12.04.2017 | Гісторыя Літаратура

«Акоў паломаных жандар»: што пісалі пра «гарадавых» Янка Купала, Якуб Колас і Багушэвіч

Як нядаўна сказала начальства, у Мінску з’явілася новае «святое месца» — помнік гарадавому.

Ён пастаўлены каля Міністэрства ўнутраных справаў да стагоддзя міліцыі.

Пакуль «святасць» праяўляецца толькі ў тым, што за накладанне на яго рук (а роўна як і за падыманне на яго ног) спасцігае неадкладная кара.

Святым ці не, але такі аб’ект як помнік мусіць быць, прынамсі, аб’ектам культурным. Гэта значыць, стаць часткай шырокага палатна нацыянальнай культуры. Тым больш, што паліцыя, часткай якой былі гарадавыя, і беларускі нацыянальны рух, часткай якога ёсць культура, сто гадоў таму былі звязаныя самым непасрэдным чынам.

Гарадавы, увасабленне парадку і спакою Расійскай імперыі, пачатак ХХ стагоддзя.

Вось і захацелася пашукаць сляды гарадавых у творах класікаў нацыянальнай літаратуры.

Але тут ёсць праблема: у пачатку ХХ стагоддзя літаратура наша была пераважна вясковай, а гарадавыя дзейнічалі ў горадзе. І сутыкацца з імі лірычны герой мог толькі трапіўшы туды. Як дзядзька Антось з Коласавай «Новай зямлі», які шукаў у вялізнай і заблытанай Вільні зямельны банк:

Шукае дзядзька наш, як Бога,
Ў людской галдзе гарадавога.
А вось і ён! стаіць плячысты
І погляд кідае празрысты;
Стаіць, як той пастух над статкам,
І наглядае за парадкам —
На тое ж горад і губерня.
Тут з тратуара дзядзька верне,
Ідзе, за брыль здалёк бярэцца,
«Дзень добры» кажа, як вядзецца,
Яшчэ крок бліжай падступае,
Аладку-шапку падымае.
— Скажыце, як мне ў банк папасці?
Мне па зямельнай трэба часці.
— А вось як пойдзеш, чалавеча,
Таму касцёлу насустрэчу,
Там будзе вуліца направа, —
Пачаў казаць служака бравы, —
Ты правай вуліцы трымайся,
А там другога запытайся,
І скора банк той будзе блізка.
Скланіўся дзядзька яму нізка,
Бо надта ж добрым паказаўся,
І так ён дзядзьку спадабаўся,
Што калі будзе ўсё шчасліва,
То вып’е з ім хоць пару піва
І з’есць з ім разам кусок сала;
І весялей зноў дзядзьку стала.

Нездарма гэты прыклад мы падаём першым. Гэта, бадай, адзіны яскравы станоўчы вобраз гарадавога ў класічнай беларускай літаратуры.

Станоўчы аж настолькі, што тыя радкі можна было б выбіць на помніку, каб не нізкаваты пастамент. Дый, відаць, сучасныя гарадавыя не ў захапленні ад ідэі есці сала і піць піва з падазронымі беларускамоўнымі дзядзькамі ў шапках-аладках.

Таксама гарадавы ў паэме не мінскі, а віленскі. Праўда, і да Мінска ёсць геаграфічная прывязка: не забываймася, што сваю паэму «Новая зямля» Якуб Колас часткова напісаў у мінскай турме — цяпер СІЗА №1 па вуліцы Валадарскага, зусім непадалёк ад помніка гарадавому.

Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас) быў арыштаваны як удзельнік несанкцыянаванай уладамі акцыі — з’езда настаўнікаў.

Магчыма, яшчэ адна прычына такога мяккага стаўлення Якуба Коласа да віленскіх гарадавых — цёплыя ўспаміны з часоў маладосці і працы ў «Нашай Ніве»:  толькі гарадавы мог падказаць, дзе ноччу нелегальна купіць гарэлкі ў дарэвалюцыйнай Вільні.

