14.03.2017 | "Культурызм" з Віктарам Марціновічам

Адкуль бяруцца героі. Адказ Насце Дашкевіч

Шаноўная Наста, усяго пяць тыдняў прайшло з моманту, калі вы напісалі свой ліст. Тады я паабяцаў, што неўзабаве адкажу.

Але не думаў, што за час падрыхтоўкі адказу паспее змяніцца эпоха. 5 тыдняў таму найбольшай драмай падавалася канфіскацыя машыны судовымі выканаўцамі. Цяпер, калі я пішу гэты ліст, ваш муж арыштаваны. Арыштаваны пасля Курапатаў і таго, што атачала бойку за іх спакой. І ўся краіна сачыла за ягоным лёсам.

Першапачатковая версія майго адказу была вельмі культуралагічнай. Я даводзіў, што літаратура не можа выдумляць герояў. Што калі б не было генерацыі, узгадаванай на паразе «дзекабрыстаў», не нарадзілася б прасякнутага горыччу дурня, якога, з пэўнай доляй сарказму ў назве твора, гераізаваў М. Ю. Лермантаў.

Што ў краіне без герояў вартыя даверу літаратурныя пляцоўкі для геройства — мінулае і будучыня. І што пэўным гімнам гэтаму безагляднаму тыпу смеласці з’яўляецца той фрагмент «Мовы 墨瓦», дзе Дзёгаць апавядае пра дурную спробу ўзброенай шоблы ўзяць штурмам тэлебачанне.

Але вось што. Маднявы выраз ламбер-культуролагаў «краіна без герояў» болей не пасуе да Беларусі. Я пільна праглядзеў кожную хвіліну відэастрымінгу з вуліц, які знайшоў у сеціве. Я бачыў, як бралі Лябедзьку (і што ён пры гэтым казаў), як палявалі на Севярынца, як на плошчы без лідараў (бо ўсіх узялі прэвентыўна) раптоўна нараджаліся героі, якія бралі мікрафон і адказнасць, ведаючы пра тое, што па краіне ўжо мяцеліць хапун.

Краіна без герояў?

Вось што я зразумеў пра гэтыя пратэсты, шаноўная Наста.

Людзі пакуль ідуць на вуліцы не для таго, каб браць уладу. Не для таго, каб прарываць кардоны ды валіць металаагароджу. Людзі раптам зразумелі, што той бюракратычны ды самаўпэўнены дабрабыт, які адлюстроўваецца ў самой сутнасці двухгадовага працоўнага кантракту, і іх, чалавечае, жыццё на 200 руб. неяк сутнасна не супадаюць. Па дакументах у нас жыллё для маладых, субсідыі на ЖКХ, капрамонт дома ў 2014-м і адсутнасць беспрацоўя, а ў рэале — паншчына, адкупіцца ад якой можна толькі падаткам на беспрацоўе. Яны, бач ты, кілбасу бяруць у камку ля рынкавага туалета, і ў ёй мяса зусім няма, а людзі ў пінжаках паводзяць сябе так, быццам нехта сапраўды атрымлівае 430 даляраў у месяц і проста хаваецца па разорах ад падатковай.

І вось што самае дзіўнае: ніхто з начальнікаў гэтага несупадоса не заўважае. Яны раяць ці то шукаць працу, ці то трымацца за свае 200 рублёў, калі якая праца ёсць. Па тэлебачанні быццам бы спрачаюцца трывожным тонам, але ўслухаешся — а там пра тое, як лепей бульбу лепей пырскаць, дыхлафосам ці дыхлафосам нэа.

Людзі выходзяць з кухняў і раптам бачаць, што такіх жа, не-супалых, шмат, ды што там — усе навокал! Яны пачынаюць жаліцца на жыццё і дзівяцца: іх нехта чуе! І спачувае! І пагаджаецца! Яны задаюць пытанні людзям у пінжаках і чуюць у адказ толькі, што іх сход не санкцыянаваны і яны могуць быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Насамрэч адбываецца наймацнейшае ў найноўшай гісторыі ток-шоў, першы сапраўды народны «просты эфір» на стрымінгах у сацсетках. Потым які-небудзь дзядзька ў пінжаку зноўку раскрывае рот, і народ чарговы раз усведамляе, што ўлада іх «жывы эфір» не глядзіць, у яе ёсць сваё тэлебачанне, ад якога краіне млосна. Бо там кажуць, што пратэсты арганізавала нейкая «апазіцыя» на грошы Захаду.

Чаму вашага мужа арыштавалі? Таму што ён імкнуўся дакладна да таго, пра што марыла Яся, галоўная гераіня «Возера Радасці». Ён наважыўся абараніць тых, каго болей некаму бараніць. Жывых. І мёртвых. Забітых ні за што, а потым забытых. Яся не справілася з сістэмай і зрабілася яе маўклівай ахвярай, якая адкладае грошыкі, каб адкупіцца ад «вавілонскай латарэі». Носьбіт выхаванай бездапаможнасці.

Свет «Возера Радасці» — гэта тая Беларусь, у якой мы знаходзіліся 5 тыдняў таму. Зміцер Дашкевіч, ваш муж, належыць да эпохі, якая наступае цяпер.

