Сем гадоў таму з перамогі на фестывалі “Бардаўская восень” у Бельску-Падляскім пачалася сцэнічная гісторыя Паліны Рэспублікі. На той момант ёй было 17 гадоў. Юнацтва, пяшчотны голас, трапяткія беларускія словы. Даволі хутка пра Паліну загаварылі, песні пачалі гучаць па радыё, а на канцэрты збіралася моладзь з зіхоткімі вачыма і стылёвым выглядам. Як і належыць, з’явіліся крытыкі, пачаліся спрэчкі і абмеркаванні.
Увесну 2015-га Паліна выдала дэбютны альбом “Бясконцы красавік”, што выклікала нават бурную рэакцыю з процілеглымі эмоцыямі. Песні разышліся па інтэрнэце, прыхільнікі сталі гарачымі. А сама аўтарка і выканаўца з вачэй публікі знікла. Вярнулася абноўленай, з зусім іншым гучаннем. Пасля трохгадовага перапынку выдала першыя запісы, і яны прымусілі трохі пахваляцца ранейшых фанатаў.
Паліна ізноў выступае, адна на сцэне, і цяпер гэта ўжо не Рэспубліка, а Palina. Яна перажыла крызіс — паводле яе словаў, справілася з ім і пачынае новы, дарослы этап. Нядаўні канцэрт у Мінску — у дворыку Палаца мастацтваў — сабраў нямала публікі. Наперадзе ізноў вялікія фестывалі і новы песенны альбом.
Гутарым пра пройдзены шлях і ягонае асэнсаванне, пра страты і здабыткі, пра новую музыку і новы альбом.
— “Бардаўская восень”, песні пад гітару, канцэрты, захопленая публіка — час быў для мяне цудоўны. Але тады я мала разумела, што са мной адбываецца. Успрымала ўсё як ранішнік у школцы, і я нібыта там выступаю, а людзям чамусьці падабаецца! І я не разумею, чаму. Да таго ж у мяне тады былі дастаткова нясмелыя адносіны непасрэдна з музыкай, я не лічыла сябе сапраўдным музыкантам, хоць і вучылася ў музычнай школе. І вось ранішнік скончыўся. На апошнім курсе ўніверсітэта я выпусціла альбом з гуртом. І, зразумела, нават трохі спалохалася, што ў мяне ўжо няма ніякіх пачуццяў да гэтай кружэлкі, да песень. Няма эмоцый, няма жадання працягваць.
— Тады ж былі і іншыя клопаты, даволі значныя падзеі для любога чалавека, нараджэнне дзіцяці.
— Я сядзела дома ў дэкрэце і многа думала. А потым мне проста пашанцавала: убачыла ў інтэрнэце кантэкстную рэкламу школы Вовы Патапенкі Ableton. І пайшла вучыцца, хоць да таго электронную музыку амаль не слухала, не фанацела і сябе ў гэтай іпастасі не ўяўляла. Але мяне захапіла, я навучылася сама рабіць музыку на камп’ютары, і гэта адкрыла новы шлях.
— Дык а што ж такога “страшнага” здарылася пасля таго, як альбом выйшаў?
— Тады быццам паўтарылася гісторыя, калі ў мяне не было яшчэ гурта, і да мяне звярнуліся проста славутыя музыканты, як я гэта ўспрымала, Сяргей Канановіч з “Крамбамбулі”, група Hasta La Fillsta — і прапанавалі запісаць з імі песні. З’явіліся “Як ты” і “Гадзіннік”. Мне здавалася, што вось зараз запісы выйдуць, і ўсё — я стану Алай Пугачовай, да прыкладу! Так па-дзіцячаму думала — здарыцца нешта вялікае! А нічога не здарылася.
Так і з альбомам. Я думала: мы яго апублікуем, і ўсё як выбухне! Бо павінна ж быць так! А атрымалася наадварот. І былі нават дзіўныя, складаныя, падчас востранегатыўныя водгукі. І я зразумела, што нічога не зразумела.
— Але я памятаю, што вы былі нейкі час проста ў цэнтры ўвагі. Тады не было яшчэ слова “хайп”, але Паліна Рэспубліка была на хайпе.
— Сапраўды, быў нейкі рух, ажыятаж, расчуленыя слухачы. Цяпер мне цікава ўсё гэта аналізаваць. Мабыць, я была проста нейкім феноменам на той момант, трохі ўскаламуціла ціхую ваду. І гэта супала з тым часам, калі пайшла мода на лірызм. Паралельна са мной папулярнымі рабіліся публічныя паэты, Вера Палазкова, увогуле аўтары з душэўнымі тэкстамі. Такі трэнд быў. А тут я, 17-гадовая. Ах, якая маладая і кранальная, ах, спявае па-беларуску! І перажывала потым проста як тыя дзеці, што яшчэ малымі рабіліся папулярнымі. Успрымаеш пахвалы як належнае і не разумееш, чаму раптам камусьці не падабаецца.
— А цяпер, з вышыні вашых 24 гадоў, зразумелі?
