Гістарычная драма «12 гадоў рабства» рэжысёра Стыва Макуіна атрымала галоўную прэмію «Оскар» як найлепшы фільм года.Заснаваная на рэальнай гісторыі стужка абышла шэраг іншых намінантаў, сярод якіх — фільмы «Афёра па-амерыканску», «Воўк з Уол-стрыт», «Гравітацыя», «Даласкі клуб пакупнікоў», «Капітан Філіпс», «Небраска», «Яна» і «Філамена».
Найбольшай папулярнасцю ў акадэмікаў у гэты вечар карысталася «Гравітацыя». Касмічны тэхнатрылер атрымаў адразу сем прэмій «Оскар», а Альфонса Куарон быў прызнаны найлепшым рэжысёрам.
Найлепшым выканаўцам і выканаўцам галоўных роляў сталі Мэцью Маконахі («Даласкі клуб пакупнікоў») і Кейт Бланшэт («Язмін»).
«Халоднае сэрца» студыі Walt Disney Animation Studios прызналі найлепшым поўнаметражным мультфільмам. У гэтай намінацыі таксама быў «Вецер мацнее» Хаяа Міядзакі.
Найлепшым дакументальным фільмам на 86-й цырымоніі Амерыканскай кінаакадэміі стаў «За 20 футаў ад таго, каб стаць зоркай».Кінакрытыкі таксама не пакінулі без увагі фільм «Яна», узнагародзіўшы Спайка Джонза за найлепшы арыгінальны сцэнар.