Кнігарня “Логвінаў” у галерэі “Падземка” (пр. Незалежнасці, 43) прапануе сваім чытачам кожны чацвер з 18.00 да 19.00 набыць кнігу з рук сапраўднага беларускага літаратара. Прыходзь, каб атрымаць аўтарытэтную параду, аўтограф ці проста паглядзець. 16 красавіка — сустрэча з Вікай Трэнас.
Віка Трэнас (Вікторыя Ляйкоўская) нарадзілася ў 1984 г. у Мінску. Скончыла філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта (беларускае аддзяленне, 2007), вывучала філасофію і літаратуру ў Беларускім Калегіуме. Цяпер працуе рэдактарам аддзела паэзіі часопіса “Маладосць”. Піша на беларускай і рускай мовах. З вершамі, эсэістыкай, літаратурнай крытыкай выступае ў перыёдыцы з 2000 г. З’яўляецца літаратурным аглядальнікам інтэрнет-выдання “Новая Эўропа” http://www.n-europe.eu/, супрацоўнічае з часопісамі “Паміж”, “pARTisan”, “Тэксты”. У цяперашні час актыўна займаецца арганізатарскай і менеджэрскай дзейнасцю: супольна з паэткай Юліяй Новік ажыццяўляе доўгатэрміновыя літаратурна-мастацкія праекты “Выявы”, “Францыя ў сэрцы Беларусі”, праводзіць фестывалі, конкурсы, майстар-класы, канцэрты, выставы, творчыя сустрэчы-дыскусіі, разнастайныя імпрэзы пры дапамозе і з удзелам маладых актуальных беларускіх пісьменнікаў, музыкантаў, мастакоў. Аўтар паэтычных кніг “Цуд канфіскаванага дзяцінства” (Мінск: Логвінаў, 2005), “Экзістэнцыйны пейзаж” (Мінск: Галіяфы, 2008). Творы перакладаліся на рускую, нямецкую, балгарскую, шведскую і французскую мовы.
Блог Вікі Трэнас http://vika-trenas.livejournal.com/
E-mail: [email protected]