Генеральнаму пракурору
Рэспублікі Беларусь
Р.А. Васілевічу
Адкрыты ліст
Шаноўны Рыгор Аляксеевіч!
Разумеючы ўсю вашую занятасць на высокай дзяржаўнай пасадзе, ўсё ж паспрабую прыцягнуць Вашую ўвагу да праблемы, якая, на жаль, ігнаруецца шматлікімі дзяржаўнымі органамі, у тым ліку кантрольна-рэвізійнымі, нагляднымі, праваахоўнымі. Гэта праблема парушэння нарматыўна-прававой базы Рэспублікі Беларусь у галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны.
Узнікла праблема не ўчора. Гэта падцвярджаецца шматлікімі зваротамі грамадскасці і, ў прыватнасці, нашага грамадскага аб’яднання да выканаўчых, распарадчых органаў самага рознага ўзроўню, кантрольна-рэвізійных, наглядных і праваахоўных органаў, у тым ліку, і да Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь.
Толькі напрацягу бягучага 2008 г. Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры неаднаразова інфармавала Генеральную пракуратуру пра парушэнні Закона «Аб ахове гісторыка-культьурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь», іншых нарматыўна-прававых актаў Рэспублікі Беларусь і міжнародных метадычных дакументаў, у першую чаргу пры правядзенні прац на гісторыка-культурнай каштоўнасці 1-й катэгорыі «Гістарычны цэнтр Мінска», якая ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 711Е000001.
Гэта непасрэдна тычыцца дамоў па вул. Рэвалюцыйнай, 12, 14, 17; па плошчы Свабоды, 15, 19-21 і іншых аб’ектаў, размешчаных на тэрыторыі вышэйзгаданай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Звароты Таварыства Генеральнай пракуратурай перасылалася на разгляд у Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, менавіта тыя органы кіравання, якія непасрэдна датычны да парушэнняў заканадаўства.
Унікальная сітуацыя склалася вакол будынка па вул. Рэвалюцыйнай, 17, які быў знесены дзеля будаўніцтва новага адміністрацыйнага будынку па заказе ТАА “ТаПаС”. Зварот у Генеральную пракуратуру быў пераадрасаваны ў Пракуратуру г. Мінска, адтуль у Пракуратуру Цэнтральнага раёна, адтуль у РУУС Цэнтральнага р-на, а там ужо справа была даручана ўчастковаму інспектару, які праверку правёў некампетэнтна, без вывучэння нарматыўна-прававой базы, без прыцягнення і кансультацый экспертаў-спецыялістаў, а толькі на падставе вусных суразмоўяў з прадстаўнікамі ТАА “ТаПаС” і Будтрэста № 7, прадпрыемстваў, непасрэдна зруйнаваўшых гісторыка-культурную каштоўнасць.
І не трэба асабліва напружвацца, каб зрабіць цалкам слушную выснову – парушэнняў заканадаўства ўчастковы не выявіў. Нездарма зараз “раскручваюць” слоган – “Участкавый – значит участие”. Увайшоў у стан заказчыка ды падрадчыка і нічога не выявіў.
Вялася перапіска з нагоды прафанацыі праверкі, зяўляліся матэрыялы ў прэсе. У пісьмовых паведамленнях Таварыству і ў інтэрўю “Камсамольскай праўдзе” ад імя Генеральнай пракуратуры былі абяцанні яшчэ раз разгледзіць факт парушэння заканадаўства. Праўшло тры месяцы і, – поўнае маўчанне. Мабыць замест дакладнага талкавання і выканання заканадаўства Генеральная пракуратура жыве па прынцыпах “народнай мудрасці” – абяцанага тры гады чакаюць.
А між іншым, дзякуючы пасіўнай пазіцыі пракурорскай службы, пры поўнай беспакаранасці, працэс парушэнняў Закона “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь” на тэрыторыі комплекснай гісторыка-культурнай каштоўнасці “Гістарычны цэнтр Мінска” пачынае набываць незваротны характар. Так ужо цалкам зразумела, што будынак па вул. Рэвалюцыйнай, 17 быў зруйнаваны, бо перашкаджаў узвядзенню новага збудавання. А факт гэты спецыялістамі Міністэрства культуры і Мінгарвыканаму быў трактаваны як дэмантаж аварыйных канструкцый дзеля іх рэнавацыі з новага матэрыялу.
