“Агенты А.Н.К.Л.” (ЗША, 2015)
Рэйтынг: 16+
Жанр: шпіёнскі баявік, камедыя, прыгоды
Працягласць: 116 мінут
Рэжысёр – Гай Рычы (“Карты, грошы, два ствалы”, “Вялікі куш”, “Шэрлак Холмс”, дзве часткі)
У ролях: Генры Кавіл, Армі Хамер, Алісія Вікандэр, Элізабет Дэбікі, Х’ю Грант.
Прэм’ера ў Мiнску: 13 жніўня 2015.
Здаецца, што звышчалавек ў дзіўным касцюме паступова саступае пазіцыі шпіёнам усіх масцей і калібраў. Ці то гледачы ўжо насыціліся чалавекам-павуком, новым чалавекам-павуком, чалавекам-мурашом ды iншымi недачалавекамi. Ці то напружаная палітычная атмасфера абудзіла большы інтарэс да нашых разведчыкаў і іх шпіёнаў, але ў гэтым годзе “Агенты А.Н.К.Л.” – чацвёртая з шасці буйных прэм’ер шпіёнскіх стужак. “Кінгсмэна”, прыгоды Ітана Ханта і Мелісы Макарці, мы ўжо паглядзелі, “Шпіёнскі мост” з Томам Хэнксам і новую частку бандыяны ўбачым восенню. Таму і новы фільм Гая Рычы прапусціць нельга ніяк.
З 2011 года, калі па сусветным пракаце добра прабеглася другая частка “Шэрлака Холмса” з Робертам Даўні-малодшым у галоўнай ролі, пра рэжысёра не было чуваць. І вось ён вяртаецца на вялікія экраны ў кампаніі з культавым у свой час брытанскім серыялам “The Man From U.N.C.L.E.” Узяўшы за аснову вобразы паўзабытых у Брытаніі і незнаёмых для нас герояў, Гай Рычы зняў, па сутнасці, прыквел тэлехіта пра знаёмства амерыканца Напалеона Сола і савецкага грамадзяніна Іллі Куракіна.
Дзеянне адбываецца ў 60-х гадах мінулага стагоддзя, у разгар халоднай вайны. Але пагроза таго, што ядзерная зброя можа аказацца зусім не ў тых руках, вымушае ЦРУ і КДБ аб’яднаць сілы сваіх найлепшых агентаў. Так саманадзейнаму стылягу Напалеону і суроваму рамантыку Іллі давядзецца ратаваць свет у кампаніі прыгожай дзяўчыны-аўтамеханіка Габі.
Зразумела, што хлопцы не могуць не памерацца сілаю, ведамі ў моднай вопратцы і шпіёнскімі прыладамі па апошнім слове тэхнікі. Апошнім для 60-х, зразумела. Зусім не дзіўна бачыць некаторую перавагу савецкага агента, калі памятаць сімпатыю Рычы да рускіх персанажаў. Памятаеце Барыса Брытву?
“Развесістая клюква” тут прыносіць вельмі салодкія плады. Міфы і стэрэатыпы пра рускіх і амерыканцаў абыграныя смешна і зусім не крыўдна.
Але, успамінаючы былое, кажуць, што Гай Рычы ўжо не той. Што пры Мадоне такога не было і г.д. Так, такога драйва і яскрава ненарматыўных дыялогаў мы, напэўна, ужо ад пастаноўшчыка не ўбачым. Затое фірменны гумар на месцы. Рычы наўмысна смакуе цэлыя сцэны там, дзе іншыя абышліся б пяццю секундамі. Затое жарты атрымліваюцца вытрыманымі і ад таго больш смачнымі, як марачнае віно. Запомніце гэтыя словы падчас элегантнага пікніка ў грузавіку.
Чаго-чаго, а элегантнасці ў стужцы хапае. Гераіні дэфілююць у самых розных уборах з аксесуарамі. Стыльным касцюмам Напалеона пазайздросціць любы мужчына, можа, акрамя толькі Джэймса Бонда. Любоўна адноўленыя інтэр’еры таго часу, відовішчныя гарадскія і прыродныя пейзажы радуюць вока і падтрымліваюць Яе Вялікасць Атмасферу.
Асобнай згадкі заслугоўваюць музычныя кампазіцыі Дэніэла Пембертана. Такую поўную адпаведнасць гукавога і відэараду можна было бачыць у “Інтэрстэлары” і “Шалёным Максе”.
Але бюджэт у “Агентаў” быў сціплейшы, і гэта адчуваецца, асабліва пад канец фільма. Не хапіла эпічнасці і пачуцця пагрозы. Гэта ўсплывае ўжо пасля таго, як схлынуць першыя эмоцыі. І калі, успомніўшы самыя файныя жарты і выдатныя моманты, пачнеш складаць гісторыю ў цэлым. Той жа “Кінгсмэн”, пры ўсёй сваёй парадыйнасці, выклікаў большы дыскамфорт і небяспеку.
Дубляж зноў пакідае жадаць лепшага. Мала таго, што акцэнт Іллі Куракіна ніяк не перадалі, праз што ён выглядае трохі, прабачайце, тармазнута, дык яшчэ ўзнікла трывалае пачуцце, што па фірменных дыялогах Гая Рычы перакладчыкі месцамі прайшліся не пяром, а тапаром.
Супермэн з Генры Кавіла атрымаўся не ідэальны, а вось яго Напалеону Сола хочацца пляскаць у далоні з першых кадраў. Вытанчаны, прыгожы, прывабны для жанчын і небяспечны для ворагаў. Напэўна, пасля Дэніэла Крэйга роля агента 007 будзе Кавілу ў самы раз.
Таксама яскрава сыграла Алісія Вікандэр (“Сёмы сын”, “З машыны”). І ў строі ад Дыёра, і ў замасленай спяцоўцы яна выглядае прыгожай і жаноцкай. Яе Габі атрымалася харызматычнай, яскравай і нечакана вельмі моцнай.
Зусім іншая справа – Элізабет Дэбікі. Яе гераіня таксама прывабная і модна апранутая. Але калі Габі з першага погляду вызывае прыхільнасць, то Элізабет нават і не стараецца хаваць сваю драпежнасць. Хітрая, як змяя і крыважэрная, як тыгрыца.
У выніку маем стыльную стужку пры малым бюджэце ад маэстра жанру. Нетыпова тонкі для блакбастараў гумар, адметныя акцёры, драйвовыя пагоні, захапляльныя італьянскія і не толькі віды – нядрэнны набор аргументаў для паходу ў кінатэатр.
Вольга Шкрадзюк