На фестывальнай пляцоўцы “Камяніцы” ідылічная карціна – сонейка свеціць, дзеткі кідаюцца сенам, дарослыя водзяць карагоды. Надвор’е такое, што некаторыя загараюць. Нязменны вядоўца фэсту Алег Хаменка кожную гадзіну агучвае колькасць наведнікаў: “Нас ужо 5000!” (6000, 7000). Калі на сцэну выходзіў перадапошні выступоўца, лічба ўжо перасягнула 9000. “Камяніца” – адзін з тых нешматлікіх фэстаў, які прагрэсуе і развіваецца з кожным годам. Сёлета ў праграме заяўленыя хэдлайнеры ажно з пяці краінаў, кожны з якіх па-свойму непаўторны. Тым, хто хацеў паслухаць этна-трыа “Троіца”, спазняцца не выпадала – гурт Івана Кірчука адкрываў праграму вялікай сцэны.
“Самае галоўнае тое, што ў нас ужо адпрацаваны механізм правядзення такога досыць буйнога фестывалю. Нашы задумы апраўдваюць сябе ў шэрагу момантаў, як з выступам хэдлайнера на самым пачатку. “Троіца” пачала першай, і пляцоўка фэсту была запоўненая. Можна лічыць гэта адметнасцю нашага фестывалю, бо мы не хочам ранжыраваць артыстаў, ставіць аднаго на разагрэў другога”, – кажа кіраўнік “Камяніцы” Сяргей Чагрынец. Гэты фэст для яго ўжо шосты. Усе пралікі, памылкі, недапрацоўкі каманда фэсту ўлічвае ў сваёй далейшай працы. Сёлета, напрыклад, ежы і вады хапіла ўсім і не было страшэнных чэргаў ля намётаў. Немузычная частка фэсту стала яшчэ больш разнастайнай: выставы мастакоў і фатографаў, анімацыйныя зоны, майстар-класы ды шмат чаго іншага. Сумаваць не выпадала.
На сцэне тым часам выступаюць госці з Чэхіі “Ahmed Ma Hlad”, якія выконваюць сярод іншага і беларускія народныя песні. Такую добрую завядзёнку падтрымлівае вясёлы і пазітыўны гурт з Харкава “Бандурбэнд”, які таксама пяе нашу песню “Сабралася бедна басота”. Наогул іх выступ стаў адным з самых яскравых момантаў “Камяніцы-2014”. Пры канцы сэту Юрко, які просіць называць яго не вакалістам, а “гарладзёрам”, жадае беларусам быць шчаслівымі ды шанаваць сваю мову. Фольк-панк з Украіны моцна ўразіў у тым ліку і Алега Хаменку. “У нашай фольк-музыцы якраз не стае такога падыходу, які прапанаваў “Бандурбэнд”, калі народныя спевы спалучаюцца з драйвовай гітарнай музыкай, рэпам, панкам ды яшчэ немаведама чым”.
Розгаласу нарабіў і піцерскі гурт “Отава Ё”. На думку таго ж Хаменкі, які ўдзельнічаў у падборы лайн-апу, гэтую каманду можна лічаць найлепшай у расійскай фольк-плыні. Музыкі выйшла ў майках-алкагалічках і шапках-вушанках ды зацягнулі вясёлую песню пра “мужыка камарынскага”. Адплясвалі прыблізна пад такі вось тэкст: “Золотые, удалые – не немецкие, песни русские, живые – молодецкие!”
Але беларусы таксама маюць чым здзівіць. Re1ikt накрыў фестывальную пляцоўку сваім моцным шчыльным гукам. І хоць заяўлялася, што гурт будзе граць у акустыку, праграма ў музыкаў часткова была электрычная. На шырокую публіку яны ўпершыню сыгралі “Жураўлі на Палессе ляцяць” з праекта “Re:Песняры” і новую песню “Дождж ідзець”. Kriwi асвяжылі сваё гучанне з дапамогай бітбоксера і, напэўна, сабралі максімум людзей ля сцэны падчас свайго выступу. Асабліва кранальны быў нумар, падрыхтаваны разам з дзіцячым гуртом “Рада” Ірэны Катвіцкай.
Асобная размова пра праект Shuma – галоўнае адкрыццё сёлетняй “Камяніцы”. На сцэне стаяць два суворыя хлопцы ў балахонах, адказныя за музычнае суправаджэнне, яны адцяняюць дзвюх неверагодна чароўных дзяўчат, якія пяюць сваю мантру “Зарадзі, божа, жыта”. Эфект узмацняецца за кошт відэаінсталяцыі, і ўся карціна ў цэлым выглядае магічна і прывабна. У першых шэрагах у людзей мову заняло ад захаплення.
Апошнія некалькі камандаў вымушаныя былі скараціць свае сэты – як гэта часта бывае на фэстах, графік выступаў паплыў, таму часу для выступу апошняга госця практычна не застаецца. Арганізатары вядуць перамовы з міліцыянтамі, сітуацыя робіцца досыць напружанай. Яе намагаецца разрадзіць са сцэны Алег Хаменка. Некалькі тысячаў чалавек скандуюць “Дзякуй!” на адрас міліцыі, Скрыпка вырашае рызыкнуць выйсці абсалютна без адладкі са сваім ды-джэй-сэтам. Абняўшыся з Хаменкам, яны пяюць акапэла “Ночы цёмныя” і “Горіла сосна”, пасля чаго стартуе этна-дыскатэка ў экспрэс-рэжыме. Украінскі музыка меў усяго 20 хвілін на свой выступ. Вельмі прыгожы канец фестывалю – феерверк і фінальны спеў пры канцы. Скрыпка пры падтрымцы Хаменкі выконвае “Краіну мрой” – песню, якую калісьці “Воплі Відаплясова” запісалі для праекта “Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2”. На хвалі такой эйфарыі са сцэны гучыць на развітанне: “Камяніцы-2015” быць!
Мікалай Дубавіцкі
Фота – Аляксандр Ждановіч