05.01.2017 | Гісторыя

1917 — дабро ці зло для Беларусі?

Узброеныя атрады юнкераў, настроеныя супраць бальшавікоў на вуліцах Масквы, 1917 год.

Узброеныя атрады юнкераў, настроеныя супраць бальшавікоў на вуліцах Масквы, 1917 год.

Выглядае, што ўвесь 2017 будуць аналізавацца ўрокі 1917-га. Беларусь застаецца ў расейскім інфармацыйным полі — пад уплывам ня толькі Салаўёва і К, але і (праз інтэрнэт, пераважна) не закранутых імпэрскім вірусам інтэлектуалаў. І вось тут узьнікае рызыка трапіць у палон расейскіх ацэнак, якія для Беларусі могуць мець адваротнае значэньне.

Ну напрыклад, вельмі спрошчана. Лютаўская рэвалюцыя 1917 — зло ці дабро для Расеі? Калі браць асобна — дабро (хаця ўжо пасьля царскіх указаў 1905-1906 гг. манархія мела канстытуцыйны характар, але пасьля падзеньня самадзяржаўя дэмакратыя была поўная, выпусьцілі палітвязьняў і г.д.). Калі ж разглядаць лютаўскія падзеі ў кантэксьце гісторыі — зло, бо зь яе выйшла (хаця і не была непазьбежнай) рэвалюцыя кастрычніцкая (менавіта такая ацэнка ў Салжаніцына). А кастрычніцкая рэвалюцыя (альбо, як яе называлі першыя гады самі арганізатары — пераварот) — ужо бяз варыянтаў абсалютнае для Расеі зло.

Ну а для Беларусі? Нібыта таксама ясна: зло, ды яшчэ якое. Да ўлады прыйшлі бальшавікі, яны падавілі ў крыві Беларускую Народную Рэспубліку, а праз два дзесяцігодзьдзі стварылі Курапаты.

Але калі б лютаўскай ды кастрычніцкай рэвалюцыяў ня здарылася? І, адпаведна, Расея працягвала б нарошчваць, як мы цяпер кажам, эканамічны патэнцыял? Ды разьвіваць дэмакратычныя інстытуты?

Ці магла б разьлічваць Беларусь на незалежнасьць ва ўмовах «дэмакратычнай», эканамічна заможнай Расейскай імпэрыі (адпаведна — з моцнай дзяржаўнай машынай і моцным апаратам стрымліваньня)? Для мяне ясна, што ўмоўны Сталыпін (рэальны Сталыпін, якога цяпер лічаць страчаным шанцам Расеі, быў забіты ў 1911-м) — у «нацыянальных ускраінах», у той жа Беларусі, усякія нацыянальныя рухі падавіў бы ня менш жорстка і крывава, чым Ленін і Троцкі — БНР.

І тут мы можам прыгадаць, што ўтварэньне БССР было адказам камуністаў менавіта на БНР, а наяўнасьць у беларусаў хай сабе і квазісувэрэннай БССР (у Канстытуцыі БССР была зафіксавана сувэрэннасьць) — дазволіла Вярхоўнаму Савету 25 жніўня 1991-а абвясьціць незалежнасьць (ніводная з дзесяткаў аўтаномных ССР незалежнай дзяржавай так і не зрабілася).

Паўтараю, што мая схема вельмі спрошчаная — а гісторыя, як мы ведаем, шматварыянтная, і адпаведна, ацэнкі таксама могуць розьніцца. Але менавіта таму хацелася б, каб беларускія прафэсійныя гісторыкі выпрацавалі наш, беларускі погляд на той 1917 год (і ня толькі на яго, канешне).

Сяргей Навумчык, Радыё Свабода


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика