З часоў, калі “Пікнік” стаў лаўрэатам (адным з першых!) таго самага, першага фестывалю Ленінградскага рок-клуба, што прайшоў у горадзе на Няве ў 1983 годзе, ва ўдзельнікаў гурта з’явілася добрая традыцыя — яны да кожнай сваёй круглай даты рыхтуюць яркае тэатралізаванае шоу, “чтобы нас не только слушали, но и смотрели”.
Так, за “30 светлавых гадоў” калектыў на чале з Эдмундам Шклярскім назапасіў цудоўную калекцыю дзіўных сімвалаў-рэчаў, выдатных кампазіцый і тагасветных істот, якія жывуць самастойным жыццём сярод загадкавых дэкарацый. І часам, у вялікія святы, паказваюць гледачам твар.
Канцэртная зала “Мінск” ператварылася ў своеасаблівую машыну часу, дзе перад гледачамі за дзве гадзіны пранеслася амаль уся гісторыя гурта: ад “Танца волка” да “Театра абсурда”. З дыму, на фоне егіпецкіх дэкарацый па краях і велічэзнага “пікнікоўскага” сімвалу па цэнтры, на сцэне з’явіліся ўдзельнікі: нязменны вакаліст Эдмунд Шклярскі, ударнік Леанід Кірнос, бас-гітарыст Марат Карчэмны і клавішнік Станіслаў Шклярскі (сын).
Атмасфера “фіялетава-чорнай” таямніцы напоўніла залу з першых кампазіцый. У “Егіпцяніне”, адной з візітовак “Пікніка”, прагучаў дзіўны, сюррэалістычны “новаегіпецкі інструмент”. А ў “Начы” на сцэне з’явіўся добра знаёмы яшчэ з 90-х вампір-гігант. Няхай нехта скажа, што гэтыя песні змрачнаватыя. Але калі дапусціць, што вампір — усяго толькі вобраз, а любоў — толькі прыём, то ўсё ўмомант стане на свае месцы, і ад суму не застанецца і следу. Містыка? Напэўна…
На канцэртах “Пікніка” лёгка можна сустрэцца як з цалкам відавочным, так і з немагчымым. Ці варта здзіўляцца, што падчас першага аддзялення новая частка канцэртных дэкарацый — гіганцкая рука, спярэшчаная таемнымі знакамі, — вырасла амаль удвая, а ў другім наогул пачала выпраменьваць шматзначнае святло?
Пакуль у антракце гурт адпачываў, гледачы спусташалі бар, а фанаты шчыльным колам абступілі столік з фірмовай прадукцыяй. Тут можна было набыць майкі, шалікі, сумкі (130-180 тыс.) і абзавесціся апошнімі альбомамі, бо, да прыкладу, зборнік “30 световых лет” можна здабыць толькі на канцэртах.
Пачатак другога аддзялення адзначыўся трыма ўдарамі ў гонг са знакавых для “Пікніка” “Иероглифов”. Цуды працягваліся. У “Фетише” на сцэне апынулася дзяўчына з грувасткай канструкцыяй на галаве — удасканаленай арфай. Чулі б вы, як гэта гучала!
Было выканана яшчэ шмат хітоў, сярод якіх — “Говорит и показывает”, “Заратустра”, “Шарманка”, “Из мышеловки”, “Играй, музыкант”, “От Кореи до Карелии”, “Я почти итальянец” і іншыя.
Прадстаўнікі службы аховы да сярэдзіны другога аддзялення не давалі гледачам развярнуцца, але, трэба аддаць належнае вялікай сіле мастацтва, у выніку здаліся, на радасць публікі, якая не магла ўседзець на месцы. Людзі падаліся да сцэны: спявалі, пляскалі, скакалі, гулялі з паветранымі шарамі.
Музыкі роўна і спакойна адпрацавалі праграму, выйшлі на біс, на паклон… і растварыліся ў закуліссі, каб матэрыялізавацца тут жа гадоў праз пяць.
Зарына Кандрацьева