Свой трэці альбом «Механизм» прывезлі ў Магілёў музыкі з вядомага беларускага рэгі-гурта «Addis Abeba». Зноў гурт збірае ў клубе CUBA поўную залу фанатаў музыкі рэгі, мінулым разам цёплую летнюю музыку магілёўцы маглі паслухаць зімой, амаль год таму. Цяпер музыкi «Аддис Абебы» зноў не падвялі фанатаў: у зале было весела, гучна і радасна.
Як звычайна, канцэрт пачаўся са спазненнем на гадзіну: чаргу аматараў рэгі вельмі доўга запускалі ў клуб. Але нарэшце на сцэне з’явіліся музыкі, якія для разагрэву сыгралі адну інструментальную кампазіцыю без вакаліста. Гледачы патроху падыходзілі да сцэны і пачыналі танцаваць. Бурнымі апладысментамі сустрэла зала лідара гурта – Дзiму Iванова.
Акрамя ўласных запальных песень гурт у той вечар выканаў і чужыя хіты – «Камітэт аховы цяпла», трыб’ют Цою і іншыя. Аднак ключавым момантам канцэрту стаў, вядома ж, новы дыск гурта, які выйшаў 24 верасня. Альбом гэты музыкі «Аддис Абебы» запісвалі амаль два гады, так што ён стаў сапраўды чаканым. На дыску «Механизм» 12 трэкаў: 9 новых і 3 старых.
Сфатаграфавацца з гуртом, купіць дыск і атрымаць аўтограф можна было падчас невялікага перапынку, пасля якога канцэрт працягнуўся з новай сілай. Скончылі выступ музыкі эфектна: 10-хвіліннай кампазіцыяй «Дзякуй», падзякаваўшы сваім фанатам за выдатны канцэрт, пасля чаго радасная і шчаслівая ад музыкі рэгі публіка разышлася па дамах.
Марыя Гілёва