Прыглушанае святло. Сцэна паба “Брюгге”. На пярэднім плане — крэсла, за ім — барабаны, яшчэ далей — экран з вялікай застаўкай “НАВОШТА?”. Гэта не філасофская сходка, а абсурдны фестываль, дзе адказ на пытанне, навошта ўсё ўбачанае ствараецца, кожны шукае сам. Галоўнае — знаходзіць.
За першым ад сцэны столікам сядзіць маленькае кола, якое стварае вялікую паэтычную сілу. Яно і пачынае культурны вечар. Сцэна ўжо не маўчыць. Чуеш простыя словы, прыслухоўваешся — праўдзівыя: “За сваё жыццё тры жыцці ён ужо пражыў”, — гэта чытае Таццяна Нядбай.
За ёй — выступ Віктара Лупасіна. Трэба сказаць, гэта было авангардна. “Я нічога не зразумеў, але гучыць па-сучаснаму”, — чую ад кагосьці. Лупасін саскоквае са сцэны і працягвае чытаць сярод слухачоў. Авангардна па-сапраўднаму.
Тым не менш людзей становіцца ўсё болей. Каля барнай стойкі — жанчына. Пытаю:
— А вы каго чакаеце?
— Чакаю на піва і Сабіну Брыло.
Чакала нездарма. Не вершы — адна суцэльная шчырасць:
Мама сказала: разводишь шизофрению на полочках.
Повыбрасывай все, на кухне будет порядок…
Я сказала: даже тому, что никогда не понадобится,
я не могу вынести приговор: “На помойку!”
Апладзіравалі гучна.
На сцэне, побач з крэслам, ёсць і гітара. Яна для Хадановіча. Але спяваць ён будзе пазней. А пакуль Андрэй Валер’евіч чытае. Чытае павольна, бо прысутныя, кажа, “павольна слухаюць”. Не, проста вельмі ўважліва.
Наста Кудасава, пераможца конкурсу “Кніга года — 2016”, акрамя выступу расказала пра адметнасць сучаснай беларускай паэзіі:
— Я б назвала разнастайнасць адной з найбольш адметных рысаў. Сёння нельга вызначыць, што мэйнстрым, а што перыферыя. Развіваюцца і паралельна суіснуюць самыя розныя і непадобныя напрамкі. Напэўна, гэта добра.
На гэтым паэтычная частка скончылася. Перад гледачамі — тэатр, а потым — музыка. Калі вам раптам не хапіла драйву пасля выступу гурта MORKVOцвет і “Голая манашка”, значыць, вы проста не былі на фестывалі. Гэта было гучна!
“ТонкіХод” і Сяргей Пукст, канечне, развесялілі публіку, і сапраўдны абсурд можна было пабачыць на танцполе напрыканцы. Самыя стойкія (тыя, хто яшчэ быў здольны трымацца на сваіх дзвюх ад танцаў і напояў з бара) паказвалі танцавальныя майстар-класы пад гітары “.K”.
Я спытала арганізатара фестывалю “НАВОШТА?” Кацярыну Гузоўскую-Гару, а, уласна, навошта ён.
— Мы хочам, каб людзі пачалі адрозніваць сапраўды годнае і сваё. Навошта — гэта не проста пытанне. Яно заўсёды з чалавекам, які працуе ў напрамку “андэграўнд”. Вельмі цяжка патлумачыць, навошта ствараюцца верш, музыка, вобразы. Яны часта застаюцца непачутымі і няўбачанымі. Творца не атрымлівае амаль ніякіх бонусаў ні ў выглядзе, напрыклад, грошай, ні народнага прызнання. Ён проста робіць беларускі андэграўнд. І часта не ведае, навошта.
Можа, сутнасць у тым, каб людзі, выходзячы з паба, замест звыклых для ўсіх шлягераў ва ўсю крычалі беларускія песні? А лепш зрабіць так, як у канцы прапанавала Кацярына: “Давайце не будзем думаць, навошта, і будзем жыць. Будзем жыць!”. Выбар за намі.
Таццяна Ашуркевіч
Фота: Аляксандр Кісялёў