Зруйнаваны парэшткі дамоў па вул. Рэвалюцыйнай, 12 і 14, а факт разбурэння чыноўнікі Міністэрства культуры цынічна абгрунтоўваюць п.7 артыкула 32 Закона “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”, які прадугледжвае насамарэч дыяметральна супрацьлеглае. Зруйнаваны дом па вул. Камсамольскай, 11-а, толькі намаганнямі грамадскасці ўдалося захаваць ад руйнавання фрагменты сцен другога паверха з насценнымі роспісамі 19 ст. будынка па вул. Камсамольская, 15.
Практычна ўсе земляныя работы ў Гістарычным цэнтры напрацягу 2008 г. – гэта планамернае знішчэнне культурнага пласта разам з прыкладамі ўнікальнай гарадской матэрыяльнай культуры, а самае галоўнае – гэта знішчэнне парэшткаў яшчэ недаследаванай высокашчыльнай гарадской забудовы, якія павінны з’яўляцца гістарычнай матрыцай для правядзення навукова-абгрунтаванай, як прадугледжана нацыянальным заканадаўствам і міжнароднымі методыкамі, рэканструкцыі аб’ёмна-планіровачнай структуры гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Прыклады навідавоку: і ўздоўж усёй Гандлёвай вуліцы, на плошчы Свабоды на месцы былых дамоў №№ 19-21, на тэрыторыі двароў па вул. Рэвалюцыйная і Інтэрнацыянальная, на сутыку вул. Гарадскі Вал з Інтэрнацыянальнай і Рэвалюцыйнай. А знішчэнне культурнага пласта, які, адзначу, згодна нашага беларускага заканадаўства знаходзіцца пад аховай дзяржавы, для закладкі падмуркаў і падземных камунікацый другой чаргі паркінгу па вул. Няміга праводзіцца нават не хаваючыся, з вялікім размахам, на вачах у грамадскасці і ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў.
Яшчэ раз хачу звярнуць Вашую ўвагу, што шматлікія звароты перасылаюцца на разгяд у Мінгарвыканкам і Міністэрства культуры, пры тым, што парушэнні адбываюцца на вачах чыноўнікаў гэтых ведамстваў – і ніякай рэакцыі. Можа Вы будзеце апеляваць да недахопу спецыялістаў-экспертаў у галіне заканадаўства і методык у дадзенаай галіне? Так Таварыства гатовае такіх Вам прадставіць і прадставіць дакументы, якія падцвярджаюць шматлікія парушэнні Закона “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”.
Паважаны Рыгор Аляксеевіч! Пра парушэнні можна размаўляць вельмі доўга і сістэмна, але ж хацелася б нагадаць, што органы пракуратуры павінны сачыць за выкананнем заканадаўства Рэспублікі Беларусь з боку прыватных асобаў, прадпрыемстваў, ведамстваў, упаўнаважаных органаў дзяржаўнага кіравання. І вельмі дзіўна, што пры невыкананні Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам сваіх абавязкаў па кантролю за выкананнем Закона “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь” не спрацоўвае такі механізм, як пракурорскі нагляд.
Як генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь, Вы нясеце персанальную адказнасць за працу падначаленых Вам структур, за выкананне заканадаўства Рэспублікі Беларусь, у тым ліку і Закона “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”. Не хацелася б рабіць выснову, што органы пракуратуры ўцягнуты ў працэс маніпуляцый з заканадаўствам і свядома заплюшчваюць вочы на шматлікія парушэнні, што адбываюцца на нашых, ужо нешматлікіх помніках.
Актыўная і прынцыповая пазіцыя Генеральнай пракуратуры па выкананню ахоўнага заканадаўства дапаможа прывесці сітуацыю з гісторыка-культурнай спадчынай у прававое рэчышча, чым будзе падняты прэстыж не толькі наглядных і праваахоўных органаў, але ж і ўсёй нашай дзяржавы – Рэспублікі Беларусь.
З павагай,
Старшыня Рэспубліканскай рады Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры А.Астаповіч
GSM +375 29 111 73 32
P.S. Спадзяюся, але вельмі слаба, што гэты ліст не будзе перададзены ў чарговы раз на “рэагаванне” ў Мінгарвыканкам ці Мінкульт.