Як пеў класік кантры Джоні Кэш:
Мы часта чуем,
Як кажуць людзі:
Калі грошы здабудзем,
То і шчасце ў нас будзе.
І хаця далейшы змест песні даводзіць, што шчасце не ў грошах, цяжка адмаўляць, што фінансаванне – важная справа як для грамадскай арганізацыі, так і для навукоўца. З гэтай нагоды варта падумаць над заснаваннем Фонду адраджэння беларускай мовы, які б мог фінансаваць пракеты ў гэтай сферы ў Беларусі і ў прылеглых краінах. Але пакуль такога фонду няма, разгледзім у гэтым нарысе спіс найбольш вядомых грантадаўцаў у сферы моў у небяспецы.
Спачатку колькі слоў пра тэрмін “мовы ў небяспецы”. Такім чынам тут перадаецца ўстойлівае англійскае спалучэнне “endangered languages”. Першае слова гэтага спалучэння можна перакласці і як “той, што знахозіцца пад пагрозай знікнення”, напрыклад у гаворцы пра біялагічныя віды ці мовы. Аднак нагэтулькі згушчаць фарбы неяк не хочацца.
Але вернемся да грошай. Спецыяльнага даследавання для гэтага нарыса не праводзілася (хаця гэта інфармацыя даступна), але здаецца, што па фінансаванне ў прыведзеныя ніжэй фонды часцей звяртаюцца даследчыкі ці носьбіты моў з зусім невялікай колькасцю носьбітаў, беспісьменных моў, моў гэтак званых абарыгенных народаў. На гэтым фоне можа стаць сорамна прасціь грошы на падтрымку мовы, якая з’яўляецца дзяржаўнай. Ну што ж, спачатку можна звярнуцца па фінансавую дапамогу ў дзяржаўныя структуры, а даследчыкі могуць паспытаць шчасця ў айчынных праграмах фінансавай падтрымкі.
Магчыма, і грантадаўцы здзівяцца з просьбы падтрымкі праекта, звязанага з дзяржаўнай мовай, якой валодаюць мільёны чалавек. Гэта якраз можна выкарыстаць на сваю карысць і паспрабаваць зацікавіць фонд нашай спецыфічнай сацыялінгвістычнай сітуацыяй.
Грошы могуць выдаткоўвацца на дакументаванне моў і на іх адраджэнне. Першае неабходна, бо значная частка моў у небяспецы беспісьменная Такім чынам, калі на такой мове перастаюць размаўляць, яна назаўжды страчваецца для чалавецтва.
Адзначаецца, што зараз вялікія гранты ў асноўным даюць на праекты па дакументаванні. У нас з дакументаваннем усё, на першы погляд, у парадку. Але, з іншага боку, задумаемся, ці задакументавана ў нас лексіка і фанетыка рэальнага маўлення беларускамоўных гараджан, ці праведзены, скажам, фанетычныя даследаванні “трасянкі”? А калі апошні раз перавыдаваўся дыялекталагічны атлас? Такім чынам, і ў гэтым накірунку можна штосьці паспрабаваць. А можа быць, вы ўвогуле ведаеце пра існаванне якога-небудзь недаследаванага дыялекта беларускіх перасяленцаў у Амазонію?..
У інфармацыі для заяўляльнікаў можна сустрэць тэрміны грант і стыпендыя (fellowship). Пэўныя крыніцы адзначаюць, што гранты выдаюцца арганізацыям, а стыпендыі – аднаму чалавеку, які рэалізуе праект самастойна. Але ў іншых крыніцах тэрмін грант можа выкарыстоўвацца і ў дачыненні да фінансавай падтрымкі аднаго чалавека.
Далей прыводзіцца спіс фундацый, куды можна звярнуцца па фінансаванне. Гэты спіс, натуральна, не поўны. У прыватнасці, у яго не ўвайшлі фонды, якія закончылі праграмы падтрымкі моў у небяспецы некалькі год таму (але яны могуць распачаць іх зноў). Не пазначаны і праграмы, якія шчыльна звязаныя з пэўнымі рэгіёнамі. На прыведзеных сайтах можна азнаёміцца з падрабязнай і найбольш актуальнай інфармацыяй – умовы фінансавання могуць мяняцца.
Firebird Foundation for Anthropological Research Inc. (Фундацыя для правядзення антрапалагічных даследаванняў “Файрбёрд”. Прапануюцца стыпендыі для навукоўцаў і мясцовых жыхароў для збору вуснай літаратуры і традыцыйных экалагічных ведаў. Гэта могуць быць рытуальныя тэксты, лячэбныя песні і песні ўвогуле, паэмы, казкі, міфы, легенды, гістрарычныя апавяданні, успаміны, моўныя гульні і г.д. (тосты не згадваюцца). Сума – да 10 тысяч даляраў ЗША. Заяўкі прымаюцца 4 разы на год.
