамі? Ці ёсць добрыя сцэнарысты ў Беларусі?
У нас заўжды была даволі сур’ёзная праблема са сцэнарыямі на Беларусьфільме. І гэта нягледзячы на тое, што ў нас ёсць някепскія сцэнарысты. Ёсць Аляксандр Качан, які напісаў сцэнар “Масакры” і “Акупацыі”. Ёсць урэшце рэшт вельмі паспяховы камерцыйны аўтар Андрэй Курэйчык, які зарабіў славу ў Расіі. Але ў Беларусі ён аказаўся незапатрабаваным. Для Беларусьфільма ён не пасуе, Беларусьфільм яшчэ нерэфармаваны, каб камерцыйна працаваць з аўтарамі.
Што больш важнае для добрага кіно: добры сцэнарый, рэжысёр, акцёр, рэсурсы? І як з гэтым усім справы ў нас. Чаго нам найбольш нестае?
У нас ёсць вельмі сур’ёзная праблема – адбылося вымыванне 2-га пласта, гэта тэхнічныя супрацоўнікі, асістэнты аператара, працаўнікі пляцоўкі… Гэта прафесіі, якія патрабуюць навыкаў, якія патрабуюць ведаў. Гэтаму ў Акадэміі не вучаць, гэта ўсё засвойваецца на практыцы, трэба вучыцца на здымках. Але што ў нас здымаецца?
Кіно – гэта не толькі мастацтва, але і цэлая індустрыя са сваімі правіламі. І гэтае вымытае звяно, якое было вельмі важным, дысцыпліна, якая застаецца савецкай – гэта вельмі кепска.
Ці вучаць у нас таленавітых рэжысёраў, якая ў Беларусі кінаадукацыя?
У нас быў Тураўскі і Пташукоўскі выпуск, ну і яшчэ Дашук выпусціў дакументалістаў. А цяпер што? Каб выпускаць творцаў, кінарэжысёраў патрэбныя майстры – Пташук памёр, Тураў памёр… Хто гэтым будзе займацца? І да таго ж, вось выпусцяць зараз людзей, дзе яны будуць працаваць?
З аднаго боку, вучыць няма каму, з іншага – нават калі і навучаць, то няма дзе працаваць… Зразумела, што яшчэ адна наша праблема – гэта абмежаванасць у рэсурсах. Ці можна пры такой абмежаванасці здымаць добрае кіно?
Кіно можна зняць з вельмі абмежаванымі рэсурсамі і ўвогуле ледзьве не без рэсурсаў. Тая ж “Акупацыя” пачыналася ўвогуле без рэсурсаў, а атрымалася даволі папулярнае аўтаркае кіно.
Галоўнае – гэта ідэя, пра што фільм. Бюджэт тут як раз не замінае. Іншая справа, што калі мы робім нейкую блокбастэрную карціну, якая патрабуе вялікіх адмысловых эфектаў, масовак, рэкламы і г.д., то так, гэта сапраўды патрабуе пэўных рэсурсаў. “Масакра” патрабавала ад “Беларусьфільма” даволі сур’ёзных рэсурсаў.
Але калі мы кажам пра сучасную маладзёвую драму, знятую ў сучасных дэкарацыях з сучаснымі акцёрамі, тут на першы план выходзіць сцэнарый і акцёрская ігра. Важна яшчэ канешне як гэта зрэжысавана – можна так хітра і вынаходліва зрэжысаваць, што гэта будзе чапляць.
Чаму складаецца такое ўражанне, што мы больш моцныя ў неігравым кіно, чым у ігравым? Прычына ўсё ў тым жа, недахопе рэсурсаў, ці ёсць іншыя прычыны?
Прычына ў тым, што наша кінастудыя застаецца бюракратычнай інстанцыяй. Яна не ўключаная ў рынак, яна ніяк не завязаная на пракат, на продаж карцін. У нас гэтым проста не ўмеюць займацца. А карціна пачынае прадавацца задоўга да таго, як яна пачне здымацца.
Неігравое кіно ў нас моцнае яшчэ і таму, што ёсць моцныя аўтары. Гэта Віктар Аслюк – еўрапейскі кінаакадэмік, Галіна Адамовіч – выдатнейшая аўтарка-дакументаліст, Міхаіл Жданоўскі.
Дакументаліст можа быць сам і сцэнарыстам, і аператарам, і рэжысёрам. Ён не так улучаны ў гэтую бюракратычную машыну з кіроўцамі, з другім і трэцім эшалонамі асвятляльнікаў, з усім гэтым бюракратычным апаратам, які навісае над ігравым кіно. Ён дастаткова вольны ў гэтым сэнсе, ён можа здымаць кіно.
Дарэчы, Віктар Аслюк зняў карціну, якая пайшла па ўсіх фэстах і ўвайшла ў кінаэнцыклапедыі – “Мы жывем на краі”. Частку карціны ён проста здымаў на сваю ўласную камеру. Атрымаўся выбітны шэдэўр. З ігравой карцінай такі б фокус не прайшоў.
