Сёньня свой юбілей адзначае адзін з тых музыкаў, пра якога можна казаць – мэтр, пачынальнік айчыннага рок-руху. Маю на ўвазе лідэра гурту P.L.A.N Андрэя Плясанава, якому сёньня спаўняецца 60 гадоў. Пра гэтага чалавека можна казаць бясконца, але, перш за ўсё, зьдзіўляе ягоны рэнэсансны ўнівэрсалізм. За што б не браўся Андрэй у сваім жыцьці, робіць ён гэта на самым высокім узроўні мастацкасьці і прафэсіяналізму. Гэта тычыцца ўсёй ягонай творчасьці, у тым ліку і музычнай — як кампазытара, аранжыроўшчыка, выканаўцы і гукарэжысёра…
Нагадаю, што Андрэй разам са сваёй камандай “Пінгвіны” стаў ляўрэатам першага ў Савецкім Саюзе Мінскага біт-фэсту яшчэ ў 1968 годзе, а пасьля прафэсійна працаваў у філярманічным рок-гурце, зь якім гастраляваў па краіне. Потым былі розныя жыцьцёвыя і прафэсійныя заняткі, але рок-музыка не пакідала лёс Плясанава да сёньня. Цяперака, у ролі лідэра рок-гурту P.L.A.N, Андрэй набывае яшчэ большую вядомасьць у Беларусі, робячы неацэнны ўклад у айчынную нацыянальную культуру. У пацьверджаньне гэтых слоў А. Плясанаў можа прад’явіць шэсьць альбомаў гурту P.L.A.N, кожны зь якіх – сапраўдны музычны і мастацкі канцэпт. Гэта цьвердзяць і вядучыя месцы ў айчынных гіт-парадах (як нядаўняя перамога зь песьняй “Даміно” на http://antishow.biz/index.php)…
Да таго ж, Андрэй Плясанаў – актыўны ўдзельнік беларускага культурніцкага руха, за што ўзнагароджаны Камітэтам ушанаваньня культурна-асьветнага клюбу “Спадчына” мэдалём з выявай герба “Пагоня”. Не зьлічыць яго канцэртных выступаў і ініцыятыў, у якіх музыкант бярэ чынны ўдзел. Думаю, менавіта жывы кантакт з публікай надае сіл Андрэю для творчасьці, для працы на карысьць нацыянальнай культуры.
Разам з усімі прыхільнікамі беларускай рок-музыкі віншую А. Плясанава з ягоным юбілеем – 60-годзьдзем. Так трымаць, Андрэй! Жадаю, каб усе твае песьні станавіліся гітамі, каб расла папулярнасьць гурту P.L.A.N., каб ты заставаўся прыкладам для больш маладых выканаўцаў і яшчэ шмат зрабіў для беларускай культуры.
Да сустрэчы 19 сьнежня ў 18.00 па адрасе Машэрава, 8, дзе адбудзецца прэзэнтацыя найноўшага альбому гурту P.L.A.N. – «У пошуках страчанага»