Далей усё значна горш. Ужо не такім светлым паўстае вобраз ахоўніка парадку ў вершы «Гарадавы і яго сын», апублікаваны ў сатырычным часопісе «Крапіва» ў 1912-м (старонка 6):

— Каб так грошы дзе ўкрасці
Ды у карк каму накласці
Ці мне гэта, тата, можна?
— Можна, толькі асцярожна.
…— А цішком і асцярожна
Сказаць «воля», «прагрэс» можна?
Э! Ты здумаў штось нячыста…
Марш ў участак, анархіста!

Пасквіль, у якім гарадавы паказаны не ўвасабленнем парадку і спакою на вуліцах горада, а карупцыянерам і душыцелем прагрэсу быў падпісаны псеўданімам «Крыкун».

Беларускі драматург Леапольд Родзевіч тройчы арыштоўваўся органамі польскага і савецкага правапарадку.

Спецыялісты аднак высветлілі, што за ім хаваўся яшчэ адзін аўтар «першай беларускай газеты з рысункамі» Леапольд Родзевіч (арыштаваны ў 1938, згінуў у савецкай турме).

А яшчэ адна нашаніўская аўтарка Цётка апісала выпадак, як нейкі франт падманам завалодаў табельнай зброяй гарадавога:

Алаіза Пашкевіч (Цётка), актывістка незарэгістраванай арганізацыі — Беларускай сацыялістычнай грамады.

Цёткa. Рaзyмныя ды нe нa дypня пaпaлi

У Вapшaвe пaлiцыя ўнaдзiлacя тpacцi людзeй нa вyлiцax. Ідзe caбe чaлaвeк cпaкoйнa, paптaм бaц! — вaтaгa пaлiцэйcкix i кpыкнe: «Рyкi ўвepx!» I пaйшлa pыццa пa кiшэняx, нe мяpкyючы, як cвiння ў гapoдзe. Дoбpa, як пycтa! Алe як мaeш якyю зaбapoнeнyю пaпepкy, гaзeткy, a кpый бoжa pэвaльвep — нy пoйдзe тapмacaвaннe aд aднaгo ўчacткa дa дpyгoгa, цягaюць aд Анaпaшa дa Кaнфaшa, пaкyль нe вывяжэшcя, нe пycцiш тyмaнy ў вoчы «xpaнiцeлям пapaдкy» aбo нe пaшмapyeш як cлeдye cвяpбячыx пaльцaў.

Кaб дoўгa нe paзвaдзiццa, cкaжy кopaткa пpa aднo здapэннe.

Ідзe caбe вyлiцaй бyнчyчны пaн. Аж тopк пaлiцыя: «Рyкi ўвepx!» — кpычыць. Пaн шypцiць дa кiшэнi, гaдзiннiк y aднy pyкy, пapтмaнкy ў дpyгyю, i, як бyceл з pacпyшчaнымi cкpыдлaмi, тaк ён з пaднятымi pyкaмi cтaў i cмяeццa пepaд paзгнeвaным зaкoнaм. А зaкoн, знaкaм тым пaлiцэйcкiя, cяpдye, пpoce i ўcё пpыглядaeццa дa пapтмaнкi, як дa дынaмiтy aбo бoмбы, тoлькi з блiзшaй мэты.

Пepaшyкaлi, пepaтpэcлi — пycтa! Алe ўcё-тaкi вядyць дa ўчacткa. Пpывялi, пacтaвiлi пepaд пpыcтaвaм. Адзiн з гapaдaвiкoў вымae pэвaльвep-бpaўнiнг з cвaёй кiшэнi i кaжa: «Вocь гacпaдзiн, a вocь — ягo pэвaльвep»,— i з гэтымi cлoвaмi пaлaжыў ягo нa cтoл. Пpыcтaў пaдcкoчыў дa пaнa ды дaвaй: «Кaк ты cмeeш, бyнтaўшчык, нaciць apyж’e бeз paзpaшэння нaчaльcтвa? Я вaм пaкaжy!» — i тычa кyлaк пaд нoc пaнy.

