Сумнеўнае беларускае надвор’е не здолела перашкодзіць першаму канцэрту новага сезона «Джазавых вечароў з Банкам БелВЭБ», які адбыўся 23 чэрвеня.
На ратушнай плошчы прыхільнікаў джаза гэтым вечарам чакаў выступ юнага беларускага таленту – 12-гадовага трамбаніста Іллі Кісялёва.
Завадныя гукі лацінаамерыканскага джаза ад бразільца Жаандэра Сантаса (вакал, гітара) ў суправаджэнні Minimal Groove Band (Беларусь), ахінулі гледачоў цяплом і нібыта перанеслі ўсіх прысутных з пранізлівага беларускага вечара ў сонечны Рыа.
Скончыўся вечар «Духавым батлам» Алекса Сіпягіна (труба, ЗША), Аляксея Losh Малахава (саксафон, Нямеччына), Уладзіміра Міхновіча (саксафон, Беларусь) і Дзмітрыя Бударына (трамбон, Расія – Беларусь) пры ўдзеле Premier Orchestra. Музычнай тэмай сёлетняга фестывалю была абрана адна з самых вядомых кампазіцый Майлза Дэвіса – «So What».
Яна прагучыць таксама на астатніх абодвух канцэртах «Джазавых вечароў», якія пройдуць адпаведна 30 чэрвеня і 7 ліпеня, з 20.30 да 23.00, уваход вольны.
Зарына Кандрацьева