Яшчэ ў нас моцнае анімацыйнае кіно, таму што гэта зноў такі завязана на аднаго чалавека – аўтар малюе і атрымлівае вынік. Ён сам-насам са сваімі анімацыйнымі персанажамі, і можа рабіць з імі ўсё што заўгодна.
Ну вось вы кажаце, што ў нас праблема са сцэнарыямі. А калі б я напісала сцэнарый для ігравога кіно… Куды мне яго несці? І ці будзе ўвогуле на яго хто глядзець?
Сцэнарыі адпраўляюць на кінастудыю, але наколькі там гэты ўсё спрацуе – гэта вялікае пытанне. Калі ў свой час першая ўзнагарода была дадзена Дудараву за “Дняпроўскі рубеж”, дзе сцэнарый проста адсутнічае, там няма ні герояў, ні сцэнарыя, то ў мяне пытанне – што тады горшае, калі гэта лепшае? І па якім крытэры гэта адбіраецца?
Адбіраць мусіць прадзюсер, у нас прадзюсера няма. У нас ёсць мастацкі савет, якая ні за што не адказвае, архаічны абсалютна. І гэта бяда.
Ці можа такая невялікая краіна як мы зарабляць на кіно?
Чэхія зарабляе, Румынія зарабляе. Пра Данію я ўвогуле маўчу – гэта проста кінадзяржава з вялікімі і даўнімі традыцыямі. Румынія выйшла на рынак са сваёй фішкай – “залатая” эпоха Чаўшэску, яны з гэтымі карцінамі выходзяць на фестывалі, гэта цікава ўсяму свету. Мы таксама можам выходзіць са сваімі тэмамі.
Іншая справа, з-за таго, што ў нас краіна маленькая, каб акупалася карціна, якая каштуе сур’ёзную суму – ўсіх гледачоў Беларусі недастаткова, карціна мусіць прадавацца па-за межамі Беларусі, каб элементарна сябе акупіць. Гэтага няма.
У нас апошнія 15 гадоў казалі: вось у нас ёсць расійскі рынак, але пра рынак насамрэч ніхто не думаў. Нам трэба выходзіць на рынкі заходняй Еўропы, на рынкі Польшчы, Германіі, Англіі. Але мы павінны здымаць нешта, што было б цікава не толькі нам, але і астатнім.
Гэта неяк фантастычна гучыць… Не верыцца, што наша кіно можа прадавацца ў Польшчы, Германіі і Англіі
Чаму? Вось карціны Аслюка ідуць у Берліне, у Іране, У Францыі… Чаму рэжысёр мусіць пасылаць сам свае карціны на фестывалі, на тэлеканалы і г.д., а гэтага не робіць кінастудыя? Гэта студыя мусіць пра гэта клапаціцца.
Тыя ж самыя фільмы “Вам заданне” і “Глыбокая плынь”, іх жа можна прадаць. Іх можна прадаць, паставіўшы цэтлік – “самае кепскае кіно ў свеце”. Ёсць такая студыя “Трома”, якая выпускае трэшавае кіно. Там ёсць такая карціна “Нацысты-серфінгісты мусяць памерці”, дык вось гэтае “Вам заданне” пераплюне любых “Нацыстаў-серфенгістаў”. Проста гэта трэба пэўным чынам упакаваць і прадаць.
Давайце падагульнім: што цікавага будзе адбывацца ў беларускім кіно ў 2010-м годзе?
Самае цікавае – гэта будзе прэм’ера “Масакры”, у шырокі пракат пойдуць “Ваўкі”. Плануецца праект пра Ефрасінню Полацкую, я не ведаю, будзе ён запушчаны ці не. Магчыма, будзе запушчаны серыял “Каласы пад сярпом тваім” па Караткевічы, магчыма, будзе зроблена тэлевізійная стужка пра Янку Купалу. Будзе паварот да гістарычных тэм.
І напрыканцы, парайце, калі ласка, нашым слухачам спіс беларускіх фільмаў, якія варта паглядзець, такі “маст сі” беларускіх фільмаў?
З апошняга варта паглядзець “Акупацыі і містэрыі”, паглядзіце карціны Аслюка, асабліва “Мы жывем на краі”. З беларускай класікі – гэта нямая карціна “Да заўтра”, “Чужая бацькаўшчына” Рыбакова. З дзіцячага кіно – “Горад майстроў” Бычкова і “Прыгоды Бураціны” Нячаева. Таксама варта паглядзець фільм «Праз могілкі» Турава, “Ідзі і глядзі” Клімава, і канешне “Дзікае паляванне караля стаха” Рубінчыка – такое медытатыўнае аўтарскае кіно, якое бы зняў Філіні, калі б нарадзіўся ў Беларусі, пра мясцовую памяркоўнасць, талерантнасць, ўсеагульную млявасць і абыякавасць да жыцця.