Штогод адна з найважнейшых секцый Мінскага міжнароднага кінафестывалю – Нацыянальны конкурс – прадстаўляе гледачам найлепшае з новага беларускага кіно. Фільмы, разнастайныя тэматычна і жанрава, з’яўляюца цікавымі як для айчыннай, так і для замежнай фестывальнай публікі. «Лістападу», які фарміруе вобраз сучаснага кінапрацэсу ў краіне, важна, каб карціны ацэньвала міжнароднае журы, здольнае вызначыць месца беларускага кіно ў кантэксце сусветнага. І ў гэты раз у склад журы ўвайшлі фестывальная агент з Францыі Паскаль Рамонда, адборшчык Венецыянскага кінафестывалю Рэната Сантора і беларускі рэжысёр Дар’я Юркевіч.
Для працы ў журы Нацыянальнага конкурсу запрашаюцца прафесіяналы з розных абласцей кінематографа: рэжысёры, прадзюсары, сцэнарысты, акцёры, кінакрытыкі, прадстаўнікі міжнародных кінафестываляў, пракатчыкі. Ацэньваючы беларускую праграму, у тым ліку па яе адпаведнасці агульнасусветным тэндэнцыям, эксперты могуць зразумець і вызначыць месца сучаснага беларускага кіно ў сферы кінематографа ў цэлым.
«Нацыянальны конкурс – для нас асобная прастора, своеасаблівая лабараторыя. Паколькі сучаснае беларускае кіно актыўна фарміруецца і толькі пачынае паварочвацца ў бок сусветнай кінаіндустрыі, яго трэба падтрымліваць і накіроўваць, а з дапамогай міжнародных экспертаў выяўляць таленты і даваць ім пуцёўку ў жыццё», – кажа праграмны дырэктар «Лістапада» Ігар Сукманаў.
Паскаль Рамонда − фестывальны агент з Францыі, якая актыўна падтрымлівае аўтарскае кіно. Мае больш чым 15-гадовы досвед працы ў міжнароднай кінаіндустрыі. Назіранне за развіццём рынку дазволіла ёй даць дарогу беспрэцэдэнтнай колькасці артхаўсных фільмаў. У 2010 годзе Паскаль Рамонда стварыла ўласную кампанію для прасоўвання і распаўсюджвання незалежнага кіно. Працавала з фільмамі такіх майстроў, як Гай Мэдзін, Джафар Панахі, Георгій Авашвілі.
Рэната Сантора − даследчык кіно і адборшчык праграмы Giornatedegli Autori («Дні аўтараў») Венецыянскага кінафестывалю. Член журы шматлікіх кінафорумаў, як выкладчык спецыялізуецца на сферы аўдыёвізуальнай адукацыі.
Дар’я Юркевіч – выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і французскай школы Le Fresnoy, аспірантка французскага ўніверсітэта Paris VIII, піша дысертацыю па сучасным мастацтве, здымае ігравое і дакументальнае кіно. Фільмы Дар’і Юркевіч з’яўляюцца ўдзельнікамі і лаўрэатамі прэстыжных міжнародных кінафестываляў, у тым ліку і Мінскага МКФ: дыпломамі Нацыянальнага конкурсу былі ўзнагароджаны яе ігравая карціна «Баба, Ваня і каза» ў 2014 годзе і дакументальная «Вялікдзень Хрыстовы» ў 2015 годзе.
Ігар Сукманаў: «Фільмы будуць ацэньваць не проста рэжысёры і фестывальныя агенты, а прафесіяналы з уласным уяўленнем аб свеце і мастацтве. Іх «двойкі» або «пяцёркі» стануць аб’ектыўнай адзнакай, паколькі яны цвяроза і прагматычна ацэньваюць сучасны кінапрацэс. У журы запрашаюцца тыя, ад каго шмат у чым залежыць паспяховы фестывальны лёс карцін. Для іх гэта добрая магчымасць нешта ў нас убачыць, а для нас – дапамагчы беларускім фільмам вырвацца за межы».
Заснавальнікі ММКФ «Лістапад» – Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт. Арганізатар «Лістапада» – Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн».
Генеральным партнёрам кінафестывалю выступае банкаўская плацежная картка «Шчодрая» Mastercard.
Афіцыйныя партнёры ̶ «Кінавідэапракат» Мінгарвыканкама, Falcon Club Буцік Кіно, авіякампанія «Белавія», «Белтэлекам», афіцыйны білетны аператар «Байкард». Пры падтрымцы Белтэлерадыёкампаніі, кінастудыі «Беларусьфільм» і рэкламнага агенцтва «Фортэ».
Прапануем аб’ядноўваць прысвечаныя 25-му кінафестывалю «Лістапад» матэрыялы і публікацыі ў сацыяльных сетках хэштэгам #listapad25 .
Сачыце за навінамі на афіцыйным сайце www.listapad.com, а таксама ў сацыяльных сетках Facebook, Instagram, УКантакце, Twitter.
Паводле прэс-рэлізу