Скрыпачка гурта Vuraj Анастасія Папова прэзентуе ўласны ЕР, у стварэнні якога ёй дапамаглі калегі па фольку.
“Назва Sneguole паходзіць ад літоўскага імя Snieguole, што можа перакласці як “пралеска”, – кажа Анастасія. – Мая мама хацела даць мне такое імя, рэч у тым, што я нарадзілася ў Літве ў красавіку і ў той дзень пайшоў снег. Што праўда, маці перадумала”.
Калі вы чакаеце ад рэліза фолька, які мы прывыклі чуць у выкананні гурта Vuraj, то папярэджваем – Sneguole гэта хутчэй сумесь жанраў, нават пры тым, што галоўны складнік — сапраўдны фальклёрны матэрыял — застаецца на месцы.
Песні, а іх усяго чатыры, паходзяць з розных рэгіёнаў Беларусі, а вакальную партыю ў “Плыве Човен” выконвае Надзея Шылавец, адна са старэйшых носьбітаў спеўнай традыцыі Піншчыны.
“Яе выкананне стала адным з наймацнейшых перажыванняў звязаных з фолькам, – каментуе Анастасія. – Раней я б ніколі не падумала, што захачу працаваць з фальклёрам: мае прыярытэты хутчэй тычылися спалучэння акадэмічнага мінімалізма з электронікай. Прынамсі, мне заўжды хацелася паспрабаваць сябе менавіта ў гэтым накірунку, а выйшла нешта зусім іншае”.
У запісе бралі ўдзел:
Анастасія Папова – скрыпка, аранжыроўка, электроніка
Сяргей Доўгушаў – вакал, колавая ліра
Надзея Шылавец – вакал
Іван Арцімовіч – гітара
Данііл Залесскі – бубны
Віктар Сямашка – кларнет
Звядзенне – Андрэй Багданаў
Мастэрынг – Павел Сініла
Запіс – studio Forz, Vozdookh, Everest
Паводле прэс-рэлізу