Яся зрабіла адзін адносна геройскі ўчынак у жыцці — наважылася адмовіцца ад размеркавання. За гэтае геройства ёй давялося плаціць да канца рамана. Плаціць выгнаннем з краіны ды стратай напаміну пра маці (насамрэч — і мы з вамі, Наста, гэта ведаем — артэфакт зусім не «адпраўляецца жыць у чужы дом»). Свет «Возера Радасці» — гэта партрэт той самай Беларусі, якая не пакідала месца для геройства. У сваім лісце вы прапануеце «геройскія» варыянты развіцця характару Ясі, уключна з шантажом бацькі. Але мы ж усведамляем: ні да чаго вартага веры гэтыя адгалінаванні не прывялі б. У мясцовыя саветы яе не пусцілі б, а кружок у сельклубе хутка ператварыўся б у зборышча цётак складанага лёсу, якія за самаварам разважаюць аб пастаральным эратызме «Цёмных алеяў» Івана Буніна.

У мяне як у аўтара не было шанцу зрабіць з Ясі змагарку, у якой нашая генерацыя пазнала б хаця б што знаёмае. Бо усе нашы папярэднія перамогі — як тыя мандаты на апошніх выбарах у ППНС. У Беларусі, якая скончылася раманам «Возера Радасці», геройства атаясамлівалася з бедакаватасцю.

Герояў жорстка каралі і хутка забывалі.

«У краіне, адкуль я родам, так шмат паталагічных няўдачнікаў. Хранічных самотнікаў. Спадчынных песімістаў. Яны змірыліся з думкай, што дапамогі чакаць няма адкуль. Што тыя, ад каго чакаеш выратавання, цябе даб’юць. Прычым так склалася гістарычна. Пакаленне за пакаленнем. І вось яны жывуць. Расчараваныя ў героях, якіх яны забівалі ці адсылалі ў выгнанне. У Богу, у дабрыню якога перасталі верыць. Бо праваслаўныя тапілі ў крыві каталікоў і ўніятаў, каталікі — язычнікаў і праваслаўных. І ўсё гэта — у імя Бога. Які ж Бог пасля гэтага добры?»

Другую Беларусь, якую мы цяпер бачым на плошчах, прыдумалі не мы, літаратары.

Яе нарадзілі вы — чытачы.

Нарадзілі менавіта таму, магчыма, што добра разглядзелі беспаветраны свет «Возера Радасці» і не захацелі надзяляць яго будучыняй. Тая Беларусь счапляецца ў жывы ланцуг, калі біцюгі ў цывільным спрабуюць уцягнуць паплечніка. Тая Беларусь крычыць «ганьба» ў твар пагрозам затрымання. Тая Беларусь прыкоўвае сябе кайданкамі да МАЗаў, каб не даць спаганіць памяць забітых.

Я быў бы рады засведчыць, што эпоха «Возера Радасці» ніколі не вернецца ў Беларусь. Але кропку тут зноўку будуць ставіць не пісьменнікі, а чытачы.

 

Віктар Марціновіч


2 Каментаў у “Адкуль бяруцца героі. Адказ Насце Дашкевіч”

  1. ганна says:

    як казаў адзін журналіст “за сваю доўгую кар’еру я зразумеў, што адмоўныя персанажы не заўсёды адмоўныя, а героі не заўсёды станоўчыя”.
    давайце не будзем рабіць герояў з аднаго ці двух чалавек. я люблю і паважаю Дашкевіча, але не хачу яму долі героя. не хачу героя ў выглядзе пэўнай асобы для нашай краіны. людзі столькі разоў рабілі герояў і столькі разоў потым расчароўваліся ў іх. мы ж з вамі ведаем так, як мала хто ведае…
    мне падабаецца, што ў акцыях і маршах зараз, як і піша спадар Марціновіч, кожны герой, кожны гатовы падабраць мікрафон з рук яшчэ адной ахвяры хапуна і заняць яго месца. я шчыра спадзяюся, што такі светлы парыў нас, нашых людзей не будзе выкарыстаны ні ўладай, ні апазіцыя для сваіх асабістых мэтаў. хачу верыць, што апазіцыя вырвецца са свайго маргінальнага кола прыхільнікаў і далучыцца да людзей, падтрымае іх і паставіць іх інтарэсы на першае месца.

  2. Olya says:

    чем меньше человек соприкасается с государством, тем меньше государство интересуется человеком. Почему-то Ясю( из Озера Радости) абсолютно не волновало то, что она учится на бюджетном отделении , но просто шокировало то, что государство взыскивает долг за обучение. Не нравится распределение-не учись в долг. Это не политика-это финансовая безграмотность
    Царевна-Яся не может жить в глуши без метро(или чего там еще-нужное вставить). Ну а то, что народ в деревнях живет как в 15 веке (печное отопление и отсутствие водопровода) Ясю мало волнует, у нее столично-европейское мышление и ей явно не место среди всего этого. А если бы Ясе папа дал денег заплатить за обучение и она жила бы в Минске и работала “в телевизоре”, то вопрос был бы исчерпан? Государство было бы хорошим?
    а вот Дашкевич возможно и о политике, о защите тех, кто не может защитить себя, но он и Яся-это не про то же самое.
    Кто будет героем-это абсолютное право автора, а вот согласиться с этим или нет-это право читателя

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика