Кінаклюб “Хросны бацька” ізноў аб’яўляе пра збор неабыякавых да шоргату праектара лясных братоў, сэксапільных сясьцёр, незнаёмых нам хатніх мізантропаў у дзіўных акулярах, інтравэртаў са складаным лёсам, мужчын з двайным жыцьцём, жанчын з двайным дном. У рыбны дзень 17 сьнежня а 19-й мы заходзім у цяпло, сядаем паміж кніг і чакаем, пакуль пяшчаная бура зьнясе нас з домікам і сабачкам некуды далёка, у краіну бляшаных мужыкоў зь мяснымі сэрцамі, тыграмядзьведзяў і вымашчаных смарагдамі сьцежак.
“Папяровы месяц” (“Paper Moon”), 1973
Рэжысер – Пітар Багаданавіч
У ралях: Раян О’ніл, Татум О’ніл
Празрыстая, сумная і (галоўнае) чорна-белая гісторыя ад клясыка амерыканскага кіно. Пра пасьпяховы гандаль бібліямі, бутлегерскую справу і нечаканых дзяцей бацькоў-махляроў. Апранайце капялюш і гальштук ды сядайце з намі ў рэтра-мабіль, каб пачаць падароожжа па дарогах Вялікай Дэпрэсыі.