5 гарадоў, якія павінен наведаць кожны беларус, па меркаваннях А. Курэйчыка, М. Мартысевіч, І. Кірчука і Г. Вашчанкі.
Андрэй Курэйчык, драматург:
1. Санкт-Пецярбург, Расія. Беларусы ў большасці сваёй пазбаўленыя добрай архітэктуры. Яна была разбураная шматлікімі войнамі і гістарычнымі катаклізмамі. Яны забыліся, што значыць атрымліваць асалоду ад выгляду з акна, ад прыгажосці дамоў, панарам, плошчаў, усмоктваць вялікую культуру акурат на вуліцы. Жыхарам “малінавак, “шабаноў”, “чыжовак”, “уруччаў” проста неабходна даведацца, што свет складаецца не толькі з аднатыпных бетонных шматпавярховікаў…
2. Лос-Анджэлес, ЗША. Гэта самая вялікая і самая фешэнебельная вёска ў свеце! Лос-Анджэлес паказвае ідэальнае змяшэнне вясковай і гарадской эстэтыкі і жыццёвай логікі, спалучэнне найлепшых якасцяў таго і другога. Аказваецца, можна ў цэнтры горада жыць ва ўласным доме з садам, а вузенькая непрыкметная вуліца з двухпавярховымі дамкамі можа стаць марай для ўсяго свету, дзе ў кожнай другой кавярні можна сустрэць галівудскую “зорку” — я маю на ўвазе “Алею Зорак”. Дэвіз гэтага горада — жыццёвая прастора кожнаму чалавеку.
3. Вільня, Літва. Шмат стагоддзяў гэты горад быў цэнтрам беларускай культуры, тут выдавалі свае газеты і кнігі Янка Купала, Цётка, Якуб Колас. Вільня была цэнтрам беларускай адукацыі, беларускага нацыянальнага мыслення, беларускай вызваленчай барацьбы. Дасюль мне здаецца, што ў Вільні нашмат больш беларускага, чым у многіх уласна беларускіх гарадах. Няхай яна цяпер сталіца іншай краіны, але недзе глыбока ў душы мы адчуваем у гэтым горадзе нешта глыбока роднае.
4. Гавана, Куба. Горад, дзе сацыялізм такі перамог. Вялікая канкістадорская архітэктура, дамы з пустымі аконнымі праёмамі і без прыбіральняў, імпэтныя танцы ў цыгарэтным дыме, сэкс і махіта. Хэмінгуэй ведаў толк у жыцці. Аднойчы пабываўшы ў Гаване, абавязкова закахаешся ў яе, як у дзікунку, гатовую на ўсё дзеля дармавога кактэйлю. Горад для тых, каму пляваць на грошы, камфорт, правілы, паліткарэктнасць. Шчасце жабракоў, пісьменнікаў і хіпароў.
5. Нью-Ёрк, ЗША. Тут верыш, што чалавечая цывілізацыя можа ўсё. Вавілон нашых дзён, які складаецца не з адной, а з сотняў вавілонскіх вежаў. На Манхэтане, узняўшы галаву, вы не ўбачыце, дзе заканчваюцца дамы. Адчуванне, быццам яны ўпіраюцца рыхтык у неба. Гуляючы па вуліцы, вы ўбачыце людзей усіх нацыянальнасцяў, колераў скуры, веравызнанняў. На Брайтан-Біч вы апынецеся ў Адэсе 80-х, а ў Чайна-таўне пакаштуеце ўсіх жывых пачвар, якіх толькі можна злавіць на гэтай зямлі. Гэты вялікі горад — сімвал усяго чалавецтва.