Калі вермахт у верасні 1939 года напаў на Польшчу, немцы марылі пра лёгкую прагулку. І з першага жа дня вайны атрымалі сямідзённую абарону Вестэрплятэ ў Данцыгу. Для палякаў тая абарона стала легендай. Калі вермахт напаў на СССР, немцы марылі пра лёгкую прагулку. І з першага жа дня вайны атрымалі агонь Брэсцкай крэпасці. Для ўсяго свету гэтая абарона стала легендай.
Захоп Чэхаславакіі ў 1938-39 гадах стаў для вермахта той самай лёгкай прагулкай. І таму гісторыя капітана Карэла Паўліка легендай не стала. Але ўсё ж такі мне хочацца расказаць пра яго.
Ваенная кар’ера афіцэра маладой арміі Чэхаславакіі Карэла Паўліка паспяховай не была. Нарадзіўшыся ў сяле Градава Стржымеліцэ ў 1900 годзе, у 1900 ён пачаў цягнуць вайсковую лямку, у 1923 скончыў ваеннае вучылішча і выпусціўся ў чыне падпаручніка. Праз два гады малады чалавек навесіў пагоны паручніка, і на тым шанцаванне скончылася – у гэтым сціплым званні Паўлік пратырчаў 9 год. Магчыма, не без падставы – у характарыстыцы камандзіра 8-га Сілезскага палка прозвішча Паўліка суправаджалася такімі эпітэтамі, як “легкадумны”, “павярхоўны”, “не паддаецца выхаванню” і “схільны да празмернасцяў”. На фоне гэтых пахвальных рысаў нават небяспечнае “надта цікавіцца палітыкай” крамолай не выглядала, да 30-х гадоў Чэхаславакія засталася адзінай краіна ва Усходняй Еўропе, дзе насамрэч працавалі дэмакратычныя механізмы. Ёсць сведчанні, што ўсе негатыўныя рысы Карэла Паўліка былі абумоўленыя няўдалым шлюбам – жонка дабрадзейнымі паводзінамі не вылучалася, і на нервы паручніка Паўліка гэта ўздзейнічала няважна. Так ці інакш, пасля разводу справы афіцэра пайшлі ўверх, і, атрымаўшы капітана ў 1935 годзе, у 1938 ён ўжо быў прадстаўлены да звання маёра.
Аднак батальёнам так і не пакамандаваў. Мы памятаем 1938 год як год “здрады саюзнікамі інтарэсам Чэхаславакіі на Мюнхенскай змове” і цалкам упускаем той факт, што дапамагаюць тым, хто сам сабе дапамагае. А Чэхаславакія, у якой была армія, што мала чым саступала тагачаснаму вермахту, і магутная лінія абароны на мяжы, супраціўляцца не рызыкнула ад слова “зусім”. Зразумеўшы гэта, заходнія дэмакратыі вырашылі Гітлеру не перашкаджаць, і чэхі без вайны страцілі пятую частку тэрыторыі, 66% вугалю, 80 працэнтаў металургіі і 70 працэнтаў крыніцаў электраэнергіі.
Пасля такога жорсткага супраціву чэшскага кіраўніцтва, народа і арміі Гітлер зразумеў, што з краінай можна заканчваць. Упэўнены ў поспеху, фюрэр не стаў нават ладзіць цырк з чарговай міжнароднай канферэнцыяй і “абаронай інтарэсаў нямецкага насельніцтва”. Прэзідэнта Эміля Гаху з сям’ёй проста выклікалі ў Берлін і запрасілі ў рэйхсканцылярыю. У ноч на 14 сакавіка 1939 года жонка Гахі атрымала ад нямецкіх уладаў велізарны букет кветак, дачка – шакалад асабіста ад Гітлера, а сам прэзідэнт – загад зрабіць Чэхаславакію германскім пратэктаратам. Гаха ўпарціцца не стаў. І вермахт неадкладна ўвайшоў у Чэхаславакію. Афіцэрам арміі было загадана не супраціўляцца. Дысцыплінаваныя чэхі загад выканалі. Амаль усе.
