Хорэры і трэш, эстэтыка панку і рэмадэрнізм, мультыплікацыя і дакументалістыка з гдыньскага фестывалю некан’юнктурнага кіно “DIY FILM FEST” увасобілася ў мінскім кінапаказе, які стартаваў у кнігарні “Ў” 26-ага снежня.
“DIY FILM FEST” — гэта кіно неабцяжаранае грошамі і пазбаўленае ўплыву сусветнай кінаіндустрыі. Глыбінныя праблемы псіхалогіі і крывавы гумар, мярцвякі і зомбі, гвалтоўнае людажэрства і постапакаліптычны кіберпанк адкрылі першы дзень кінапаказу.
Арганізатар кінапаказу ў Мінску Аляксандра:
— Гэтыя фільмы зроблены незалежна ад прадзюсераў і агульнай кан’юнктуры рынку. Тэмы, якія закранаюцца ў гэтых фільмах , а таксама мультфільмах адрозніваюцца ад таго, што мы бачым у звычайных кінатэатрах. Гэта жыццё розных субкультур, крытыка сацыяльных і эканамічных парадкаў.
Упершыню фестываль адбыўся ў ліпені сёлетняга году, ў польскім горадзе Гдыня. “DIY FILM FEST” пазбаўлены традыцыйных клішэ кінаіндустрыі, гэта своеасаблівая пляцоўка для энтузіястаў і аматараў некамерцыйных і нетрадыцыйных фільмаў. У фестывалі прынялі ўдзел амерыканскія, ангельскія і польскія аўтары, але ў далейшым арганізатары плануюць пашырыць геаграфічныя межы нефарматнага кіно.
Арганізатар кінапаказу ў Мінску Аляксандра:
— Беларускія аўтары не удзельнічалі ў першым фестывалі, але яго арганізатары зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з беларускімі рэжысёрамі. У хуткім часе будзе абвешчаны конкурс на новы здышн фестывалю і арганізатары зацікаўленыя ў данясенні інфармацыі да беларускіх аўтараў.
Нефармат фестывалю перамясціўся і ў мінскую кнігарню: наведнікі ўладкаваліся на падлозе ў мэтах эканоміі месца, а праектар пачаў маляваць на прасціне першыя пікселі хорэра “Flash area”. У аповедзе пра беластоцкіх зомбі змяшаліся разам кроў, забойствы, гумар, містыка і крышку фэнтэзі з сучаснай спецыфікай.
Жартаўлівы зомбі-хорэр змяніўся аповедам пра псіхалагічныя праблемы панкушкі “Сайлы” ад Юліі Астэртаг. Элементы пост-апакаліпсісу ў сумесі з крывавымі сцэнамі і жорсткімі разборкамі панкаўскіх груповак на фоне постіндустрыяльных пейзажаў — успаміны і самакапанне не па дзіцячы развітай дзяўчынкі Сайлы. Жорсткасць, філасофія самазнішчэння і трэшавы шлях да дэградацыі незнарок прымушае ўглядацца ў цёмныя, псіхалагічныя пейзажы фільму.
Панкаўская эстэтыка працягнулася ў фільмах Дэвіда Маркі “Slog Movie” і “Reality 86d”.
Усіх наведвальнікаў чакаў сюрпрыз ад кнігарні — кнігі ў падарунак кожнаму ўладальніку ўваходнага квітка.
Кінапаказ працягнуўся да дзесяці гадзінаў вечара, каб узнавіцца на заўтра для чарговай хорэр-сесіі, некалькіх арт-стужак і трыб’ютаў Сары Якабсан.