Ёсць такое кiно!.. Ужо 85 гадоў, як ёсць. Сёння ў яго Дзень нараджэння. І гэта сапраўды свята для ўсiх, бо яно так i засталося самым важнейшым з мастацтваў — таму што здольнае прыцягнуць вялiкую аўдыторыю. I мы хочам верыць: ёсць беларускае кiно. Чакаем — так, каб здзiвiцца, уразiцца i потым доўга абмяркоўваць, як звычайна гатовыя гаварыць пра падзеi з уласнага жыцця. Можа наша, глядацкая, праблема якраз у тым, што мы хочам глядзець кiно, думаючы, што яно абавязкова павiнна быць пра нас? Ну, так, як раней… А свет жа вельмi змянiўся, i гэта iмгненна адлюстравалася на экране. Сусветным. Бо ўзнiклi тэмы, формы i жанры, якiя агульныя для людзей ва ўсiм свеце — унiверсальныя. Аднак пры гэтым кожная краiна трымаецца за тое, каб захаваць сваю адметнасць у кiно. Можа, таму апошнiм часам так шмат разважанняў пра сённяшнi твар беларускага кiно. Паспрабуем разабрацца: у чым ён i што яму найбольш пасуе?