Алe тyт пaн з cвaёй cтapaны acpoжыўcя, aдчынiў пapтмaнэ, выняў пicyлькy i кaжa: «Вы нe мaeцe пpaвa мянe лaяць, бo я мaю дaзвaлeннe нaciць. Вoт янo, чытaйцe! А pэвaльвep мoй вяpнiцe мнe нaзaд». Зa pэвaльвep гapaдaвoгa ды ў кiшэнь. «Нe мaю тoлькi чacy,— кaжa,— a тo б нa вac пacкapдзiўcя кyды тpэбa…» I выйшaў, cмeючыcя. Пpыcтaў нaкiнyўcя нa гapaдaвoгa зa тoe, штo пpывёў фpaнтa з paзpaшэннeм. А гapaдaвы злaвaў y дyшы, штo пpывёў фpaнтa з paзpaшэннeм, aлe бeз pэвaльвepa. Фpaнт пacвicтывaў caбe, iдyчы вyлiцaй. Чaмy нe cвicтaць: pэвaльвep нaйлeпшaгa кaлiбpy, вapтacць pyблёў з двaццaць пяць, caм, як з вaдoю, пpыплыў. А cмex? Смex? Авeчкa cяpoд вaўкoў, a вaўкi aнi чэп!

За сто гадоў быў выпрацаваны надзейны механізм прадухілення падобных інцэдэнтаў: цяпер наўрад ці той франт выйшаў бы з пастарунка так проста. Ён жа яўна лаяўся там матам!

І гэтаму ёсць два сведкі з ліку ніжэйшых чыноў. Цікава, што ў беларускай традыцыі гарадавога часам называлі «гарадавік»—

гэтае слова сустракаецца ў рамане Цішкі Гартнага «Сокі цаліны»: «За столікам, пустым і брудным, сядзеў нейкі паліцэйскі чын — не то гарадавік, не то жандар».

І вось тут, бадай, вычэрпваецца колькасць гарадавых-гарадавікоў на літаратурных старонках. (Можа, чытачы падкажуць у каментарах, калі я нейкага забыўся.)

Затое ўраднікаў, якія дзейнічалі на вёсцы і ў мястэчку, дзе ўзрастала большасць класікаў нашай літаратуры, у творах процьма.

Для яснасці патлумачым: ураднік — той жа ніжэйшы паліцэйскі чын, што і гарадавы, толькі не ў гарадской, а ў павятовай паліцыі.

І ўжо бацька нашай літаратуры Францішак Багушэвіч фіксуе проста-ткі абуральныя факты нешанавання цёмным народам прадстаўнікоў улады:

Францішак Багушэвіч — удзельнік незаконных узброеных фарміраванняў у 1863—64 г.

Прыходзім у двор, — той начальнік ёсць тут.
Выходзе да нас, апрануўшы сурдут,
Пытаецца так: «А за што вы, рабяты,
Урадніка здулі, ледзь трапіў дахаты?»
«За тое, — мы кажам, — што надта ён ласы:
Што любе яечню, курэй і кялбасы;
Унадзіўся надта ён лазіць па хатах
Ды нюхаць, каторай муж служа ў салдатах;
Свіннёй гаспадара у нашым гародзе,
Праз дзверы улазе, праз вокны выходзе;
Ды надта цікавы, каторы што мае,
Не то што у свірны, ў кішэнь заглядае;
…Ён гад, каб пісаць, а рабіць ніц не робе,
А нам ён дык так, як той кашэль хваробе!»

Не дзіва, што верш называецца «У астрозе» і правапарушальнікі ў фінале нясуць пакаранне ў выглядзе заключэння пад варту.

