75 гадоў таму ў нашай гісторыі адбылася неадназначная падзея, да якой можна ставіцца па-рознаму: у выніку паходу Чырвонай арміі на Польшчу Заходняя Беларусь была далучаная да БССР.
Яшчэ можна пачуць слова “аб’яднанне” альбо, што яшчэ цікавей, “уз’яднанне беларускага народа”. У залежнасці ад выбару тэрміна мяняецца і інтанацыя, і ацэнка падзеі. Калі “далучэнне” носіць досыць нейтральны характар, то “ўз’яднанне” адразу надае пазітыўную афарбоўку, з якой цяжка паспрачацца. Бо хто будзе выступаць супраць аб’яднання народа ў адно цэлае? Слушна, толькі ворагі гэтага народа. І такая аргументацыя, здавалася б, павінная ставіць у тупік.
Але паглядзім на здарэнні 1939 года з іншага боку – польскага. Для палякаў яны – непрыхаваны акт агрэсіі супраць іх дзяржавы. І вось тут паўстае дылема, балючая для вырашэння і нават успрымання. Што важнейшае ў гісторыі – дзяржава альбо нацыя? Чые інтарэсы павінныя быць перадусім?
Усё, здавалася б, відавочна: Савецкі Саюз, няхай і па ганебнай дамоўленасці з нямецкімі фашыстамі і б’ючы канаючай Польшчы ў спіну, выканаў вельмі важную для беларускай нацыі гістарычную місію – аб’яднаў яе ў адно цэлае, не даў раздрабніцца, зрабіў так, каб беларусы на сваёй зямлі маглі быць разам. Але давайце спачатку паставім пытанне – а ці заўсёды існаванне нацыі ў розных дзяржаўных арганізмах – кепска? Што было б з Украінай, калі б Галіччына ў ХІХ ст. не ўваходзіла ў склад Аўстра-Венгрыі?
Неяк нязвыкла для чалавека, выхаванага па савецкіх узорах і крыху абазнанага ў падзеях 75-гадовай даўніны, фраза “савецкая агрэсія беларускага народа”. Сапраўды, Саветы ўдарылі па Польскай дзяржаве, але ж для нас гэта чужая дзяржава, выразнік нацыянальнага прыгнёту ў міжваенны час. У савецкую эпоху ідэолагамі і навукоўцамі асабліва падкрэсліваўся нацыянальны аспект у дзеяннях сталінскага Савецкага Саюза, які стараўся дзеля дабра беларускага і ўкраінскага народаў.
На той факт, што “шчасце і вызваленне” неслася на штыках і пры гэтым, як у канцы XVIII ст., расцярушвалася і знішчалася Польская дзяржава, папросту закрывалі вочы, нібыта яго не існавала. Але давайце сабе ўявім, што аб’яднанне для беларусаў прыйшло з іншага боку. Канечне, на іншых умовах, ідэях і прынцыпах. Але ж аб’яднанне! Дык давайце запытаемся: з’яднанне Беларусі пад крылом Польшчы альбо той жа фашысцкай Германіі было б само па сабе станоўчай з’явай для развіцця беларускай нацыі? Гэтае рытарычнае пытанне няхай пакажа ўсю крывадушнасць савецкай прапагандысцкай машыны.
Мала хто згадвае, што далучэнне Заходняй Беларусі для Сталіна было яшчэ адным крокам на шляху ажыццяўлення запаветнай бальшавіцкай мары – сусветнай камуністычнай рэвалюцыі. Савецкі Саюз па сутнасці быў класавай дзяржавай, і нацыянальныя акцэнты ў яго палітыцы гралі толькі ролю ідэалагічнай, прапагандысцкай зброі, былі зручным тэхнічным сродкам для працы над масамі. Можна заўважыць, як тонка бальшавікі выкарыстоўвалі ў сваёй рабоце з заходнебеларускім насельніцтвам прынцыпы і каштоўнасці, абсалютна не ўласцівыя іх сістэме і светапогляду. “Свабода” – БССР паказвалася як край з усімі магчымасцямі для вольнага нацыянальнага развіцця. “Павага” – у БССР кожны беларус шанаваўся як паўнавартасная асоба, не было і ценю прыгнечанасці альбо адчування ніжэйшага статусу. “Багацце” – Савецкая Беларусь прадстаўлялася як заможны край, дзе беларус без усялякага прыціску можа апрацоўваць зямлю і працаваць на фабрыках і заводах.
17 верасня заходнія беларусы атрымалі зусім не тое, чаго чакалі. Замест спадзяванай свабоды прыйшоў татальны кантроль над усімі сферамі жыцця. Ім змяніўся нацыянальны ўціск, які назіраўся з боку польскіх уладаў у 30-я гг. ХХ ст., якія маніякальна пачалі бачыць ва ўсім беларускім руку бальшавіцкай Масквы.
Мяжа, пастаўленая паміж Польшчай і СССР, да 1941 г. так і не была адкрытая бальшавіцкімі ўладамі для свабоднага перамяшчэння беларускіх людзей. Заходнія беларусы так і не змаглі пабачыць на ўласныя вочы, як заможна і шчасліва жывуць землякі на ўсходзе. Здаецца, нішто так выдатна не адлюстроўвае сутнасць падзей вакол Заходняй Беларусі ў 1939 годзе, як гэты факт. Ён нагадвае, што не трэба паддавацца прапагандысцкім напевам, а глядзець на ўласную гісторыю, часта трагічную і драматычную, шырока адкрытымі вачыма.
Андрэй Янушкевіч