Вечарам 14 сакавіка ў Чаянкавых казармах 3-га батальёна 8-га Сілезскага палка, у горадзе Містэку, было неспакойна. Казармы толькі што пакінулі салдаты-славакі, якія ад’ехалі на ўсход – будаваць светлую будучыню ў “незалежнай” Славакіі пад кіраўніцтвам епіскапа Цісо (у 1947 годзе за калабарацыянізм ён будзе павешаны). Байцы чакалі чагосьці вельмі нядобрага. І яно не з’явілася.
Калі ў Містэк увайшлі немцы, яны не разлічвалі ні на які супраціў – Судэты-1938 нібы намякалі, што біцца нашчадкі гусітаў не будуць. Таму, прыйшоўшы да Чаянкавых казармаў, салдаты вермахта проста абяззброілі вартавых, дзяжурнага афіцэра і ветліва прапанавалі астатнім скласці зброю. Складаць, дарэчы, не было асабліва чаго – у байцоў было крыху патронаў і дзве ўпакоўкі ручных гранатаў. Таму афіцэры вырашылі, што здача будзе адзіным варыянтам.
А капітан 12-й кулямётнай роты Карэл Паўлік не вырашыў. Што дакладна ён адказаў на загад камандзіра батальёна здацца, невядома. Але хутчэй за ўсё папера гэтых словаў не сцярпіць. Пасля чаго Паўлік загадаў выкінуць нямецкіх парламенцёраў на вуліцу і заняць абарону. “Нічога не бойцеся, хлопцы! Мы выстаім!” (To nic, hoši, nebojte se! Tyzmů žeme!) – і яму падпарадкаваліся. Бой за Чаянкавы казармы пачаўся.
Чэхаў было 95 чалавек (салдаты іншых ротаў паслухалі сваіх больш практычных афіцэраў і страляць не сталі), з іх, па розных крыніцах, да 40 неабстраляных навічкоў. Зброя – вінтоўкі і ручныя кулямёты, дзве ўпакоўкі гранат. Немцаў – не менш за 1200 чалавек, пры артылерыі, танкетках і бронеаўтамабілях. Так што ўзяць Чаянкавы казармы планавалі сходу. Але першая атака правалілася. Нацысты перагрупаваліся і пачалі другую атаку, прыкрываючыся бронеаўтамабілем. Бронеаўтамабіль яны страцілі, атака захлынулася. Чэшская бранявая паўрота ў складзе ўзводу танкетак і ўзводу бронеаўтамабіляў у баі ўдзелу не брала – камандзір, падпаручнік Хейніш, быў дысцыплінаваным ваенным і без загаду вышэйшых афіцэраў у бой уступаць не жадаў. Астатнія афіцэры рабілі што маглі – абрывалі тэлефон у спробах датэлефанавацца да камандзіра палка палкоўніка Эліяша.
Тым часам немцы спрабавалі прабіць сцены казарм з 37-міліметровых пушак. Але казармы будаваліся ў ХІХ стагоддзі, яшчэ ў часы Аўстра-Венгрыі. А як тады будавалі, можна даведацца, пагаварыўшы з будаўнікамі, напрыклад, у Львове. Тыя часцяком жаляцца, што свердлы не бяруць сцяну ў час рамонту і ломяцца. Нямецкія снарады хутчэй за ўсё не ламаліся, але і прабіць нічога не маглі. Тады была трэцяя атака, але і яна захлынулася. Прыкладна ў той час афіцэры ўсё ж такі датэлефанаваліся да палкоўніка Эліяша, і ён перадаў Карэлу Паўліку катэгарычны загад скласці зброю. Паўлік гэты загад катэгарычна праігнараваў.