Foundation for Endangered Languages (Фундацыя для моў у небяспецы). Прапануюцца сумы ў памеры каля адной тысячы даляраў ЗША. У 2014 выдаткавана каля 15 тысяч даляраў.
Gesellschaft für bedrohte Sprachen (GbS) (Таварыства дапамогі мовам у небяспецы). Прапануецца фінансаванне на дакументаванне і падтрымку моў і дыялектаў. Можна звяртацца па падтрымку часткі праекта. Сума – 1,5 тысячы еўра максімум. Таксама маецца праграма спонсарскай падтрымкі праектаў, яе памер – да 2 тысяч еўра на праект.
The Endangered Languages Fund (ELF) (Фонд для моў у небяспецы). Грошы выдаюцца на дакументаванне і адраджэнне моў як даследчыкам і носьбітам моў, так і арганізацыям з любой краіны. Спецыяльна адзначаецца, што акадэмічная падрыхтоўка заяўляльніка не абавязковая. Мова, на якую скіраваны праект, мусіць быць пад моцнай пагрозай знікнення (на працягу 1 – 2 пакаленняў). Сярэдняя сума гранта – 2 тысячы даляраў ЗША, максімум – 4 тысячы. Прафінансаваныя праекты могуць атрымаць Прэмію Ізенберга за дакументаванне моў былога СССР.
The Genographic Legacy Fund (Фонд спадчыны праекта “Генаграфія”). Выдаткоўваюцца штогадовыя гранты на захаванне і адраджэнне абарыгеннай ці традыцыйнай культуры. Канкрэтней, фінансаванне можна атрымаць на дакументаванне традыцыйнай мовы, твора вуснай літаратуры ці цырымоніі, на стварэнне вучэбных матэрыялаў і праграм, заснаванне мясцовага музея ці архіва, на арганізацыю перадачы ведаў ад старэйшага пакалення малодшаму, на захаванне пэўных месцаў ці артэфактаў. Перавага аддаецца праектам, кіраўнік якіх з’яўляецца прадстаўніком мясцовага насельніцтва ці моцна звязаны з ім. Сума – да 25 тысяч даляраў ЗША.
The Hans Rausing Endangered Languages Project (Праект падтрымкі моў у небяспецы Ханса Раўсінга). Выдае гранты і стыпендыі розных фарматаў на дакументаванне моў. Мэта – задакументаваць як мага больш моў свету. За 10 гадоў вылучана больш 11 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў на 300 праектаў, у прыватнасці, у 2013 годзе было выдаткавана 1,4 мільёны фунтаў.
The National Science Foundation (NSF) and the National Endowment for the Humanities (NEH) Documenting Endangered Languages (DEL) program (Праграма дакументавання моў у небяспецы Нацыянальнай навуковай фундацыі і Нацыянальнага фонда гуманітарных дысцыплін). Гранты і стыпендыі выдаткоўваюцца на дакументаванне моў. У 2013 годзе 28 праектаў атрымалі агульнае фінансаванне 3,7 мільёнаў даляраў ЗША.
Ёсць спецыяльны падручнік па напісанні праектаў на моўную тэматыку як увогуле, так і канкрэтна для гэтай арганізацыі.
Wenner-Gren Foundation (Фонд Веннэр-Грена). Гэта арганізацыя прапануе шырокі спектр стыпендый і грантаў для навукоўцаў у галіне антрапалогіі. Напрыклад, у год прапануюцца дзве стыпендыі на зняцце этнаграфічнага фільма сумай да 40 тысяч даляраў ЗША.
Такім чынам, поспехаў вам, але абавязкова пракансультуйцеся з юрыстам і вывучыце заканадаўства аб замежнай дапамозе (інакш хутка зразумееце, што шчасце не ў грошах, і што ў небяспецы могуць быць не толькі мовы), у прыватнасці:
Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №24 ад 28 лістапада 2003 года “Аб атрыманні і выкарыстанні замежнай дармовай дапамогі”,
Пастанову Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 верасня 2010 года “Аб парадку рэгістрацыі, ўліку, атрымання і выкарыстання замежнай дармовай дапамогі” са змяненнямі і дапаўненнямі,
Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №460 ад 22 кастрычніка 2003 года “Аб міжнароднай тэхнічнай дапамозе, якая прадастаўляецца ў Рэспубліцы Беларусь” са змяненнямі і дапаўненнямі.
Калі гэта вас датычыць, то атрымайце юрыдычную кансультацыю і вывучыце заканадаўства не толькі па замежнай дапамозе, напрыклад, Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №300 ад 1 ліпеня 2005 года “Аб прадастаўленні і выкарыстанні дармовай (спонсарскай) дапамогі”.
Дзяніс Тушынскі,
намеснік старшыні ТБМ
tbm-mova.by