Колькі рускіх у Брытаніі? Лондан сёння – гэта Лонданград, Лонданістан ці Варшава-на-Тэмзе? Амбасадар Яе Вялікасці Брус Бакнэл “выйшаў у поле” – паездзіў дзень па сталіцы Вялікабрытаніі на аўтобусах і метро, спраўдзіў дадзеныя статыстыкі і падзяліўся з намі вынікамі свайго даследавання!
Час ад часу беларусы кажуць мне, што Лондан прыцягвае рускіх. Брытанскія СМІ рэгулярна публікуюць рэпартажы на гэтую тэму. Напрыклад, у газеце Guardian нядаўна сцвярджалася, што ў Маскве-на-Тэмзе жыве 150 тысяч расійцаў. А дзве нашыя газеты, Independent і лонданская Evening Standard, увогуле належаць рускаму.
На мінулым тыдні я правёў дзень у Лондане, наведваючы сходы, прысвечаныя Беларусі. Раз’язджаючы па горадзе на аўтобусах і метро, я змог удосталь паразважаць на гэтую тэму.
Рускамоўная публіка сустракалася на маім шляху — студэнты, якія накіроўваліся ў Брытанскі музей, і сям’я ў метро. Але іншыя мовы я чуў значна часцей, асабліва іспанскую і нямецкую. На адной з плошчаў я пазнаёміўся з немкай, якая збірала інсталяцыю мастака з Чылі.
У горадзе мне сустрэлася некалькі шыльдаў, напісаных кірыліцай. Аднак найбольш яскрава сябе праявілі бразільцы: паўсюль былі іх сцягі, а майкі зборнай Бразіліі па футболе — апошні піск моды ў гэтым сезоне (вось і прайшоў час Юніян Джэка…)
У супермаркеце ў маім раёне Лондана з’яўляюцца ўсё новыя прадукты з Польшчы, хоць страваў і інгрэдыентаў паўднёваазіяцкай кухні ўсё ж нашмат больш. Брытанцы ўсёй душой палюбілі кары і іншыя паўднёваазіяцкія стравы.
Гарызантальны горад з вертыкальным цэнтрам
Падарожнічаючы па Лондане і гледзячы на яго свежымі вачым
а, я зразумеў, што сталіца Вялікабрытаніі застаецца гарызантальным горадам. Тут можна ўбачыць і доўгія шэрагі дамоў на ўскраінах, і загарадныя катэджы. Адметная рыса Лондана — так званыя «вёскі» (villages), маленькія раёнчыкі з мноствам паркаў і сквераў.
Цэнтр жа горада, аднак, пачаў расці ўверх. Высокія цэны на нерухомасць у Лондане не радуюць ні шараговых брытанцаў, ні ўлады: кошт жыцця ў Лондане павышаецца ў параўнанні з іншымі гарадамі Вялікабрытаніі. Вертыкальны горад — гэта спроба вырашыць праблему павышанага попыту на жыллё.
Калі параўноўваць Лондан з Мінскам, то ў апошнім значна больш вышынных жылых дамоў. У Лондане большасць хмарачосаў займаюць офісы, і сканцэнтраваныя яны ў асноўным у раёне пад назвай Сіці. Але калі колькасць тых, хто прыязджае ў Лондан у пошуках працы, працягне расці, сітуацыя можа змяніцца.
Ідзе будаўніцтва
У Лондане будуюцца не толькі хмарачосы, але і аб’екты інфраструктуры. Падчас мінулага візіту ў маі мне давялося праязджаць каля вакзала Вікторыя. Я і не падазраваў, што на вакзале і на прылеглай тэрыторыі праводзіцца такая маштабная рэканструкцыя, што маё таксі 10 хвілін не магло адтуль выехаць.
Будаўнічыя работы вядуцца і на станцыі метро Tottenham Court Road у пачатку Оксфард-стрыт. Гэтая станцыя стане часткай новай транспартнай галіны пад назвай Crossrail, якая дазволіць перасоўвацца па Лондане хутчэй і на большыя адлегласці. Мяркую, што гэта яшчэ адзін спосаб вырашэння праблемы высокага кошту жылля: Crossrail звяжа прыгарадныя раёны на захадзе з усходнім Лонданам, куды паступова перамяшчаюцца фінансавыя арганізацыі.
На сайце Crossrail гаворыцца (як на мяне, вельмі паэтычна), што маршрут “пройдзе ад станцыі да станцыі праз спляценні ліній метрапалітэна, каналізацыйную сістэму, сеткі камунікацый і падмуркі будынкаў”. Інфраструктура Лондана, у прыватнасці метро, была створаная больш за сто гадоў таму ў адпаведнасці са стандартамі таго часу. Таму маштабныя інфраструктурныя праекты ў брытанскай сталіцы вельмі складаныя і дарагія.
Лонданхайм, ці Варшава-на-Тэмзе
Пасля вяртання ў Мінск я правёў невялікае расследаванне па пытанні колькасці рускіх у Брытаніі. Трэба сказаць, што ўражанне, прывезенае з Лондана, аказалася блізкім да рэальнасці. Паводле дадзеных Бюро нацыянальнай статыстыкі, па выніках перапісу 2011 года, рускія займаюць 36-е месца сярод супольнасцяў замежных грамадзян, якія пражываюць у Вялікабрытаніі.
Самыя буйныя супольнасці складаюцца з грамадзян альбо краін Садружнасці (якія раней уваходзілі ў склад Брытанскай Імперыі), альбо краін — сябраў ЕС, чые жыхары маюць права пражываць у Злучаным Каралеўстве. Такім чынам, найбуйнейшымі з’яўляюцца супольнасці палякаў (700 000), індыйцаў (348 000) і ірландцаў (314 000). За імі ідуць пакістанцы, немцы і іншыя краіны Еўрасаюза.
Вядома ж, афіцыйная статыстыка не можа ўлічваць “ахвоты да перамены месцаў” найбагацейшых жыхароў краіны, ды і памер супольнасці — гэта ўсяго толькі адна з мерак. За апошняе дзесяцігоддзе расійцы ўклалі значную колькасць сродкаў у куплю нерухомасці і іншыя інвестыцыі ў Вялікабрытаніі. Але для прыцягнення ўвагі досыць усяго некалькіх знакамітых імёнаў — напрыклад, уладальнікаў футбольных клубаў Прэм’ер-лігі або газет.
Таму я раблю выснову, што ідэя Лонданграда — гэта свайго роду клішэ, якое журналісты (і блогеры МЗС) выкарыстоўваюць для прыцягнення чытачоў.
Рэальнасць жа нашмат больш складаная. У Лондане жыве мноства замежнікаў, але ні адна супольнасць не дамінуе над іншымі. У гэтым і ёсць усё хараство майго горада — у яго разнастайнасці і касмапалітызме (але астатняй Англіі гэта наўрад ці даспадобы). Нашмат больш абгрунтавана было б назваць яго Лонданхайм (або Лонданбург?), Лонданістан (па вызначэнні аднаго выбітнага былога калегі) або Варшава-на-Тэмзе (асабліва ў заходніх раёнах Хэмерсміт ці Ілінг).
Падчас раз’ездаў туды-сюды па Лондане давялося мне прайсці і па Трафальгарскай плошчы ў самым яго сэрцы. Разам з калонай у гонар адмірала Нэльсана, пераможцы Трафальгарскай бітвы з Напалеонам ў 1805 годзе, на плошчы ўсталяваныя чатыры пастаменты. Тры з іх занятыя статуямі двух выдатных генералаў і аднаго караля.
А чацвёрты пастамент на левым верхнім рагу плошчы пакінулі пустым. З 1999 года на ім пабывалі дзясяткі твораў мастацтва. Цяпер тут красуецца велізарны блакітны певень.
Гэта сімвал Францыі — цікавы выбар, калі ўлічваць, што плошча прысвечаная ваеннай перамозе над французамі. Але хто ж аўтар скульптуры? Сучасная нямецкая мастачка Катарына Фрытш. І гэта дае Лондану нашмат больш выразнае азначэнне, чым мог бы даць я ці хтосьці яшчэ.