— А цяпер я магу пагаварыць і пра трэнды, і пра абаянне юнацтва, і пра патрабаванні рынку. Да таго, што не музыкант, зразумела, што і паэт не надта моцны. І ёсць такія тэксты, якія мне цяпер сорамна выконваць на канцэртах. А сур’ёзныя дарослыя людзі гэтым захапляліся!
Напрыклад, неяк мы абмяркоўвалі з Уладзем Лянкевічам з гурта Tonqixod маю песню “Як ты”. І ён кажа: “Песня, канечне, для цябе кшталту культавая, але там ёсць проста вельмі няправільныя выразы і памылкі ў словах”.
— Праўда? Я, мабыць, настолькі не ўслухоўвалася. Усім жа падабалася.
— Разумею, што галоўнае — гэта эмоцыя, якую здолееш перадаць. Цяпер я ўжо не такая катэгарычная, паступова разумею, што трэба з вялікай павагай ставіцца да ўсяго добрага, што з табой адбывалася, да свайго старога матэрыялу і людзей, якім гэты матэрыял быў дарагі. Бо яны вельмі негатыўна паставіліся да маіх спробаў нешта перарабіць, палепшыць. А я вось не магу слухаць песні, што былі зробленыя ў мае 15 гадоў, 17, 19… Такім чынам, канфлікт — адказнасць перад слухачамі ці адказнасць перад сабой як перад творцам. Ты хочаш або развівацца як артыст, або ўтрымаць любоў публікі. У мяне шмат пытанняў, якія я спрабую вырашыць. Я рэальна часта сутыкаюся з сітуацыяй, што да мяне на канцэртах падыходзяць і адкрытым тэкстам гавораць: “Паліна, ты больш не торт!” Ты не тая, песні не тыя, ты дарма ўсё памяняла… Публіка адсейваецца.
— Цяпер вас можна называць электронным музыкантам?
— Наўрад ці, гэта проста прылады. І рэч нават не ў канкрэтным уменні ствараць музыку на камп’ютары. У школе Ableton мяне навучылі не баяцца рабіць памылкі. Потым я ж пайшла яшчэ і на заняткі да Аляксея Варсобы з групы Port Mone — там была такая музычная метафізіка, мне увогуле ўсю галаву перавярнула і неймаверна натхніла. Можна сказаць, проста зрабіла шчаслівым чалавекам. Бо я пазбавілася думкі, што поспех вызначаецца колькасцю публікі на канцэртах ці тым, хто як адрэагуе. Раней мяне ўсё вельмі раніла, а цяпер я проста змяніла фармат свайго існавання, хачу паспрабаваць быць музыкантам. Глядзела інтэрв’ю з маладым бельгійскім артыстам Stromae і думала: я разумею ўсё, пра што ён гаворыць, мы на адной хвалі! Адчула, што не абавязаная ўпірацца ў столь беларускай сцэны, ці расійскай, ці еўрапейскай. Ёсць сусветны кантэкст, агульная на ўсіх музыка. І яе на ўсіх хопіць — рабіць не перарабіць.
— Больш за тры гады таму выйшаў дэбютны альбом, і вось нядаўна пасля перапынку вы паказалі публіцы два новыя трэкі. З выразна электронным гучаннем, і абодва на рускай мове. Цяпер так і будзе?
— Першая кампазіцыя “Я пойму” была падрыхтаваная для конкурсу, які больш скіраваны на расійскую аўдыторыю — Jager music awards. А другая кампазіцыя, “Бродский”, на верш Іосіфа Бродскага, — гэта мой першы самастойны трэк, што вельмі значна для мяне. Увогуле, я рыхтую альбом ужо другі год, а тут была дата — дзень нараджэння паэта, і я паставіла сабе такі дэдлайн: нарэшце дарабіць песню.
Канечне, мая візітоўка для беларускіх слухачоў — песня “Як ты” ці, можа, “Лецейка-лета”. Але ёсць у мяне і песня “Сарафан” на рускай мове, якая вельмі папулярная ў інтэрнэце сярод дзяцей. Існуе мноства перапевак, самадзейных кліпаў і сотні тысяч праглядаў. У мяне насамрэч вельмі многа самых розных песень, на гэты момант недзе 60. І пытанне пра тое, якія трапяць у альбом, толькі ў тым, ці будуць гатовыя аранжыроўка і запіс.
У альбоме будуць і рускія, і беларускія тэксты. Гэтым разам без украінскіх. Проста ў мяне з’явіўся яшчэ адзін комплекс — пра дрэннае ўкраінскае вымаўленне (смяецца).
— У новае сцэнічнае жыццё вы пайшлі і з новым сцэнічным імем — проста Palina. Перараслі Рэспубліку?
— Так, я вырашыла адмовіцца ад Рэспублікі. Можа, і гучала гэта па-дзіцячаму пафасна, але ж гучала! Сваю справу гэты псеўданім зрабіў. А цяпер у мяне няма гурта, я прадстаўляю саму сябе, таму проста Palina. Можа, і гэта не назаўсёды.
