Сталі вядомыя намінанты музычнай прэміі Experty.by, якую 10 сакавіка атрымаюць найлепшыя беларускія альбомы 2014 года пры падтрымцы інтэрнэт-правайдэра “Атлант Тэлекам”.
На перамогу ў 12 намінацыях прэтэндуе 13 дыскаў. Сярод намінантаў хапае як вядомых імёнаў, гэтак і адкрыццяў. Ад Лявона Вольскага, Akute ды IOWA да вядомых пакуль толькі ў вузкіх колах Earworm, Tonqixod, Mustelide.
Намінанты абвешчаныя нестандартна – адзіным спісам без звестак пра назвы і колькасць намінацый, у якіх згадваецца кожны дыск. Пазнаёміцца з імі дапамагае адмысловая складанка. На ёй па адной кампазіцыі з кожнага намінавага альбома.
– Цягам года штатныя эксперты праекта праслухалі і ацанілі больш за 100 альбомаў, 38 з якіх атрымалі рэцэнзіі і былі пастаўленыя на галасаванне чатырох журы. То бок, сярод намінантаў няма выпадковых прац. Мы жадаем на гэтым этапе звярнуць аднолькавую ўвагу на ўсіх прэтэндэнтаў, а не толькі на тых, чые імёны згадваюцца ў намінацыях найчасцей, – тлумачыць кіраўнік праекта Experty.by Зміцер Безкаравайны.
Дакладныя шорт-лісты былі папярэдне абвешчаныя толькі ў дзвюх катэгорыях: “Найлепшы індзі-поп/электронны альбом” (Mustelide, (((O))), Vegetables) і “Найлепшы фолк-альбом” (дзе безальтэрнатыўна перамагае дыск гурта Vuraj). Але гэта не замінае гэтым працам пазмагацца за прызы і ў іншых намінацыях.
Уладальнікі ўзнагарод у большасці намінацый, у тым ліку галоўнай – “Альбом года”, вызначаюцца паводле галасоў чатырох журы. Адно з іх – журы замежных экспертаў, у межах якога найлепшыя беларускія альбомы 2014 абіралі: Барыс Барабанаў (газета “Коммерсант”, Расія), Аляксей Бандарэнка (сайт LiRoom, Украіна), Улдзіс Рудакс (газета Diena, Латвія), Анджей Бонг (сайт Suru.lt, Літва) і Дамініка Вецлавек (часопіс M/I, Польшча).
Пераможца ў намінацыі “Альбом года” атрымае рэкламна-інфармацыйную падтрымку сольнага канцэрта ад “Атлант Тэлекам”. Акрамя гэтага, падобны прыз ад грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі” атрымае ўладальнік узнагароды “Найлепшы беларускамоўны альбом”. У гэтым годзе прэмія Experty.by адбудзецца ў сёмы раз.