А вось той жа Якуб Колас глыбока пранікае ва ўнутраны свет аднаго з ураднікаў у апавяданні «Соцкі падвёў»:

Важна ходзіць па мястэчку ўраднік, пакручваючы рыжыя вусы. Пры баку ў яго целяпаецца трапло-шабля, чырванеюць шнуры і наплечнікі і блішчаць на сонцы наваксованыя боты. Ён толькі што прыехаў на службу; у яго галаве мітусяцца тысячы думак, — думак аб тым, як звясці крамолу. Яму здаецца, што ён выкрыў «праступнае саобчаства», захапіў лісты, рэвольверы й бомбы, і ўсё гэта даставіў да начальства. Яму даюць павышэнне, пасылаюць у горад, робяць акалодачным, потым прыставам, а потым… і пашоў наш ураднік у гару, як цыган па драбінах на неба. Пры гэтым ураднік аж засмяяўся сам сабе і ляснуў рукамі па сваіх тоўстых кумпякох.

І ах: залішняе службовае рвенне падвяло ўрадніка: ён «выкрыў» замест агітатара-сацыяліста заезджага чарнасоценца. Чарнасоценцы сто гадоў таму былі ў фаворы, мелі дзяржаўную падтрымку і легальную партыю. Чытаеш і думаеш: дзякуй богу, хоць нейкі прагрэс за сто гадоў.

Але чым далей — тым болей блытаніны: гарадавыя, ураднікі, стражнікі, жандары — усіх безадказна ссунулі ў адну купу пісьменнікі. Асабліва не пашанцавала жандарам — іх імя стала шырокім і назоўным, хоць па высачайшай задуме таксама мусіла быць увасабленнем парадку і спакою.

Наўрад ці вы будзеце здзіўленыя, калі даведаецеся, што фінальны верш быў забаронены як у часы гарадавых, так і ў часы іх савецкіх міліцэйскіх нашчадкаў.

Янка Купала

Акоў паломаных жандар,
Сліўнём зарыўшыся ў нару,
Сядзіць расейскі чынадрал,
«Слуга оцечаству, цару».

Ён сніць былую моц і шыр:
Цары, царыцы, цэрквы, трон,
Пагромы, катаргі, Сібір…
О, Русь, прымі раба паклон!

Табе такой служыць па гроб
Не кіну я, і «расцярзаць»
Не дам дзяржаўнасці «оплот»,
Цябе, «единую», о, маць!

Здарма ж двуглавы твой арол
Праз векі ў кіпцюрах трымаў
Мільёны ўбогіх хат і сёл,
Рабоў мільёны?.. Нездарма!

У твой ланцуг былі, о Русь,
Уплецены з усіх бакоў
Украйна, Польшча, Беларусь
і сотня іншых «языкоў».

Цяпер, што бачу я кругом?
Пасад маўклівы збуран скрозь…
Рэспублікі!? Ды з «языком»
З іх лезе кожная ўсур’ёз.

А ты, о рускі мой «язык»!
Мой «обшчарускі», што з табой?
Табе слухмян быў мал, вялік,
Быў славен ты сваёй кляцьбой.

Табой сам самадзержац цар
Пісаў ланцужны свой закон,
Што маці-Русь есі жандар
Усёй Еўропы!..

і свой сон
Сніць далей гэты царадвор,
Калі надыдзе яму дзень,
ізноў пад лёзгат царскіх шпор

Свой распасцерці чорны цень.
Ён, гэты скінуты сатрап,
Не знае, што ў свабодзе жыць;
Яму дай вісельню, дый каб

На ёй «языкі» ўсе ўшчаміць.
Не па нутру, як смерць, яму,
Што беларускае дзіцё
Бяжыць у сцюжную зіму

У школку пазнаваць жыццё.
Спужаўся, што хлапчук ў лапцёх,
Напоўадзеты вёскі сын,
У роднай мове ўчыцца змог?..

О, стыдна, рускі «гражданін»!
Язык твой царскі ён табе
Не выража, спакойны будзь!
Цябе тваім жа у кляцьбе
Ён не забудзе памянуць.

Былых не выклічаш вякоў
І ты, Масквы кароннай гразь,
Парваных не скуеш акоў,
З якой брахнёю не вылазь!

Сяргей Мікулевіч, Наша Ніва


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика