“Я прызнаўся, што адукацыя маіх сыноў дарагая не толькі майму сэрцу, але і кашальку”, — Амбасадар Яе Вялікасці Брус Бакнэл расказвае пра якасць адукацыі ў Вялікабрытаніі, стаўленне брытанцаў да выбару ўніверсітэта для сваіх дзяцей, міжнародныя рэйтынгі і форум па якасці вышэйшай адукацыі ў Мінску.
Адукацыя, адукацыя і яшчэ раз адукацыя — менавіта такія прыярытэты для ўрада пазначыў былы прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі ў выпадку перавыбрання.
На мінулым тыдні я меў задавальненне выступіць на адкрыцці міжнароднага форуму, прысвечанага якасці вышэйшай адукацыі, у Мінску.
Са свайго вопыту зносін з уладамі розных краін я зразумеў, што кожны ўрад заклапочаны якасцю адукацыі ў сваёй краіне. Існуе мноства міжнародных рэйтынгаў для параўнання нацыянальных сістэм адукацыі. Але незалежна ад таго, як краіна паказвае сябе ў гэтым рэйтынгу, урад імкнецца забяспечыць неабходны ўзровень адукацыі для народа, які адпавядаў бы патрэбам краіны ва ўмовах глабалізацыі.
Слухачам форуму я расказаў, што ў бацькоў трохі іншыя прыярытэты. Я прызнаўся, што адукацыя маіх сыноў дарагая не толькі майму сэрцу, але і кашальку. І ў гэтым толькі доля жарту.
Я растлумачыў, што хачу, каб мае сыны атрымалі дыпломы ўніверсітэтаў, якія каціруюцца па ўсім свеце. Але мне хочацца таксама, каб адукацыя ўзбагаціла іх ведамі, новымі навыкамі і каштоўным вопытам. Я хачу, каб яны навучыліся самастойна думаць і вырашаць праблемы, авалодалі асновамі крытычнага мыслення. Я хачу, каб адукацыя падрыхтавала іх да прафесійнай дзейнасці.
Калісьці я пісаў аб адукацыі ў сталым узросце і пра тое, як яна дазваляе людзям, якія з нейкіх прычынаў не наведвалі навучальныя ўстановы, развівацца і расці над сабой. Фармальная адукацыя падыходзіць не ўсім: у нас мусіць быць права падабраць сабе адпаведны спосаб навучання.
Дзякуючы прагрэсу і перш за ўсё развіццю лічбавых медыяў сёння нам даступна значна больш магчымасцяў дыстанцыйнай адукацыі. У дадатак да шэрагу разнастайных курсаў, якія праводзяць брытанскія ВНУ (вячэрнія класы, навучанне па скарочанай праграме), усім, хто жадае, даступны цэлы новы свет дыстанцыйнага навучання анлайн, у тым ліку інтэрактыўныя праграмы.
Аднак уся гэтая разнастайнасць абвастрае праблему ацэнкі якасці адукацыі. Таму ўдзельнікам форуму я задаў пытанне: як яны ацэньваюць універсітэты, супастаўляюць цану і якасць, адпаведнасць чаканням студэнтаў і г.д.
Брытанскія бацькі (у тым ліку і я) вывучаюць велізарную колькасць інфармацыі аб універсітэтах, якую публікуюць найбуйнейшыя газеты: суадносіны колькасці выкладчыкаў і студэнтаў, узровень задаволенасці студэнтаў навучаннем, працэнт працаўладкаваных студэнтаў праз год пасля заканчэння і г.д.
Я прызнаўся слухачам, што забеспячэнне якасці адукацыі ў адукацыйных сістэмах розных краін мусіць быць яшчэ больш складанай задачай. Менавіта да гэтага і імкнецца Балонскі працэс у Еўрапейскай зоне вышэйшай адукацыі. Яго мэта дамагчыся прызнання вучоных ступеняў і кваліфікацый у розных краінах — проста выдатная. Але, як я зразумеў з выступаў экспертаў, яе не так лёгка дасягнуць праз наяўнасць «дадыпломавых» узроўняў адукацыі, не кажучы ўжо пра розныя віды ступеняў, якія прапануюць ВНУ.
На жаль, я не змог аддаць форуму больш часу праз занятасць. (У гэтым лёс дыпламата: мы можам прысвяціць таму ці іншаму пытанню толькі абмежаваны адрэзак часу, перш чым перайсці да чагосьці іншага.)
Не здолеў я трапіць і на выступ псіхолага, што проста ашаламіла публіку сваімі гісторыямі пра студэнтаў, якім не падабаецца вучыцца, пасля чаго перайшла да тлумачэння важнасці падыходу да навучання, які ўлічвае патрэбы студэнтаў. Яе прамова знайшла водгук у слухачоў, і нават я, хоць і не прысутнічаў на выступе, адразу ўспомніў, як ненавідзеў вучыцца ў свае студэнцкія часы, калі ў мяне не было выбару, што і як вывучаць.
Было асабліва прыемна, што мерапрыемства наведалі прадстаўнікі не толькі Беларусі, але і Расіі, Украіны і іншых краін: шмат розных людзей сабралася разам, каб абмеркаваць настолькі важную тэму.
У завяршэнне я сказаў, што ўпэўнены ў адным: незалежна ад вынікаў форуму адукацыя застанецца тэмай, якая хвалюе ўсіх. Не ўпэўнены, што са мной пагадзіліся; я ж як ніколі раней упэўнены ў тым, што пра адукацыю варта клапаціцца заўсёды. Таму што адукацыя — гарантыя паспяховай будучыні.
Брус Бакнэл