Мінск, 7 кастрычніка. Першы нацыянальны канал Беларускага радыё аб’явіў пра старт творчага конкурсу музыкантаў і выканаўцаў “Маладыя таленты Беларусі”, паведамляе прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі.
Узрост удзельнікаў конкурсу — ад 10 да 25 гадоў. Намінацыі: эстрадны вакал, акадэмічны вакал і інструментальная музыка (акадэмічная і эстрадная). Для ўдзелу неабходна падаць у аргкамітэт два рознахарактарныя творы ва ўласным выкананні, заяўку на ўдзел і рэзюме.
Конкурс складаецца з трох этапаў. Першы — папярэдні адбор дасланых матэрыялаў — будзе доўжыцца з кастрычніка 2009 года да 1 красавіка 2010 года. Канкурсанты, якія прайшлі папярэдні адбор, будуць запрошаны для ўдзелу ў перадачы Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё “Маладыя таленты Беларусі”. На другім этапе конкурсу ў красавіку 2010 года будуць вызначаны фіналісты.
У фінале будзе арганізаваны гала-канцэрт. Канкурсанты атрымаюць магчымасць выканаць адзін са сваіх твораў у суправаджэнні сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі. Пераможцы ў трох намінацыях вызначацца шляхам галасавання прафесійнага журы.
Лаўрэаты конкурсу атрымаюць магчымасць запісаць у Вялікай студыі Дома радыё па два свае творы, якія будуць уключаны ў зборны кампакт-дыск “Маладыя таленты Беларусі” і ратацыі музычных перадач Беларускага радыё. Выніковы матэрыял будзе прапанаваны музычным праектам Еўрапейскага вяшчальнага саюза.