Узяць казармы ў немцаў не атрымлівалася, але патроны і гранаты ў чэхаў хутка скончыліся. Толькі пасля гэтага капітан Паўлік, ацаніўшы абставіны, прыняў рашэнне здавацца, сказаўшы байцам “Спыніць агонь!” (Zastavte palbu!)
Бой, якім капітан Паўлік ратаваў гонар чэхаў, не каштаваў яму жыцця ніводнага з падначаленных – пяць ці шэсць салдатаў атрымалі няцяжкія раненні. Немцы страцілі каля 24 забітых і параненых. Карэл Паўлік разам з іншымі афіцэрамі палка трапіў у палон (але ганаровы – іх папросту правялі ў найбліжэйшую піўную залу). Паводле некаторых дадзеных, нямецкія афіцэры нават запрасілі Паўліка на бяседу, дзе ён нібы абвясціў тост “Наступная сустрэча ў Берліне”. Помсціць баявому капітану афіцэры вермахта не сталі – немцы ўмелі цаніць мужнасць. Параненых чэшскіх салдатаў немцы размясцілі ў шпіталі, Паўлік пасля банкету паехаў пад хатні арышт.
Пасля Карэл Паўлік успамінаў, што, пачынаючы сваю вайну, ён разлічваў на тое, што яго падтрымаюць суседнія часткі, і “Чаянкавы казармы стануць дэтанатарам”, ад якога пойдзе выбух па ўсёй краіне. Але дэтанатар не спрацаваў, бой у Містэку стаў адзіным ва ўсёй Чэхіі.
Далейшае не сакрэт. Чэхія стала пратэктаратам Багемія і Маравія да 1945 года, армія спыніла сваё існаванне. Паўлік з акупантамі супрацоўнічаць не стаў і пайшоў у жакеі на іпадроме (за выдатную верхавую язду яго адзначалі яшчэ тады, калі ён цягнуў дзевяцігадовую лямку паручніка). Безумоўна, афіцэр не здолеў застацца ўбаку ад чэшскага Супраціву – спачатку ўдзельнічаў у працы арганізацыі “Za Vlast”, якая перапраўляла чэшскіх ваенных на Захад. Потым вырашыў змагацца больш актыўна, пераехаў у Прагу і ўступіў у шэрагі “Абароны нацыі” (Obrana národa), якая рыхтавала ўзброенае паўстанне супраць нацыстаў. У 1942 годзе Карэл быў паранены і трапіў у гестапа. Як сцвярджаюць некаторыя гісторыкі, ад смяротнага пакарання яго выратаваў афіцэрскі сход 87-га палка – менавіта ён штурмаваў у 1938 годзе Чаянкавы казармы. У выніку капітан апынуўся ў Маўтхаўзене. 26 студзеня Карэл Паўлік быў застрэлены аховай за аказанне супраціву.
У камуністычнай пасляваеннай Чэхаславакіі Карэла Паўліка на п’едэстал уздымаць не сталі. Афіцэру пасмяротна далі званне маёра, а ў 1947 годзе выбілі медаль для ўдзельнікаў абароны Чаянкавых казарм. Пасля “аксамітнай рэвалюцыі” герою было прысвоенае званне палкоўніка in memoriam, у 1999 годзе ён атрымаў медаль “За мужнасць” (Za hrdinství). Наколькі памятаюць Паўліка ў сучаснай Чэхіі, я дакладна не ведаю – магу меркаваць толькі па артыкуле аб ім у чэшскай Вікіпедыі, якая мае 8 радкоў і ніводнага здымку.
За гады Другой сусветнай вайны ў Чэхаславакіі з’явілася мноства герояў. Былі Ёзэф Грабчык і Ян Кубіш, што забілі пратэктара Рэйнхарда Гейдрыха. Было Пражскае паўстанне. Быў палымяны Юліус Фучык. Але ў 1939 годзе чалавек, які падняў зброю за свабоду і гонар краіны, быў толькі адзін. І, далібог, ён заслугоўвае памяці.
Дзяніс Буркоўскі