Гурт “Akute ” з Магілёва сёння ўсё часцей у музычнай прэсе называюць найлепшым з сучасных. Карэспандэнт budzma.org сустрэўся з Раманам Жыгаравым (Р) і Стасам Мытнікам (С), каб даведацца пра тое, чым і як гурт збіраецца парадаваць прыхільнікаў у бліжэйшай будучыні і што музыкі думаюць пра канкурэнтаў.
Добры дзень! Хацелася б адразу спытаць пра ваш новы альбом – кажуць, вы ўжо яго запісваеце. Як поспехі?
Р: Так, мы пачалі запіс, і цяпер гатовыя два трэкі — «Спi» і «Кроў бы вада». Усяго трэкаў плануецца 10. Дарэчы, будзе нават адзін мядляк. Нас увогуле асобна прасілі запісаць мядляк, і ён будзе называцца «Зорка». Сцiпленька так: Akute — «Зорка».
А сінгл выпускаць збіраецеся?
С: Магчыма, менавіта з ужо напісаных двух песняў і будзе сінгл.
Р: Выхад яго плануем у лютым. Але гэта будзе так, інтэрнэт-рэліз.
А чаму не на дысках?
Р: А навошта? Я наогул не бачу сэнсу цяпер штампаваць нешта на дысках. Нават першы альбом мы адразу выклалі ў інтэрнэт, таму што хаваць яго няма прычынаў. Хоць пасля ён быў выдадзены легальна кампаніяй «Вігма». Мы дарэчы цяпер на чацвертым месцы па продажах дыскаў гэтай кампаніі. Ну там, пасля Алесі, вядома. Я сур’ёзна!
Які ў новага альбома канцэпт?
Р: Пасля першага альбома мы пачалі пісаць крыху іншыя песні. Я б сказаў, што ў іх ужо няма такога рамантычнага космасу, а ёсць dead space. Гэта ўжо больш прыземлены альбом.
С: Наш другі альбом — гэта як бы зрэз цяперашніх нас. Калі гурт выпускае альбом, ты бачыш, што адбываецца з ім там, унутры.
Р: Мы таму так хутка і прыступілі да запісу новага альбома: каб паказаць, што адбываецца з намі цяпер. Калі гурт гадоў 5 «надрачвае» на альбом, у выніку слухачы атрымліваюць прадукт, па якім цалкам зразумела, што гэта не проста састарэла, але і саміх музыкаў ужо дастала. Таму мы не бачым сэнсу цягнуць ні з запісамі, ні з канцэртамі.
Свой першы альбом вы пісалі дзён пяць. І які ў вас падыход да запісу песняў, што вы так хутка спраўляецеся?
Р: Мы пішам усё спачатку на тэлефон, потым доўга слухаем ў храновай якасці і нешта мяняем. У мяне на тэлефоне ўжо альбомы на тры хопіць усякіх нашых напрацовак. А на запісе нешта выдумляць – навошта? Мы ўсе прадумваем на рэпетыцыях. А пішам максімум два-тры дні. Я бас на альбом за дзве гадзіны накатаў.
Ці запланаваная хоць прыблізна дата яго выхаду?
С: Не. Мы з першым альбомам планавалі нешта, і ўсё роўна ўсё атрымалася не так. Чым менш плануеш, тым лепш выходзіць. І хутчэй. Я вось пасля першага альбома думаў, што такая цягамоціна з другім будзе — гэта ж і час, і грошы — але вось ужо некалькі месяцаў прайшло, і дзве песні ёсць. Нават не думаў, што будзе так хутка.
Ці не затратна матацца ў іншыя гарады з канцэртамі?
Р: Пакуль гэта цалкам акупляецца. Мець гурт — гэта даволі дорага, асабліва калі ты не забіваеш на яго болт. Некуды з’ездзіць, адыграць канцэрт — гэта ўсё каштуе грошай. Мы цяпер выйшлі на той узровень, калі сваіх грошай ужо не трацім, але і жыць з гэтага не жывем.
С: Я наогул не памятаю, каб мы калісьці трацілі на гэтае свае грошы …
Р: Ну як гэта? Я разы тры струны сабе купляў. Сам! 200 тысяч за 4 штукі!..
Якія з сучасных беларускіх гуртоў вам цікавыя?
Р: Ну вось нам «Петля Пристрастия» падабаецца. Гралі з імі, яны крутыя. А так, напэўна, больш нікога і не слухаем. «Разбітае сэрца пацана» хіба што яшчэ. Крутыя таварышы, вельмі нават. З імі таксама часцяком граем апошнім часам. Мне ў РСП асабліва «Палюбіла гопаря» падабаецца. Мы ўвогуле на яе кавер зробім.
С: Я таксама асабліва нічога не слухаю. І праўда, «Петля…» хіба што. Хоць другі альбом неяк міма мяне прайшоў — нічога не магу сказаць пра яго, проста не маё.
Размаўляла Марыя Гілёва