Недзе з год таму я пачала выступаць больш-менш пастаянна, ва Украіне мне пашчасціла выступіць на трох вялікіх фестывалях — “Файне місто”, “Рэспубліка” і “Захід-фэст”, летам у Расіі быў фестываль “Дикая мята”. А яшчэ мне пашчасціла выступіць у Швецыі і Швейцарыі. У Беларусі канцэрты ёсць. Выступаю з сінтэзатарам і з гітарай — фіфці-фіфці. Я б магла іграць і болей канцэртаў, але пакуль не вырашанае пытанне, з кім пакідаць дзіця.
— У вас выступленняў, і іншай цікавай працы цяпер болей нават ва Украіне, чым у Беларусі…
— Сапраўды, я цяпер уваходжу ў больш шчыльны кантакт з украінскай сцэнай, мяне там вельмі цёпла прымаюць, і там многа падзей, фестываляў, тэлепраектаў. Магчыма, ужо варта пачынаць думаць пра нейкія прафесійныя моманты менеджменту. Не бачу праблем, каб працаваць не толькі ў Беларусі, але і ва Украіне.
— Вяртаючыся да песні “Як ты”. Хоць вы і бачыце там цяпер памылкі, да зместу ж прэтэнзій не маеце? “Гэта мая прастора, гэта мая краіна, край, любы край адзіны…”
— Як ні дзіўна, у слухачоў бываюць розныя версіі, пра што песня. Нехта думае, што гэта прысвячэнне салдату ці што яшчэ. Я, канечне, напісала патрыятычны твор, пра Радзіму. І напісала, калі яшчэ ў школе вучылася, з юнацкім максімалізмам, пафасам. З гадамі пафас адыходзіць — сэнс застаецца. Памятаю, што тады ў школе я рыхтавала практычную работу па тэатральнай студыі Ігната Буйніцкага, і мы з настаўніцай гарталі старонкі старой “Нашай нівы” пачатку ХХ стагоддзя, і там было нямала такога ўзвышанага — “не спыніць, не стрымаць”. І я заразілася. А ўвогуле, класе ў 6-м мы з сяброўкай схадзілі ў Таварыства беларускай мовы. І там ледзь не ўпершыню я пачула такое прыгожае, меладычнае беларускае слова. Адтуль жа трапіла на канцэрт “N.R.M.”, таму і пачала пісаць па-беларуску.
Узрост робіць сваю справу, і цяпер мяне нават раздражняе катэгарычнасць і зацятасць некаторых людзей, якія пачынаюць папракаць мяне за тое, што я выканала песню на рускай мове. Могуць падысці пасля канцэрта і выказаць сваю незадаволенасць. А на тое, што акрамя беларускай я спявала і на ўкраінскай, і на французскай, не зважаюць. Ці калі з’ездзіла ў Санкт-Пецярбург, то я для іх здрадніца.
У мяне цяпер такая пазіцыя, што расійскамоўнаму слухачу я магу данесці беларускую мову менавіта праз мае рускія песні. Яны паслухаюць які трэк, потым даведаюцца, што я з Беларусі, пачнуць слухаць і беларускія, цікавіцца нашай культурай.
— Раней вы казалі, што не ведаеце, як словамі назваць сваю любоў да Радзімы. Магчыма, цяпер ужо прасцей? Ці думаеце вы ўвогуле пра такія рэчы?
— Я нямала пра гэта думаю. І чым больш бачу іншы свет, тым лепей разумею сваю Радзіму. Канечне, бывае складана палюбіць усё, што ў нас тут ёсць. Пачынаючы з геаграфічнага становішча і адсутнасці мора (смяецца). Але палюбіць і зразумець месца, дзе ты жывеш, важна, як палюбіць самога сябе, разумеючы cвае мінусы, недасканаласці і разам з тым моцныя бакі. Палюбіць тое, які ты ёсць, што ты можаш развіць у сабе. Калі гэтага не будзе, цяжка знайсці сваю дарогу, і можна стаць няшчасным чалавекам,.Чалавек не атаясамлівае сябе з тым месцам, дзе нарадзіўся, вырас, са сваім асяроддзем, і тады з’язджае, спрабуе ўпісацца ў іншае месца. Тут не змог, а змагу там. Але ёсць іншая пазіцыя: можа, у нас тут не ўсё добра, тым не менш адсюль нікуды не паеду. Навошта ехаць, напрыклад, у Еўропу і рабіць тое, што там і так ёсць каму рабіць? Лепш я зраблю гэта ў сваёй краіне, можа, зраблю першым, зраблю для маленькага кола людзей, тым не менш гэта будзе сваё, роднае і таму больш значнае.
— Значыць, ваш патрыятызм і ў тым, што вы менавіта тут усё робіце, нікуды не з’язджаеце?
— На гэты момант я думаю так. Што, безумоўна, не азначае, што я замкнуся ў Беларусі. Выступаць я хачу многа дзе, для самай рознай публікі. І прадстаўляць там Беларусь.
Надзея Кудрэйка