Ліндсі Холмз (Lindsay Holmes) – адзін з рэдактараў сайта The Huffington Post, якая піша артыкулы пра псіхалогію і пра тое, як быць шчаслівым і ўраўнаважаным чалавекам.
Мне 20 з нечым, я фінансава незалежная жанчына, жыву ў Нью-Ёрку, і я разумею, што часам немагчыма практыкаваць тое, пра што я пішу ў сваіх артыкулах.
Тым не менш пэўныя выгады можна знайсці ва ўсім, што мы робім: усё залежыць ад таго, як мы разважаем. Большасць з нас пражывае жыццё ў пошуках шчасця, але не здагадваецца пра маленькія хітрыкі, з дапамогай якіх мы можам аблегчыць сваё падарожжа да жаданае мэты. Вось некаторыя з іх, пра якія я даведалася, калі толькі пачынала займацца гэтай тэматыкай:
Хопіць лічыць сябе няўдачнікам.
Пішучы гэты параграф, я выдаляла і перапісвала некаторыя сказы па чатыры разы (“Цьху, што азначае гэтая фраза?”, “Ці мае гэта хоць які-небудзь сэнс?”, “Не, гэта зусім дрэнна”, – вось толькі некаторыя з думак, якія апанавалі мой розум, калі я пісала гэты тэкст). Відавочная праўда палягае ў тым, што мы самі – нашыя самыя прыдзірлівыя крытыкі, асабліва калі ацэньваем уласную працу пасля яе завяршэння. Вельмі хутка праект, ад якога вы былі аднойчы ў захапленні, становіцца ўжо не такім добрым і вы заўважаеце недахопы ў ім. Факт жыцця ў тым, што мы ніколі не будзем ідэальнымі – і папраўдзе гэта вельмі добра. Пачынайце рабіць тое, што вам трэба зрабіць, з пазітыўным настроем, а не крытычным; давярайце сваім інстынктам, калі робіце штосьці, у чым вы спрактыкаваныя і ўпэўненыя. Хутчэй за ўсё вы недаацэньваеце самі сябе. (P.S. Урэшце я напісала гэты параграф менавіта так, як і задумвала з самага пачатку.)
Захоўвайце цудоўныя моманты жыцця ў памяці, а не ў навамодным гаджэце.
Гэты фотаздымак быў зроблены на Дзень незалежнасці ЗША падчас аднаго з самых вялікіх шоу феерверкаў, якія я калі-небудзь бачыла на свае вочы. Піратэхнічнае свята атрымалася на славу – і ўсе назіралі за ім праз экраны тэлефонаў. Усё, што застанецца ў гэтых людзей, – толькі некалькі фотак расплывістых чырвоных і сініх плямаў на фоне начнога неба, але яны не захаваюць свае ўражанні ў памяці. Даследаванне паказвае, што людзі, якія робяць фатаграфіі, напрыклад, твора мастацтва, фактычна нічога не памятаюць пра гэты твор – у адрозненне ад тых, хто не фатаграфаваў, а проста атрымліваў асалоду ад назірання за прыгажосцю.
Зразумела, што і ў мяне самой ёсць недахопы, калі справа даходзіць да карыстання смартфонам. І ўсё ж я заўжды спрабую захоўваць у памяці, а не ў гаджэце, самыя важныя моманты свайго жыцця – я смакую імгненні, якія дазваляюць мне адчуваць сябе жывой і шчаслівай. Некаторыя з маіх найлепшых успамінаў засталіся ў памяці толькі дзякуючы таму, што я сапраўды “згубіла” сябе, поўнасцю растварылася ў гэтым моманце і забылася, што гэта абавязкова трэба сфоткаць: выступ майго любімага музычнага гурта на вечарыне ў губернатара; я ўпершыню трымаю ў руках свайго пляменніка; мы ляцім над Манхэтэнам на маленькім экскурсійным самалёце. Я была “жывая” ў гэтыя моманты, я “жыла” ў гэтыя імгненні. Нават самая геніяльная фатаграфія ў свеце не ў стане адлюстраваць пачуцці, якія я адчувала ў гэты час.
Усміхніцеся ці паразмаўляйце прынамсі з адным незнаёмцам.
Забудзьцеся, што казалі вам вашыя бацькі наконт размоў з незнаёмцамі, вы ўжо дарослыя, і гэтае правіла не для вас. Увогуле мы схільныя ігнараваць людзей, напрыклад, калі едзем у грамадскім транспарце, а вось нядаўняе даследаванне, праведзенае ў Чыкага, сцвярджае, што размовы з незнаёмцамі па дарозе на працу ці з працы дадому могуць значна палепшыць ваш настрой і агульнае самаадчуванне. Яшчэ адно даследаванне, якое праводзілася 4 гады, прыходзіць да тых самых высноў адносна сяброўства з суседзямі. Тыя, хто падтрымліваў сяброўскія ці прыяцельскія адносіны з людзьмі па суседстве, мелі меншую імавернасць атрымаць сардэчны прыступ. (Не факт, што тыя самыя вынікі атрымаюцца ў Беларусі, – рэд.)
Быць засмучаным час ад часу – таксама нармальна. У адным з фільмаў персанаж Кэмэран Дыяс прызнаецца, што яна не праліла ні слязінкі пачынаючы з 15 гадоў. Сур’ёзна? Можа падавацца, што такі стаіцызм – самы лёгкі спосаб пражыць жыццё, але праўда ў тым, што мы не можам увесь час трымаць праблемы ў сабе. На самай справе, навукоўцы кажуць, што захоўванне ўсіх сваіх засмучэнняў у сабе можа нанесці істотныя пашкоджанні нашаму фізічнаму і разумоваму дабрабыту.
Прыслухоўвайцеся да свайго мозгу, як прыслухоўваецеся да цела. Калі з намі штосьці не так фізічна, мы адчуваем гэта: забалеў страўнік, кружыцца галава, ныюць суставы. Цела “крычыць” пра тое, што здарылася нешта кепскае, а вось розум нашмат больш “маўклівы”.
Доктар медыцыны Джон Ф. Грэдэн, выканаўчы дырэктар Цэнтра па вывучэнні дэпрэсіі пры Мічыганскім універсітэце, тлумачыць, што мы часта разглядаем мозг і цела паасобку, у той час як у рэальнасці яны працуюць “у тандэме”. “На жаль, у сістэме аховы здароўя мы схільныя аддзяляць ментальныя праблемы і праблемы, звязаныя з фізічным целам, – кажа ён у інтэрв’ю The Huffington Post. – Калі ў вашых думках раптам з’яўляецца штосьці, што прыносіць вам нязручнасці і “коле” вас у галаву, не ігнаруйце гэтага. Не спісвайце гэтыя “болі” толькі на тое, што вы занадта “эмацыйны”.
Усё магчыма. Я вырасла ў штаце Фларыда, але заўсёды марыла жыць і працаваць у Нью-Ёрку. Калі я пасталела і скончыла каледж, мая мара здавалася мне казачным сном, чым заўгодна, але не тым, што сапраўды можа ажыццявіцца. Як бы там ні было, калі вы настойлівы – вы зможаце дасягнуць сваёй мары. Даследаванні пацвярджаюць гэта: настойлівасць і пазітыўнае мысленне прыносяць плён, калі вы, напрыклад, шукаеце працу. Я была настойлівай, і мая мара стала рэальнасцю.
Будзьце ўдзячнымі. Навукоўцы пераконваюць нас, што пачуццё ўдзячнасці павялічвае наш дабрабыт, дапамагае спаць лепш і нават карыснае для нашага сэрца. Не ведаеце, з чаго пачаць? Паспрабуйце наступныя 10 дзён кожны дзень запісваць па тры рэчы, за якія вы ўдзячныя ў канкрэтны дзень. Слабо, а?
Нават калі нічога не атрымліваецца – танчыце!
Ці спявайце, ці прыдумайце нейкі праект, ці займіцеся джогінгам. Проста зрабіце штосьці карыснае і канструктыўнае каб падбадзёрыць сябе і пазбавіцца дрэннага настрою (не, біццё посуду ў залік не ідзе, хоць часцяком мне і шкада гэтага). Пазбаўляючыся дрэннай энергіі, вы адчыняеце дзверы для добрых думак і пазітыўнага настрою, а гэта дазволіць вам адчуць нешта новае, думаць па-новаму, паглядзець на нешта з новага пункта гледжання і ўрэшце дасягнуць новага.