GUDA
У сярэдзіне так званага Русальнага (ці Гранага) тыдня, 27 мая, у Малой зале КЗ «Мінск» прайшоў канцэрт аднаго з найбольш самабытных беларускіх этна-фолк калектываў — гурта GUDA, дзе быў прэзентаваны «Русальны праект», які склалі абрадавыя спевы — самы старажытны пласт культуры нашай краіны.
GUDA
«У праект увайшлі песні з усіх рэгіёнаў Беларусі, нават з памежных — расійска-беларускага і ўкраінска-беларускага, бо гэта таксама беларускія этнічныя землі. Мы не можам пазбавіць нашу спадчыну такога неверагоднага скарбу», — сказала адна з вакалістак гурта Вікторыя Міхно.
GUDA
«Гэты праект з’явіўся даволі нечакана. Першапачатковая ідэя была ўвасобіць русалку візуальна, таму мы адснялі фотасесію. А пасля ўжо запісалі некалькі русальных песняў. У пачатку лета плануем зняць на гэтыя песні відэашэраг. Рэжысёрам кліпу будзе Паліна Пастушэнка», — дадала спявачка.
GUDA
«Жывуць русалкі пад вадою, і выходзіць з яе могуць на кароткі час — покуль не высахнуць іх валасы. Толькі на восьмым тыдні пасля Вялікадня, на Русалчын тыдзень, гэта абмежаванне здымаецца, і русалкі могуць хадзіць па гаях, лясах, нівах, гушкацца на галінках бяроз і пець свае песні», — расказваюць этнаграфічныя запісы.
GUDA
Дзякуючы майстэрству выканаўцаў наведнікі імпрэзы амаль на дзве гадзіны паглыбіліся ў містычны русалчын свет (цалкам бяспечна!), даведаліся пра іх загадкавае ўзнікненне.
GUDA
Цікава, што ў традыцыі беларусаў — даволі паважлівае стаўленне да гэтых няўлоўных стварэнняў. «Іх не трэба злаваць, не трэба на іх дрэннае казаць, таму што русалкі — гэта людзі, пакрыўджаныя лёсам. Іх усё шкадавалі, гасцінцы ім прыносілі», — чуецца голас старой бабулі — сведкі іх існавання.
GUDA
У канцэрце таксама ўзяў удзел этнічна-перкусійны праект Drummaterria, у якім пяць дзяўчынак з традыцыйнымі афрыканскімі барабанамі цудоўна паэксперыментавалі ў межах русальнай тэматыкі.
GUDA
Пры канцы мерапрыемства прысутныя на ўласныя вочы пабачылі унікальныя фотаздымкі апошняй папуляцыі русалак на Беларусі, сабраныя беларускімі фотамайстрамі. Ці засумняецца цяпер хто, што русалкі існуюць?
Drummaterria
На першым фота: GUDA