У адной з цэнтральных кавярняў Мінска “Гудвін” сабраў сваіх сяброў і прыхільнікаў малады паэт і бард Максім Знак. Канцэртную праграму да дня народзінаў ён пабудаваў у форме квэсту. Госці адказвалі на пытанні гістарычнай віктарыны і сябры па чарзе прадстаўлялі кожны з цыклаў песень паэта. А іх у яго багата: Гарады. Казкі. Мора. Ёсць збор тэмпераментных песень пра піратаў. Лятучы галандзец нясецца на хвалях, іншы ветразь вынырвае з падземнай ракі Нямігі і імчыцца па Свіслачы. Гімны гарадам Ракаву, Крэву, Вільні і Празе, складзеныя аўтарам, ўзвышаюць дух. У яго ўяўленні ўзнікаюць “ прывіды сцягоў над прывідамі вежаў”, ” высокія муры замест каменных рэштаў”. Яго ўлюбёнымі паэтамі з’яўляюцца Рыгор Барадулін, Уладзімір Караткевіч, Анатоль Сыс, а яго настаўніцай па вакале была Іна Перасецкая.
Лепшыя сябры звярнулі ўвагу на мэтанакіраваны характар барда. З пяці гадоў ён самастойна ездзіў на танцы, у юнычыя гады займаўся боксам, таэквандо, а ў сёмым класе захапіўся гітарай. Знаёмых ён заахвоціў далучыцца да спартовага клуба “ Вікторыя”, у якім моладзь удзельнічае ў марафонскіх забегах. Сам бард актыўна займаецца спортам і ўсё робіць з максімальным імпэтам.
Першы ягоны верш, надрукаваны на сайце “Нашай Нівы”, быў прысвечаны аднайменнаму герою Максіму Знаку, які жыў пад Гародняй. Максім запісаў тры альбомы песень, двойчы ўдзельнічаў у фестывалі бардаўскай песні ў Бельску Падляскім – ў 2011 і ў 2016 гадах. Жонка Надзея і сын Алесь выказалі на вечарыне яму словы падтрымкі і ўдзячнасці.
Эла Дзвінская, фота аўтара